Выхад 3 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

А Майсей пасьвіў авечак Етра, цесьця свайго, сьвятара Мадыянскага. І павёў ён чараду на другі бок пустыні, і прыйшоў да гары Божае Харэў.
 
А Майсей пасвіў авечак для Етры, цесця свайго, святара мадыянскага; і, калі гнаў ён статак па-за пустыню, прыйшоў да гары Божай Гарэб.

І зьявіўся яму анёл ГОСПАДА ў полымі агню з сярэдзіны цярновага куста. І ён бачыў, і вось, цярновы куст гарэў агнём, але куст не згараў.
 
З’явіўся яму Анёл Госпадаў у полымі агню, з сярэдзіны куста; бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае.

І сказаў Майсей: «Пайду і пагляджу на зьяву гэтую вялікую, чаму куст не згарае».
 
Тады сказаў Майсей: «Пайду і ўбачу з’яву гэтую вялікую, чаму не згарае куст».

І ўбачыў ГОСПАД, што ён зьвярнуўся паглядзець [на гэта], і паклікаў яго Бог з сярэдзіны куста, і сказаў: «Майсей, Майсей!» Ён сказаў: «Вось я!»
 
А Госпад убачыў, што ён пасоўваецца, каб паглядзець на з’яву; паклікаў яго Госпад з сярэдзіны куста і сказаў: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Я тут».

І сказаў [Бог]: «Не падыходзь сюды; здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая».
 
І сказаў Ён: «Не падыходзь сюды; здымі абутак з ног тваіх; бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая».

І сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба». І закрыў Майсей аблічча сваё, бо баяўся глянуць на Бога.
 
І сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». Схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога.

І сказаў ГОСПАД: «Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго, які ў Эгіпце, і Я пачуў стогн ягоны з прычыны прыгнятальнікаў ягоных, бо Я ведаю пакуты ягоныя.
 
Сказаў яму Госпад: «Убачыў Я смутак народа Майго ў Егіпце і пачуў лямант яго ад бязлітаснасці наглядчыкаў яго.

І Я зыходжу, каб вызваліць яго з рукі Эгіпцянаў і вывесьці яго з зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, у зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, на месца Хананейцаў, і Хетаў, і Амарэяў, і Пэрэзэяў, і Хівеяў, і Евусэяў.
 
І, ведаючы пакуту яго, Я спусціўся, каб вызваліць яго з рук егіпцян і вывесці з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, да мясцін хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, гівеяў і евусеяў.

І цяпер вось, стогн сыноў Ізраіля дайшоў да Мяне, і таксама Я бачу ўціск, якім Эгіпцяне прыгнятаюць іх.
 
Вось, крык сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і ўбачыў Я смутак іх, як прыгнятаюцца яны егіпцянамі;

І цяпер ідзі, і Я пашлю цябе да фараона; і выведзі з Эгіпту народ Мой, сыноў Ізраіля».
 
а ты ідзі, Я пашлю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля, з Егіпта».

І сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб мне ісьці да фараона і каб мне вывесьці сыноў Ізраіля з Эгіпту?»
 
І сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб ісці да фараона і вывесці сыноў Ізраэля з Егіпта?»

І сказаў [Бог]: «Бо Я буду з табою. І вось табе знак, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ з Эгіпту, будзеце служыць Богу на гэтай гары».
 
Адказаў яму Ён: «Я буду з табой; будзеш мець гэты знак, што Я паслаў цябе: калі выведзеш народ з Егіпта, будзеш служыць Богу на гэтай гары».

І сказаў Майсей Богу: «Вось, я прыйду да сыноў Ізраіля і скажу ім: “Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас”. А яны скажуць мне: “Якое імя Яго?” Што я маю сказаць ім?»
 
Майсей сказаў Богу: «Вось, я пайду да сыноў Ізраэля і скажу ім: “Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас”. А калі яны запытаюць мяне: “Якое імя Яго?”, што я адкажу ім?»

І сказаў Бог Майсею: «Я Ёсьць, Хто Ёсьць». І сказаў: «Гэтак скажы сынам Ізраіля: “Той, Хто Ёсьць, паслаў мяне да вас”».
 
Сказаў Бог Майсею: «Я — Той, Хто ёсць». Сказаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, паслаў мяне да вас”».

І сказаў яшчэ Бог Майсею: «Гэтак скажы сынам Ізраіля: “ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас!” Гэта імя Маё на вякі, і гэта памятка пра Мяне з пакаленьня ў пакаленьне.
 
І зноў сказаў Бог Майсею: «Гэта скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас; гэта імя ў Мяне навек, і гэта памятны Мой знак з пакалення ў пакаленне”.

Ідзі, зьбяры старшыняў Ізраіля і скажы ім: “ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, зьявіўся мне, Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, кажучы: "Наведваючы, наведаў Я вас і [бачыў], што робіцца вам у Эгіпце.
 
Ідзі і збяры старэйшын Ізраэля, і скажы ім: “Госпад, Бог бацькоў вашых, з’явіўся мне, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, гаворачы тым, якіх наведаў: “Я наведаў вас і ўбачыў усё, што адбылося з вамі ў Егіпце”;

І Я сказаў: 'Я выведу вас з прыгнёту Эгіпецкага ў зямлю Хананейцаў, Хетаў, Амарэяў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, у зямлю, якая цячэ малаком і мёдам'"”.
 
і сказаў: “Я ўвяду вас ад смутку Егіпта ў зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам”.

І яны паслухаюць голасу твайго, і прыйдзеш ты і старшыні Ізраіля да валадара Эгіпту, і вы скажаце яму: “ГОСПАД, Бог Гебраяў, зьявіўся нам, і цяпер дай нам ісьці ў дарогу на тры дні ў пустыню, каб мы склалі ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму”.
 
І яны паслухаюць голас твой, і ты, і старэйшыны Ізраэля пойдзеце да цара Егіпта і скажаце яму: “Госпад, Бог гебраяў, з’явіўся нам; і цяпер мы пойдзем у дарогу на тры дні ў пустыню, каб прынесці ахвяру Госпаду, Богу нашаму”.

І Я ведаю, што ня дасьць вам валадар Эгіпту ісьці, хіба [будзе змушаны] рукой магутнай.
 
Але Я ведаю, што не адпусціць вас цар Егіпта, каб вы пайшлі, хіба праз магутную руку.

І Я выцягну руку Маю, і ўдару Эгіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго, і пасьля гэтага ён пусьціць вас.
 
І Я выцягну руку Маю і ўдару Егіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго; і пасля гэтага адпусціць ён вас.

І Я дам ласку народу гэтаму ў вачах Эгіпцянаў; і будзе, што калі вы пойдзеце, ня пойдзеце з пустымі рукамі.
 
І дам я ласку гэтаму народу з боку егіпцян, і, калі выйдзеце, не выйдзеце вы з пустымі рукамі.

І папросіць жанчына ў суседкі сваёй і ў гаспадыні дому свайго посуд срэбны і посуд залаты, і адзеньне, і вы апранеце ў яго сыноў сваіх і дочак сваіх, і спустошыце Эгіпет».
 
А кожная жанчына папросіць ад сваёй суседкі і ад гаспадыні сваёй срэбраны і залаты посуд, а таксама адзенне; і апранеце ў яго сыноў і дачок вашых, і аббярэце Егіпет».