Выхад 4 разьдзел
Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І адказваў Майсей і сказаў: а калі яны не павераць мне і не паслухаюцца голасу майго і скажуць: не зьявіўся табе Гасподзь?
Адказваючы, сказаў Майсей: «А што, калі не павераць мне і не пачуюць голас мой, але скажуць: “Госпад не з’явіўся табе”»?
І сказаў яму Гасподзь: што гэта ў руцэ ў цябе? Ён адказваў: посах.
Сказаў тады Ён яму: «Што трымаеш у руцэ сваёй?» Адказаў: «Кій».
Гасподзь сказаў: кінь яго на зямлю. Ён кінуў яго на зямлю, і ператварыў посах у зьмея, і Майсей уцякаў ад яго.
І сказаў Госпад: «Кінь яго на зямлю!» Кінуў, і ператварыўся ён у змяю, так што Майсей пачаў уцякаць.
І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю і вазьмі яго: і ён зрабіўся посахам у руцэ ягонай.
І сказаў Госпад: «Выцягні руку сваю і схапі за хвост яе!» Выцягнуў ён руку і схапіў, і ператварылася ў кій.
Гэта ўсё на тое, каб паверылі, што зьявіўся табе Гасподзь, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагамаў, Бог Ісаакаў і Бог Якаваў.
«Каб паверылі, — кажа, — што з’явіўся табе Госпад, Бог бацькоў іх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба».
Яшчэ сказаў яму Гасподзь: пакладзі руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху, выняў яе, і вось рука ў яго пабялела ад праказы, як сьнег.
І сказаў Госпад ізноў: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Пасля таго як ён паклаў руку за пазуху, выняў ён яе пакрытаю праказай, быццам снегам.
Сказаў: пакладзі зноў руку тваю сабе запазуху. І ён паклаў руку сваю сабе запазуху; і выняў яе з-за пазухі сваёй, і вось, яна зноў зрабілася такая самая, як цела яго.
Сказаў Ён: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Паклаў ён і выняў зноў, і яна была падобная да другой рукі.
Калі яны не павераць табе і не паслухаюцца голасу першай азнакі, дык павераць голасу азнакі другой;
«Калі не павераць, — кажа, — табе і не паслухаюць слоў першага знака, павераць слову знака наступнага.
калі ж не павераць і гэтым дзьвюм азнакам і не паслухаюцца голасу твайго, дык вазьмі вады з ракі і вылі на сухое; і вада, узятая з ракі, зробіцца крывёю на сушы.
Бо калі нават двум гэтым знакам не павераць і не пачуюць голас твой, вазьмі ваду з ракі і вылі яе на сухую зямлю, і што б ні вычарпаў ты з ракі, ператворыцца яно ў кроў».
І сказаў Майсей Госпаду: о, Госпадзе! чалавек я не гаваркі, і такі самы быў і ўчора і заўчора, і калі Ты пачаў гаварыць з рабом Тваім: я цяжка гавару і гаркавы.
Сказаў Майсей: «Прабач, Госпадзе, я не красамоўны ад учора і заўчора, і нават ад [часу], калі гаворыш з рабом Сваім, бо даволі непаваротлівы і марудны язык мой».
Гасподзь сказаў: хто даў вусны чалавеку? хто робіць нямым, альбо глухім, альбо відушчым, альбо сьляпым? ці ня Я Гасподзь?
Сказаў яму Госпад: «Хто стварыў вусны чалавека? Або хто зрабіў чалавека нямым або глухім, або відушчым, або сляпым? Ці не Я?
дык вось ідзі, і Я буду пры вуснах тваіх, і навучу цябе, што табе гаварыць.
Дык ідзі, а Я буду ў вуснах тваіх; і навучу цябе, што гаварыць».
Сказаў: Госпадзе! пашлі іншага, каго можаш паслаць.
А ён адказаў: «Малю Цябе, Госпадзе, пашлі [іншага], каго маеш паслаць».
І загарэўся гнеў Гасподні на Майсея, і Ён сказаў: хіба няма ў цябе Аарона брата, Лявіцяніна? Я ведаю, што ён можа гаварыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе і, убачыўшы цябе, зарадуецца ў сэрцы сваім;
Угнявіўшыся, сказаў Госпад Майсею: «Аарон, брат твой, левіцянін, ведаю, што ён красамоўны; вось, ён сам выходзіць табе насустрач і, бачачы цябе, узвесяліцца ён сэрцам.
ты будзеш яму гаварыць і ўкладваць словы ў вусны ягоныя, а Я буду пры вуснах тваіх і пры вуснах ягоных і буду вучыць вас, што вам рабіць;
Гавары з ім і ўкладвай словы Мае ў яго вусны; а Я буду ў вуснах тваіх і ў яго вуснах і пакажу вам, што вы павінны рабіць.
