Выхад 29 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І вось тая рэч, якую зробіш для іх, каб пасьвяціць іх на сьвятароў для Мяне. Возьмеш аднаго маладога бычка і двух бараноў без заганы,
Але і гэта зрабі для іх, каб былі пасвячоныя Мне ў святары: вазьмі аднаго бычка са статка і двух бараноў без заганы,
і хлябы прэсныя, і печыва прэснае, рашчыненае на алеі, і аладкі прэсныя, памазаныя алеем; з найлепшае мукі зробіш іх.
і хлябы-праснакі, і ляпёшкі без рошчыны, што папрысканы алеем, а таксама ляпёшкі-праснакі, намазаныя алеем; зрабі ўсё з найчысцейшай мукі пшанічнай.
І паложыш іх у адзін кош, і прынясеш іх у кашы, і бычка, і двух бараноў.
І, паклаўшы ў кош, прынясі ахвярапрынашэнне, таксама бычка і двух бараноў.
І Аарона і сыноў ягоных прывядзеш да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх у вадзе,
Аарона і сыноў яго прывядзеш да ўваходу ў палатку сустрэчы. І, калі абмыеш вадою бацьку з сынамі,
і возьмеш адзеньні, і апранеш на Аарона хітон і верхнюю шату эфоду, і эфод, і нагруднік, і падпярэжаш яго поясам эфоду.
апранеш Аарона ў яго шаты, гэта значыць у кашулю і туніку пад эфод, і эфод, і нагруднік яго прымацуй да яго поясам эфода,
І ўскладзеш мітру на галаву ягоную, і прымацуеш дыядэму сьвятасьці на мітру.
і ўскладзі кідар на галаву яго, і святую дыядэму зверху кідара,
І возьмеш алей памазаньня, і выльеш на галаву ягоную, і памажаш яго.
і вылі алей намашчэння на галаву яго; і будзе ён пасвячоны гэтым абрадам.
І сыноў ягоных прывядзеш, і апранеш на іх хітоны,
Прывядзі таксама сыноў, і апрані іх у тунікі льняныя, і падперажы поясам,
і падпярэжаш іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і адзенеш на іх турбаны, і будзе ім належаць сьвятарства паводле пастановы вечнае, і напоўніш рукі Аарона і сыноў ягоных.
і ўскладзі на іх мітры, і хай будуць яны Мне святарамі па законе навекі. Пасля напоўні рукі Аарона і сыноў яго,
І прывядзеш бычка перад Намёт Спатканьня, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву бычка.
прывядзі і бычка да палаткі сустрэчы, і хай Аарон і сыны яго ўскладуць рукі на галаву яго,
І зарэжаш бычка перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
і закалі яго перад Госпадам пры ўваходзе ў палатку сустрэчы.
І возьмеш кроў бычка, і памажаш рогі ахвярніка пальцам тваім, і ўсю кроў выльеш на падставу ахвярніка.
І, узяўшы крыху крыві бычка, памаж пальцам тваім рогі ахвярніка, а рэшту крыві вылі ля падножжа яго.
І возьмеш увесь тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і спаліш на ахвярніку.
Вазьмі і ўвесь тлушч, што пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі, і тлушч, які ёсць на іх, і прынясі ахвярапрынашэнне спаленнем на ахвярніку;
А мяса бычка, і скуру ягоную, і гной ягоны спаліш на агні па-за табарам. Гэта ахвяра за грэх.
а мяса бычка, і яго скуру, і нечыстоты спалі звонку па-за лагерам, бо гэта ахвяра за грэх.
І возьмеш аднаго з бараноў, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана.
Вазьмі таксама аднаго барана, і хай Аарон і сыны яго ўскладуць рукі свае на галаву яго;
І зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і пакропіш на ахвярнік наўкола.
калі заколеш яго, вазьмі крыху крыві яго і пакрапі кругом ахвярнік.
І барана расьсячэш на кавалкі ягоныя, і вымыеш нутро ягонае і ногі ягоныя, і паложыш іх на [расьсечаныя] кавалкі ягоныя і на галаву ягоную.
А самога барана падзялі на часткі, і абмый вантробы яго і ногі, і ўскладзі іх на рассечаным мясе і на галаве яго.
І спаліш усяго барана на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне ГОСПАДУ, пах прыемны, ахвяра агню для ГОСПАДА.
І спалі ўсяго барана на ахвярніку; гэта ахвяра цэласпалення Госпаду, найпрыемнейшы пах, ахвяра для Госпада.
