Выхад 4 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І адказаў Майсей, і сказаў: «А калі яны не павераць мне і не паслухаюць голасу майго, бо скажуць: “Не зьявіўся табе ГОСПАД”?».
Адказваючы, сказаў Майсей: «А што, калі не павераць мне і не пачуюць голас мой, але скажуць: “Госпад не з’явіўся табе”»?
І сказаў яму ГОСПАД: «Што гэта ў руцэ тваёй?» Ён адказаў: «Кій».
Сказаў тады Ён яму: «Што трымаеш у руцэ сваёй?» Адказаў: «Кій».
І сказаў: «Кінь яго на зямлю». І ён кінуў яго на зямлю, і стаўся ён зьмеем, і ўцякаў Майсей ад яго.
І сказаў Госпад: «Кінь яго на зямлю!» Кінуў, і ператварыўся ён у змяю, так што Майсей пачаў уцякаць.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю і схапі яго за хвост!» І выцягнуў ён руку сваю, і схапіў яго, і ён стаўся кіем у далоні ягонай.
І сказаў Госпад: «Выцягні руку сваю і схапі за хвост яе!» Выцягнуў ён руку і схапіў, і ператварылася ў кій.
«Гэта каб паверылі, што зьявіўся табе ГОСПАД, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба».
«Каб паверылі, — кажа, — што з’явіўся табе Госпад, Бог бацькоў іх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба».
І сказаў ГОСПАД яму яшчэ: «Улажы руку тваю ў заўлоньне тваё». І ён улажыў руку сваю ў заўлоньне сваё, і выняў, і вось, рука ягоная пракажоная, як сьнег.
І сказаў Госпад ізноў: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Пасля таго як ён паклаў руку за пазуху, выняў ён яе пакрытаю праказай, быццам снегам.
І сказаў: «Улажы зноў руку тваю ў заўлоньне тваё». І ён улажыў зноў руку сваю ў заўлоньне сваё. І выняў яе з заўлоньня свайго, і вось, яна ізноў як цела ягонае.
Сказаў Ён: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Паклаў ён і выняў зноў, і яна была падобная да другой рукі.
«І станецца, што калі яны не павераць табе і не паслухаюць голасу першага знаку, дык павераць голасу знаку апошняга.
«Калі не павераць, — кажа, — табе і не паслухаюць слоў першага знака, павераць слову знака наступнага.
І станецца, што калі не павераць таксама двум гэтым знакам і не паслухаюць голасу твайго, возьмеш з ракі ваду і выльеш на сухую зямлю, і станецца, што вада, якую ты возьмеш з ракі, станецца крывёй на сухой зямлі».
Бо калі нават двум гэтым знакам не павераць і не пачуюць голас твой, вазьмі ваду з ракі і вылі яе на сухую зямлю, і што б ні вычарпаў ты з ракі, ператворыцца яно ў кроў».
І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «О Госпадзе мой, я — чалавек невымоўны і ўчора, і пазаўчора, і цяпер, калі Ты гаворыш да слугі Свайго, бо я [маю] цяжкія вусны і цяжкі язык».
Сказаў Майсей: «Прабач, Госпадзе, я не красамоўны ад учора і заўчора, і нават ад [часу], калі гаворыш з рабом Сваім, бо даволі непаваротлівы і марудны язык мой».
І сказаў ГОСПАД яму: «Хто даў вусны чалавеку? Хто робіць немым або глухім, або відушчым, або сьляпым? Ці ня Я, ГОСПАД?
Сказаў яму Госпад: «Хто стварыў вусны чалавека? Або хто зрабіў чалавека нямым або глухім, або відушчым, або сляпым? Ці не Я?
І цяпер ідзі; і Я буду з вуснамі тваімі, і навучу цябе, што маеш гаварыць».
Дык ідзі, а Я буду ў вуснах тваіх; і навучу цябе, што гаварыць».
І сказаў [Майсей]: «О Госпадзе мой! Пашлі, прашу, [другога], каго маеш паслаць».
А ён адказаў: «Малю Цябе, Госпадзе, пашлі [іншага], каго маеш паслаць».
І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Майсея, і Ён сказаў: «Ці ж няма Аарона, брата твайго, Лявіта? Я ведаю, што ён, гаворачы, [добра] гаворыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе, і ўбачыць цябе, і ўзрадуецца ў сэрцы сваім.
Угнявіўшыся, сказаў Госпад Майсею: «Аарон, брат твой, левіцянін, ведаю, што ён красамоўны; вось, ён сам выходзіць табе насустрач і, бачачы цябе, узвесяліцца ён сэрцам.
І ты будзеш гаварыць да яго і ўкладаць словы ў вусны ягоныя; і Я буду з вуснамі тваімі і з вуснамі ягонымі, і буду вучыць вас, што вам рабіць.
