Выхад 32 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І бачыў народ, што Майсей затрымліваецца, каб зыйсьці з гары, і сабраўся народ перад Ааронам, і сказалі яму: «Устань, зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, гэтым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім».
А народ, бачачы, што Майсей марудзіць спускацца з гары, сабраўшыся ля Аарона, сказаў: «Устань, зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай».
І сказаў ім Аарон: «Зьніміце завушніцы залатыя, якія ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дочак вашых, і прынясіце да мяне».
І Аарон сказаў ім: «Здыміце залатыя завушніцы з вушэй жонак, сыноў і дачок вашых і прынясіце іх мне».
І зьняў увесь народ завушніцы залатыя, якія ў вушах іхніх, і прынесьлі да Аарона.
І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, несучы завушніцы да Аарона.
І ён узяў [гэта] з рук іхніх, і ўфармаваў яго разцом, і зрабіў з яго цяля літое. І сказалі яны: «Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».
Калі ён іх атрымаў, ён стылом сфармаваў выяву і зрабіў з іх літое цяля. А яны сказалі: «Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай!»
І ўбачыў Аарон, і збудаваў перад ім ахвярнік, і ўсклікнуў Аарон, і сказаў: «Сьвята для ГОСПАДА заўтра».
Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнік перад ім і ўсклікнуў голасам вестуна, кажучы: «Заўтра — урачыстасць Госпада».
І яны ўсталі рана назаўтра, і ахвяроўвалі цэласпаленьні, і прынесьлі ахвяры мірныя; і сеў народ есьці і піць, і ўсталі гуляць.
І, устаўшы на другі дзень зранку, прынеслі яны ахвяру цэласпалення і ахвяры прымірэння; і сеў народ есці і піць, і пачалі яны весяліцца.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея: «Ідзі, зыйдзі, бо сапсаваўся народ твой, які ты вывеў з зямлі Эгіпецкай.
Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі, спускайся; спракудзіўся народ твой, які вывеў ты з зямлі Егіпецкай.
Хутка зьвярнулі яны са шляху, які Я загадаў ім, зрабілі сабе цяля літое, і пакланіліся яму, і ахвяроўвалі яму, і сказалі: “Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай”».
Звярнулі хутка з дарогі, якую Я ім паказаў, і зрабілі сабе цяля літое і пакланіліся яму, прыносячы ахвяры, і сказалі: “Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай”».
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Я бачыў народ гэты, і вось, ён — народ з цьвёрдым каркам.
Таксама сказаў Госпад Майсею: «Бачу, што народ гэты — цвёрдага карка;
І цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і Я выгублю іх, і зраблю з цябе народ вялікі».
пакінь Мяне, каб разгарэлася абурэнне Маё супраць іх і каб Я знішчыў іх, а з цябе Я зраблю вялікі народ».
І маліў Майсей аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, палае гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў з зямлі Эгіпецкай сілаю вялікай і рукою моцнай?
А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, кажучы: «Чаму, Госпадзе, разгараецца абурэнне Тваё супраць народа Твайго, які вывеў Ты з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукою моцнаю?
Навошта маюць казаць Эгіпцяне, кажучы: “На ліха вывеў іх, каб забіць іх у гарах і вынішчыць іх з аблічча зямлі”. Адвярніся ад ярасьці гневу Твайго і пашкадуй [рабіць] ліха народу Твайму.
Не гневайся, малю, каб не казалі егіпцяне: “Хітрасцю Ён вывеў іх, каб загубіць у гарах і знішчыць з зямлі”. Хай супакоіцца гнеў Твой і будзь літасцівы да пераваротнасці народа Твайго.
Узгадай Абрагама, Ісаака і Ізраіля, слугаў Тваіх, якім Ты прысягаў на Сябе Самога, і прамовіў да іх: “Памножу насеньне вашае, як зоркі ў небе, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам насенню вашаму, і яны ўспадкаемяць яе на вякі”».
Памятай Абрагама, Ізаака і Ізраэля, паслугачоў Тваіх, якім пакляўся Ты Самім Сабою, кажучы: “Памножу семя вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, пра якую Я сказаў, дам семю вашаму; і завалодаеце ёю назаўсёды”».
І пашкадаваў ГОСПАД рабіць ліха, пра якое Ён казаў, што ўчыніць яго народу Свайму.
І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць ліха, як сказаў, адносна народа Свайго.
І павярнуўся, і зыйшоў Майсей з гары; і дзьве табліцы Сьведчаньня [былі] ў руцэ ягонай, табліцы, на якіх было напісана з абодвух бакоў, на адным і на другім баку было напісана на іх.
І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзве каменныя табліцы запавету, спісаныя з абодвух бакоў і зробленыя
І табліцы былі творам Бога, і пісьмо было пісьмом Божым, высечаным на табліцах.
працай Божай; таксама пісьмёны Бога былі высечаны на табліцах.
І пачуў Егошуа голас народу, які ўсклікаў, і сказаў Майсею: «Голас вайны ў табары».
