Выхад 2 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пайшоў чалавек з дому Левія, і ўзяў дачку [з дому] Левія.
 
Чалавек з пакалення Леві выйшаў і ўзяў жонку са свайго пакалення;

І зачала тая жанчына, і нарадзіла сына, і бачыла яго, што ён прыгожы, і хавала яго тры месяцы.
 
яна пачала, і нарадзіла сына, і, бачачы, што ён прыгожы, хавала яго тры месяцы.

І не магла даўжэй хаваць яго, і ўзяла кошык з трысьнёгу, і абмазала яго асфальтам і смалою; і палажыла ў яго хлопчыка, і паставіла ў чароце каля берагу ракі.
 
А паколькі далей хаваць не магла, узяла трысняговы кошык і абмазала яго смалою і дзёгцем; і паклала ў сярэдзіну дзіця, і пакінула яго ў чароце на беразе Ракі,

І стаяла сястра ягоная воддаль, каб ведаць, што станецца з ім.
 
у той час, як сястра яго стаяла недалёка і наглядала за зыходам справы.

І зыйшла дачка фараона мыцца да ракі, а служкі ейныя хадзілі каля ракі. І яна ўбачыла кошык сярод чароту, і паслала служку сваю ўзяць яго.
 
І вось, дачка фараона ішла, каб пакупацца ў рацэ, а паслугачкі яе хадзілі па беразе ракі. Калі яна ўбачыла кошык сярод чароту, паслала адну са сваіх паслугачак;

І адчыніла, і ўбачыла яго, гэтае дзіцятка; і вось, хлопчык плача; і пашкадавала яго, і сказала: «Ён з дзяцей Гебрайскіх».
 
і яна адкрыла прынесены [кошык], і ўбачыла ў ім немаўля, што крычыць, і, злітаваўшыся над ім, сказала: «Ён з дзяцей гебрайскіх».

І сказала сястра ягоная дачцэ фараона: «Ці не пайсьці мне і ці не паклікаць да цябе жанчыну карміцельку з Гебраек, каб яна выкарміла гэтае дзіцятка».
 
Сястра хлопчыка сказала ёй: «Хочаш, каб я пайшла і паклікала табе жанчыну гебрайку, якая можа выкарміць дзіця для цябе?»

І сказала ёй дачка фараона: «Ідзі». І пайшла дзяўчынка, і паклікала маці дзіцяці.
 
Тая адказала: «Ідзі!» Пабегла дзяўчынка і паклікала маці дзіцяці.

І сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі сабе дзіцятка гэтае і выкармі яго для мяне; і я дам табе плату тваю». І ўзяла жанчына дзіцятка, і выкарміла яго.
 
Сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі хлопчыка гэтага і выкармі для мяне; я дам табе тваю плату». Прыняла жанчына, і выкарміла хлопца, і дарослага перадала дачцэ фараона.

І вырасла дзіця, і яна прывяла яго да дачкі фараона, і ён стаў у яе за сына, і назвала імя ягонае — Майсей, і казала яна: «Бо з вады я выцягнула яго».
 
Яна ўсынавіла яго і назвала яго імем Майсей, кажучы: «Бо я выцягнула яго з вады».

І сталася ў тыя дні, што вырас Майсей, і выйшаў да братоў сваіх, і ўбачыў цяжкія працы іхнія; і ўбачыў, што Эгіпцянін б’е аднаго Гебрая з братоў ягоных.
 
У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх; і ўбачыў ён смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго.

І павярнуўся ён туды і сюды, і ўбачыў, што нікога няма, і забіў Эгіпцяніна, і схаваў яго ў пяску.
 
І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.

І выйшаў ён на наступны дзень, і вось, два Гебраі вадзяцца. І сказаў ён таму, які крыўдзіў: «Навошта ты б’еш бліжняга свайго?»
 