Гавары з ім і ўкладвай словы Мае ў яго вусны; а Я буду ў вуснах тваіх і ў яго вуснах і пакажу вам, што вы павінны рабіць.
І будзе ён гаварыць замест цябе да народу. І ён будзе вуснамі тваімі, а ты будзеш яму як Бог.
За цябе ён будзе гаварыць з народам, і ён будзе вуснамі тваімі; а ты будзеш яму як Бог.
І возьмеш у руку тваю кій гэты, якім зробіш знакі».
Таксама вазьмі ў руку сваю кій гэты, якім будзеш учыняць знакі».
І пайшоў Майсей, і вярнуўся да Етра, цесьця свайго, і сказаў яму: «Пайду і вярнуся да братоў маіх, якія ў Эгіпце, і пагляджу, ці яны яшчэ жывыя?» І сказаў Етра Майсею: «Ідзі ў супакоі».
Пайшоў Майсей, і вярнуўся да цесця свайго Етры, і сказаў яму: «Прашу цябе, пайду я і вярнуся да братоў сваіх у Егіпет, каб паглядзець, ці жывуць яны дагэтуль». Етра сказаў яму: «Ідзі ў супакоі».
І сказаў ГОСПАД Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Эгіпет, бо памерлі ўсе людзі, якія шукалі душы тваёй».
Вось, сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Егіпет; бо памерлі ўсе, хто шукаў душу тваю».
І ўзяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, і пасадзіў іх на асла, і вярнуўся ў зямлю Эгіпецкую. І ўзяў кій Божы ў руку сваю.
Узяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх і пасадзіў іх на асла; і вярнуўся ў Егіпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Калі пойдзеш, каб вярнуцца ў Эгіпет, глядзі, каб усе цуды, якія Я ўлажыў у руку тваю, ты зрабіў іх перад фараонам. А Я зраблю цьвёрдым сэрца ягонае, і ён не адпусьціць народ.
І калі ён вяртаўся ў Егіпет, сказаў яму Госпад: «Глядзі, каб усе знакі, якія змясціў Я ў руцэ тваёй, учыніў ты перад фараонам; а Я зраблю цвёрдым сэрца яго, і ён не адпусціць народ.
І скажы фараону: “Гэтак кажа ГОСПАД. Сын Мой, першародны Мой — Ізраіль.
І ты скажаш яму: “Гэта кажа Госпад: “Ізраэль ёсць сын Мой першародны.
Я кажу табе: "Адпусьці сына Майго, каб ён служыў Мне. А калі адмовішся адпусьціць яго, вось, Я заб’ю сына твайго, першароднага твайго"”».
Я кажу табе: “Адпусці сына Майго, каб ён служыў Мне; а калі не хочаш яго адпусціць, то Я заб’ю твайго першароднага сына”».
І сталася ў дарозе, у [месцы] начаваньня пераняў яго ГОСПАД і шукаў забіць яго.
І калі ён быў у дарозе, у час начлегу спаткаў яго Госпад і хацеў яго забіць.
І ўзяла Цыпора крэмень, і абрэзала скуравінку сына свайго, і дакранулася да ног ягоных, і сказала: «Бо ты мне жаніх крыві».
Адразу Сэфара ўзяла востры камень і абрэзала крайнюю плоць сына свайго; і дакранулася да ног яго, і сказала: «Ты мне жаніх крыві».
І адступіў [Госпад] ад яго. Тады яна сказала: «Ты — жаніх крыві праз абразаньне».
І адпусціў яго, пасля таго як яна сказала: «Ты жаніх крыві», з-за абразання.
І сказаў ГОСПАД Аарону: «Ідзі насустрач Майсею ў пустыню». І ён пайшоў, і пераняў яго на гары Божай, і пацалаваў яго.
І сказаў Госпад Аарону: «Ідзі насустрач Майсею ў пустыню». Ён пайшоў насустрач яму на гару Божую і пацалаваў яго.
І пераказаў Майсей Аарону ўсе словы ГОСПАДА, Які паслаў яго, і ўсе знакі, якія Ён загадаў яму [зрабіць].
І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, з якімі Ён яго паслаў, і пра ўсе знакі, якія Ён уручыў.
І пайшлі Майсей і Аарон, і сабралі яны ўсіх старшыняў сыноў Ізраіля.
І прыйшлі яны разам, і сабралі ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля.
І пераказаў Аарон усе словы, якія казаў ГОСПАД Майсею, і зрабіў знакі перад вачыма народу.
І сказаў Аарон усе словы, якія сказаў Госпад Майсею, і ўчыніў знакі ў прысутнасці народа.
І паверыў народ, і яны пачулі, што ГОСПАД наведаў сыноў Ізраіля і ўбачыў прыгнёт іхні, і схіліліся, і пакланіліся.
І паверыў народ, і пачулі, што Госпад наведаў сыноў Ізраэля і што заўважыў смутак іх; і, схіліўшыся, яны памаліліся.