І возьмеш другога барана, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана.
Вазьмі другога барана, і хай Аарон і яго сыны пакладуць рукі на галаву яго; калі яго
І зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і памажаш верх правага вуха Аарона і верх правага вуха сыноў ягоных, вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй; і пакропіш крывёю ахвярнік наўкола.
таксама заколеш, і вазьмі крыху яго крыві, і памаж ёю верх правага вуха Аарона і верх правага вуха яго сыноў, і вялікія пальцы правай іх рукі і нагі; і пакрапі крывёю кругом па ахвярніку.
І возьмеш кроў, якая на ахвярніку, і алей памазаньня, і пакропіш Аарона і сыноў ягоных, і адзеньне ягонае, і адзеньні сыноў ягоных з ім; і будзе асьвячоны ён і адзеньне ягонае, і сыны ягоныя, і адзеньні сыноў ягоных з ім.
І, калі возьмеш крыху крыві, што на ахвярніку, і алею да памазвання, пакрапі Аарона і шаты яго, сыноў яго і шаты іх. І хай сам ён будзе святы, і шаты яго, і сыны яго, і іх шаты разам з ім.
І возьмеш тлушч барана і хвост, і тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і правую лапатку, бо гэта баран пасьвячэньня,
І вазьмі тлушч барана, і хвост, і тлушч, што пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі, і тлушч, што на іх, і правую лапатку, бо гэта баран пасвячэння,
і адзін бохан хлеба, і адно печыва хлеба, [зробленае] на алеі, і адну аладку з каша праснакоў, які перад абліччам ГОСПАДА,
і адзін праснак, і адну аладку, скропленую алеем, адзін сухарык з каша праснакоў, што пастаўлены перад Госпадам.
і паложыш усё [гэта] на далоні Аарона і на далоні сыноў ягоных, і будзеш патрэсваць іх як ахвяру патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА.
І ўсё гэта пакладзі на рукі Аарона і яго сыноў, каб узнімалі яны гэта перад Госпадам.
І возьмеш іх з рук іхніх, і спаліш на ахвярніку як цэласпаленьне, пах прыемны перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра вагню для ГОСПАДА.
І вазьмі гэта ўсё з іх рук, і спалі на ахвярніку як цэласпаленне, дзеля найпрыемнейшага паху на віду Госпада; бо гэта ахвяра для Госпада.
І возьмеш грудзіну барана пасьвячэньня, які быў для Аарона, і будзеш патрэсваць ёю як ахвярай патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА, і гэта будзе частка твая.
Вазьмі таксама грудзіну барана, якім быў пасвячоны Аарон, і паднімі яе да твару Госпада; і адыдзе ён на твой бок.
І асьвяціш грудзіну патрасаную і лапатку ўзьнесеную, якія былі патрэсваныя і якія былі ўзьнесеныя з барана пасьвячэньня, які быў для Аарона і які быў для сыноў ягоных.
І асвяці паднятую грудзінку і прынесеную лапатку, што аддзяліў ты ад барана, якім быў пасвячоны Аарон і сыны яго;
І будуць яны для Аарона і сыноў ягоных паводле пастановы вечнай ад сыноў Ізраіля, бо гэта ўзьнясеньне, і гэтае ўзьнясеньне мае быць ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных, узьнясеньне іхняе для ГОСПАДА.
і адыдзе гэта на бок Аарона і сыноў яго па законе вечным ад сыноў Ізраэля, бо гэта — ахвяраванне, і хай будзе ахвяраванне з боку сыноў Ізраэля ад іх мірных ахвяр, ахвяраванне іх Госпаду.
І адзеньні сьвятыя, якія [належаць] Аарону, будуць [належаць] сынам ягоным пасьля яго, каб у іх памазваць іх і напаўняць рукі іхнія.
А шаты святыя, якімі карыстаецца Аарон, хай па ім будуць аддадзены сынам яго, каб яны ў ім памазваліся і каб рукі іх у ім напаўняліся.
Сем дзён мае апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, [які будзе] замест яго, які будзе ўваходзіць у Намёт Спатканьня, каб служыць у сьвятыні.
Сем дзён хай карыстаецца ім той з яго сыноў, хто будзе прызначаны святаром, і хто будзе ўваходзіць у палатку сустрэчы, каб спраўляць служэнне ў свяцілішчы.
І барана пасьвячэньня возьмеш, і зварыш мяса ягонае на месцы сьвятым.
І вазьмі барана пасвячэння, і звары яго мяса ў месцы святым.