А выйшаўшы ў наступны дзень, убачыў двух гебраяў, што сварыліся, і сказаў таму, хто крыўдзіў: «Чаму ты б’еш блізкага свайго?»

А той сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзём над намі? Ці ня хочаш ты забіць мяне, як забіў Эгіпцяніна?» І спалохаўся Майсей, і сказаў: «Напэўна, сталася вядомым гэта».
 
Той адказаў: «Хто цябе зрабіў кіраўніком і суддзёю над намі? Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?» Спалохаўся Майсей і сказаў: «Напэўна, справа гэта выявілася».

І пачуў фараон пра гэтую справу, і шукаў забіць Майсея. І ўцёк Майсей ад фараона, і жыў у зямлі Мадыян. І вось сеў ён каля студні.
 
І фараон пачуў гэтую гутарку, і хацеў забіць Майсея. Дык ён, уцякаючы з вачэй яго, спыніўся ў зямлі Мадыян; вось такім чынам прыйшоў ён у зямлю Мадыян і сеў каля студні.

У сьвятара Мадыянскага было сем дочак. І яны прыйшлі, і начэрпалі вады, і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.
 
А ў святара мадыянскага было сем дачок, якія прыйшлі, каб чэрпаць ваду; і жадалі яны, напоўніўшы карыты, панапойваць статкі бацькі свайго.

І прыйшлі пастухі, і адагналі іх. І ўстаў Майсей, і дапамог ім, і напаіў авечак іхніх.
 
Нечакана падышлі пастухі і адагналі іх; устаў Майсей і, абараніўшы дзяўчат, напаіў авечак іх.

І прыйшлі яны да Рэўэля, бацькі свайго, і ён сказаў ім: «Чаму вы так хутка прыйшлі сёньня?»
 
Калі яны вярнуліся да Рагуэля, бацькі свайго, ён сказаў ім: «Чаму вы прыйшлі хутчэй, чым звычайна?»

Яны сказалі: «Эгіпцянін выратаваў нас ад пастухоў і нават начэрпаў нам вады, і напаіў авечак».
 
Яны адказалі: «Чалавек егіпцянін вызваліў нас ад рукі пастухоў; акрамя таго, ён і вады для нас начэрпаў, і даў пойла авечкам».

Ён сказаў дочкам сваім: «Дзе ж ён? Чаму вы пакінулі чалавека гэтага? Паклічце яго, і няхай ён зьесьць хлеб».
 
І спытаўся ён: «Дзе ён? Чаму вы пакінулі [гэтага] чалавека? Паклічце яго, каб з’еў хлеба».

І ўпадабаў Майсей жыць у гэтага чалавека, і ён выдаў за Майсея дачку сваю Цыпору.
 
Такім чынам згадзіўся Майсей жыць з ім і ўзяў за жонку Сэфару, дачку яго.

І яна нарадзіла сына, і [Майсей] назваў імя ягонае Гершом, бо ён казаў: «Я стаўся прыхаднем у чужой зямлі».
 
Яна нарадзіла яму сына, якога ён назваў Гэрсам, кажучы: «Прыхадзень я ў зямлі чужой».

І сталася праз шмат дзён, што памёр валадар Эгіпту. І стагналі сыны Ізраіля ад працаў цяжкіх, і галасілі, і ўзыйшоў да Бога лямант іхні ад працаў цяжкіх.
 
А праз доўгі час памёр цар Егіпецкі; а сыны Ізраэля, стогнучыя з-за працы, залямантавалі, і лямант іх ад працы дайшоў да Бога.

І пачуў Бог стагнаньні іхнія, і ўзгадаў Бог запавет Свой з Абрагамам, Ісаакам і Якубам.
 
І пачуў Ён стагнанне іх, і прыгадаў дагавор, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам;

І глянуў Бог на сыноў Ізраіля, і даведаўся Бог [пра справы іхнія].
 
і глянуў Бог на сыноў Ізраэля, і пашкадаваў іх.