Выхад 20 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:
І сказаў Госпад усе гэтыя словы:
«Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
«Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі.
Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
Не май другіх багоў перада Мною.
Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока, і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
Не рабі сабе ніякай выявы ўсяго, да таго падобнага, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю.
Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і аж да чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,
Не пакланяйся ім і не служы, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог руплівы апякун, Які карае правіннасць бацькоў на дзецях да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто Мяне ненавідзіць,
і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
Які ўчыняе міласэрнасць аж да тысячнага пакалення тым, хто любіць Мяне і захоўвае пастановы Мае.
Ня будзеш ужываць імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае для марноты.
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо Госпад не пакіне без кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, марна.
Памятай дзень супачынку, каб сьвяціць яго.
Памятай, што дзень суботы ты святкуеш.
Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае;
а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць ніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служка твая, і жывёла твая, і прыхадзень твой, які ў брамах тваіх,
а сёмы дзень — субота для Госпада, Бога твайго; не выконвай ніякай працы ты, ані сын твой, ані дачка твая, паслугач твой і паслугачка твая, жывёла твая і чужынец, што жыве ў цябе.
бо за шэсьць дзён зрабіў ГОСПАД неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і спыніўся ў дзень сёмы. Дзеля гэтага дабраславіў ГОСПАД дзень супачынку і асьвяціў яго.
Бо за шэсць дзён стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што на іх ёсць, і супачыў у сёмы дзень; таму дабраславіў Госпад дзень суботы і ўсвяціў яго.
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быць даўгавечным на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
Ня будзеш забіваць [як забойца].
Не забівай.
Ня будзеш чужаложыць.
Не чужалож.
Ня будзеш красьці.
Не крадзі.
Ня будзеш сьведчыць супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
Не сведчы фальшыва супраць блізкага свайго.
Ня будзеш жадаць дому бліжняга твайго; ня будзеш жадаць жонкі бліжняга твайго, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!»
Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго. Не зажадай дома яго, ані паслугача, ані паслугачкі, ані вала, ані асла, і нічога, што ёсць у яго».
І ўвесь народ глядзеў на грымоты і бліскавіцы, і гук трубы, і гару, якая дымілася; і, глядзеў народ, і хістаўся, і стаяў здалёк.
А ўвесь народ назіраў за шумам, і за ззяннем, і за гукам трубы, і за гарою, што дымілася; і, спалоханыя і ахопленыя трымценнем, паўсталі яны паводдаль,
І сказалі яны Майсею: «Ты прамаўляй да нас, і мы будзем слухаць; але няхай не прамаўляе да нас Бог, каб нам не памерці».
кажучы Майсею: «Ты гавары нам, і мы будзем слухаць; хай не гаворыць з намі Бог, каб мы не памерлі».
І сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, бо дзеля таго, каб выпрабаваць вас, прыйшоў Бог, і каб праз гэта страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі».
І сказаў Майсей народу: «Не палохайцеся, бо выпрабаваць вас прыйшоў Бог і каб страх Яго быў у вас, каб вы не грашылі».
І стаяў народ здалёк, а Майсей наблізіўся да імглы, туды, дзе Бог.
І народ усё стаяў воддаль; а Майсей наблізіўся да цёмнага воблака, у якім быў Бог.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэтак скажаш сынам Ізраіля: “Вы бачылі, што Я з неба прамаўляў да вас.
Потым сказаў Госпад Майсею: «Вось што скажаш сынам Ізраэля: “Вы бачылі, як Я з неба да вас прамаўляў.
Не рабіце побач са Мною багоў срэбных, і багоў залатых не рабіце сабе.
Для сябе не рабіце перада Мною багоў срэбраных, ані багоў з золата.
Ахвярнік з зямлі зрабі для Мяне, і ахвяруй на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, і авечак тваіх, і валоў тваіх. На кожнае месца, дзе Я ўзгадаю імя Маё, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
Зрабіце Мне ахвярнік з зямлі і на ім складайце цэласпаленні і ўскладайце мірныя ахвяры вашы, авечак вашых і валоў; на кожным месцы, дзе загадаю ўспамінаць імя Маё, прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
А калі ахвярнік з камянёў зробіш для Мяне, не будуй яго з чэсаных [камянёў], бо калі апрацуеш яго мячом сваім, апаганіш яго.
А калі пабудуеш Мне ахвярнік каменны, то не будуй яго з камянёў часаных, бо, калі ўздымеш на яго склюд, ён будзе апаганены.
І ня будзеш узыходзіць па прыступках да ахвярніка Майго, каб не была адкрытая пры ім голасьць твая”.
Не ўзыходзь па прыступках да Майго ахвярніка, каб не адкрылася галізна твая”».