А Ешуа, чуючы гоман народа, які крычаў, сказаў Майсею: «Чуецца ў лагеры крык бітвы».
І сказаў [Майсей]: «Гэта ані голас крыку перамогі, ані голас крыку паразы, але я чую голас пяяньня».
Той адказаў: «Гэта не крык пераможцаў, ані крык тых, хто ўцякае, але крык тых, хто спявае, я чую».
І сталася, калі ён наблізіўся да табару і ўбачыў цяля і танцы, узгарэўся гнеў Майсея, і ён кінуў з рук сваіх табліцы, і разьбіў іх пад гарою.
І калі ён наблізіўся да лагера, ён убачыў цяля і карагоды; раззлаваўся надта, і выпусціў табліцы з рук, і разбіў іх ля падножжа гары.
І ўзяў ён цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на попел, і рассыпаў на абліччы вады, і даў яго піць сынам Ізраіля.
І, схапіўшы цяля, што яны зрабілі, спаліў яго і сцёр аж на пыл, які ўсыпаў у ваду і даў яе піць сынам Ізраэля.
І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?»
І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзвёў на яго найвялікшы грэх?»
І сказаў Аарон: «Няхай не ўзгараецца гнеў пана майго; ты ведаеш народ гэты, што ён поўны ліха.
Той яму адказаў: «Хай не гневаецца гаспадар мой; бо ведаеш ты народ гэты, што ён хуткі на ліха.
І яны сказалі мне: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”.
Сказалі яны мне: “Зрабі нам багоў, якія ішлі б перад намі, бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай”.
І я сказаў ім: “Хто мае золата, няхай здыме яго”. І яны далі мне, я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэта цяля».
Сказаў я ім: “Хто з вас мае золата?” Яны прынеслі і далі мне яго, а я ўкінуў яго ў агонь; і атрымалася гэтае цяля».
І ўбачыў Майсей народ, што ён неакелзаны, бо Аарон раскелзаў яго на паганьбеньне перад ворагамі ягонымі.
Такім чынам, убачыў Майсей народ, што быў неакілзаны; бо Аарон адпусціў яму кілзы на смех ворагам яго.
І стаў Майсей у браме табару, і сказаў: «Хто за ГОСПАДА — да мяне!» І сабраліся да яго ўсе сыны Левія.
І, стоячы ў браме лагера, ён закрычаў: «Хто Госпадаў — да мяне!» І далучыліся да яго ўсе сыны Леві.
І ён сказаў ім: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Падперажыце кожны меч свой да сьцягна свайго, перайдзіце і зьвярніцеся ад брамы да брамы праз табар, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны бліжняга свайго”».
Ён сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Хай кожны ўскладзе меч да сцягна свайго. Ідзіце і прайдзіце ад брамы аж да брамы праз сярэдзіну лагера, і хай забівае кожны брата, і сябра, і блізкага свайго”».
І зрабілі сыны Левія паводле слова Майсея, і палегла з народу ў той дзень каля трох тысячаў чалавек.
Сыны Леві зрабілі згодна з загадам Майсея; і ў той дзень палегла з народа каля трох тысяч чалавек.
І сказаў Майсей: «Напоўніце рукі свае сёньня для ГОСПАДА, бо кожны быў супраць сына свайго і супраць брата свайго, каб Ён даў вам сёньня дабраслаўленьне».
І сказаў Майсей: «Напоўнілі вы сёння рукі вашыя для Госпада кожны ў сыне і браце сваім, каб даў вам Госпад дабраславенне».
І сталася назаўтра, і сказаў Майсей народу: «Вы саграшылі грахом вялікім, і цяпер я ўзыйду да ГОСПАДА, можа, змагу перамаліць Яго за грэх ваш».
І назаўтра прамовіў Майсей да народа: «Зграшылі вы найвялікшым грахом; я пайду да Госпада, можа, змагу як-небудзь перапрасіць Яго за вашае злачынства».
І вярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Прашу, саграшыў народ гэты грэхам вялікім, і зрабілі сабе багоў залатых.
І, вярнуўшыся да Госпада, Майсей сказаў: «Прашу, народ гэты зграшыў найвялікшым грахом і зрабіў сабе багоў з золата;
І цяпер, ці можаш дараваць ім грэх іхні? А калі не, вытры мяне, прашу, з кнігі Тваёй, якую Ты напісаў».
або даруй ім гэтую віну, або, калі так не зробіш, выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, што Ты напісаў».
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Таго, хто саграшыў перада Мною, Я вытру з кнігі Маёй.
Госпад адказаў яму: «Толькі таго, хто зграшыў супраць Мяне, скасую Я з кнігі Маёй.
І цяпер ідзі, вядзі народ гэты, куды Я казаў табе. Вось, анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грэх іхні».
Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю і гэты грэх іх».
І ўдарыў ГОСПАД народ за тое, што зрабілі цяля, якога зрабіў Аарон.
Такім чынам, пакараў Госпад народ за віну з-за цяляці, што зрабіў Аарон.