і будзе гаварыць ён замест цябе да народу; дык вось, ён будзе тваімі вуснамі, і ты будзеш яму замест Бога:
За цябе ён будзе гаварыць з народам, і ён будзе вуснамі тваімі; а ты будзеш яму як Бог.
і посах гэты вазьмі ў руку тваю; ім ты будзеш тварыць азнакі.
Таксама вазьмі ў руку сваю кій гэты, якім будзеш учыняць знакі».
І пайшоў Майсей, і вярнуўся да Ётора, цесьця свайго, і сказаў яму: пайду я, і вярнуся да братоў маіх, якія ў Егіпце, і пагляджу, ці жывыя яны яшчэ? І сказаў Ётор Майсею: ідзі зь мірам.
Пайшоў Майсей, і вярнуўся да цесця свайго Етры, і сказаў яму: «Прашу цябе, пайду я і вярнуся да братоў сваіх у Егіпет, каб паглядзець, ці жывуць яны дагэтуль». Етра сказаў яму: «Ідзі ў супакоі».
І сказаў Гасподзь Майсею ў зямлі Мадыямскай: ідзі, вярніся ў Егіпет, бо памерлі ўсе, хто шукаў душы тваёй.
Вось, сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Егіпет; бо памерлі ўсе, хто шукаў душу тваю».
І ўзяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, пасадзіў іх на асла і выправіўся ў зямлю Егіпецкую. І посах Божы Майсей узяў у руку сваю.
Узяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх і пасадзіў іх на асла; і вярнуўся ў Егіпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй.
І сказаў Гасподзь Майсею: калі пойдзеш і вернешся ў Егіпет, глядзі, усе цуды, якія Я даручыў табе, зрабі перад абліччам фараона; а Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца ягонае, і ён не адпусьціць народу.
І калі ён вяртаўся ў Егіпет, сказаў яму Госпад: «Глядзі, каб усе знакі, якія змясціў Я ў руцэ тваёй, учыніў ты перад фараонам; а Я зраблю цвёрдым сэрца яго, і ён не адпусціць народ.
І скажы фараону: так кажа Гасподзь: Ізраіль ёсьць сын Мой, першынец Мой;
І ты скажаш яму: “Гэта кажа Госпад: “Ізраэль ёсць сын Мой першародны.
Я кажу табе: адпусьці сына Майго, каб ён учыніў Мне служэньне; а калі ня пусьціш яго, дык вось, Я заб’ю сына твайго, першынца твайго.
Я кажу табе: “Адпусці сына Майго, каб ён служыў Мне; а калі не хочаш яго адпусціць, то Я заб’ю твайго першароднага сына”».
Па дарозе на начлезе здарылася, што сустрэў яго Гасподзь і хацеў усьмерціць яго.
І калі ён быў у дарозе, у час начлегу спаткаў яго Госпад і хацеў яго забіць.
Тады Сэпфора, узяўшы каменны нож, абрэзала крайнюю плоць сыну свайму і, кінуўшы да ног ягоных, сказала: ты жаніх крыві ў мяне.
Адразу Сэфара ўзяла востры камень і абрэзала крайнюю плоць сына свайго; і дакранулася да ног яго, і сказала: «Ты мне жаніх крыві».
І адышоў ад яго Гасподзь. Тады сказала яна: жаніх крыві — па абразаньні.
І адпусціў яго, пасля таго як яна сказала: «Ты жаніх крыві», з-за абразання.
І Гасподзь сказаў Аарону: ідзі напярэймы Майсею ў пустыню. І ён пайшоў, і сустрэўся зь ім на гары Божай, і пацалаваў яго.
І сказаў Госпад Аарону: «Ідзі насустрач Майсею ў пустыню». Ён пайшоў насустрач яму на гару Божую і пацалаваў яго.
І пераказаў Майсей Аарону ўсе словы Госпада, Які яго паслаў, і ўсе азнакі, якія ён наказаў.
І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, з якімі Ён яго паслаў, і пра ўсе знакі, якія Ён уручыў.
І пайшоў Майсей з Ааронам, і сабралі яны ўсіх старэйшынаў сыноў Ізраілевых,
І прыйшлі яны разам, і сабралі ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля.
і пераказаў Аарон усе словы, якія гаварыў Гасподзь Майсею, і зрабіў Майсей азнакі на вачах у народа,
І сказаў Аарон усе словы, якія сказаў Госпад Майсею, і ўчыніў знакі ў прысутнасці народа.
і паверыў народ; і пачулі, што Гасподзь наведаў сыноў Ізраілевых і ўбачыў пакуты іхнія, і схіліліся яны і пакланіліся.
І паверыў народ, і пачулі, што Госпад наведаў сыноў Ізраэля і што заўважыў смутак іх; і, схіліўшыся, яны памаліліся.