І будзе есьці Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага і хлеб, які ў кашы, каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
І будуць есці Аарон і яго сыны мяса барана і хлеб, што ў кашы, ля ўваходу ў палатку сустрэчы.
І будуць яны есьці тое, што было перамаленьнем за іх, каб напоўніць рукі іхнія і асьвяціць іх; а чужы ня будзе есьці гэта, бо гэта сьвятое.
І хай ядуць яны тое, чым была ўчынена перамольная ахвяра, каб напоўніць іх рукі, каб асвяціць іх. Чужынец хай не будзе есці гэта, бо гэта святое.
І калі застанецца мяса пасьвячэньня і хлеб да раніцы, спаліш астачу на агні, нельга есьці яго, бо гэта сьвятое.
А калі засталося нешта з мяса [ахвяры] пасвячэння або з хлеба да раніцы, спалі рэшткі ў агні; нельга гэтага есці, бо яно святое.
І ўсё зробіш Аарону і сынам ягоным паводле таго, што Я загадаў табе: сем дзён будзеш напаўняць рукі іхнія.
З Ааронам і сынамі яго ўчыні так ва ўсім, што Я табе загадаў. Сем дзён асвячай рукі іх і
І бычка як ахвяру за грэх будзеш складаць кожны дзень дзеля перамольваньня, і ачысьціш ахвярнік ад грэху, учыніўшы перамольваньне за яго, і памажаш яго, і асьвяціш яго.
бычка прынясі ў ахвяру за грэх кожны дзень дзеля перамольнага ахвяравання. І ачысці ахвярнік, ачышчаючы яго, і памаж яго да пасвячэння.
Сем дзён будзеш зьдзяйсьняць перамольваньне за ахвярнік і будзеш асьвячаць яго, і будзе ахвярнік сьвятое сьвятых; усё, што дакранецца да ахвярніка, будзе сьвятым.
Сем дзён ачышчай ахвярнік і асвячай яго, хай будзе ён святыняй святынь: усё, што дакранецца да яго, асвяціцца.
Вось што будзеш складаць [у ахвяру] на ахвярніку: двух ягнятаў аднагодак кожны дзень заўсёды.
Гэта тое, што будзеш рабіць на ахвярніку: двух гадавых ягнят будзеш ахвяроўваць штодзень пастаянна,
Адно ягня складзеш [у ахвяру] раніцай, а другое ягня складзеш [у ахвяру] вечарам.
адно ягня — раніцай, а другое — увечары;
І на адно ягня [возьмеш] дзясятую частку [эфы] найлепшае мукі, зьмяшанай з алеем выціснутым, якога чвэрць гіну, і на ўзьліваньне — чвэрць гіну віна.
а таксама дзесятую частку эфы найчысцейшай пшанічнай мукі, апырсканай выціснутым алеем, што мае мець колькасць у чацвёртую частку гіна; віно дзеля ўзлівання той жа колькасці на адно ягня.
А другое ягня складзеш [у ахвяру] ўвечары, падобна як ахвяраваньне раніцаю і ўзьліваньне пры ёй складзеш яго на пах прыемны, на ахвяру агню для ГОСПАДА.
А другое ягня ахвяруй увечары адпаведна абраду ранішняга ахвяравання і ахвярнага ўзлівання, дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду,
[Гэта] цэласпаленьне, [якое будзе] заўсёды ў пакаленьнях вашых перад уваходам у Намёт Спатканьня перад абліччам ГОСПАДА, дзе буду сустракацца з вамі, каб размаўляць там з табою.
гэта ахвяра Госпаду, цэласпаленне вечнае ў пакаленнях вашых, ля ўваходу ў палатку сустрэчы перад Госпадам, дзе Я буду сустракацца з вамі, каб гаварыць з табою.
І буду сустракацца там з сынамі Ізраіля, і будзе асьвячонае [тое месца] славаю Маёю.
Там буду сустракацца з сынамі Ізраэля, і гэта месца будзе асвечанае Маёй славаю.
І Я асьвячу Намёт Спатканьня і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны былі сьвятарамі Маімі.
І Я асвячу палатку сустрэчы і ахвярнік, Аарона і сыноў яго, каб служылі Мне святарамі.
І буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і буду ім Богам.
І буду пражываць у грамадзе сыноў Ізраэля, і буду ім Богам;
І пазнаюць, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я — ГОСПАД, Бог іхні.
і хай ведаюць яны, што Я — Госпад, Бог іх, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, каб заставацца паміж імі: Я — Госпад, Бог іх.