Выхад 2 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І пайшоў чалавек із дому Левага, і ўзяў сабе дачку Леваву.
Чалавек з пакалення Леві выйшаў і ўзяў жонку са свайго пакалення;
І зачала тая жонка, і нарадзіла сына, і бачыла яго, што ён харошы, і хавала яго тры месяцы.
яна пачала, і нарадзіла сына, і, бачачы, што ён прыгожы, хавала яго тры месяцы.
Але не магла даўжэй хаваць яго, узяла каробку з трысьціны і асмаліла яе асфальтам а смалою; і палажыла ў яе дзецянё, і пастанавіла ў трысьніку ля берагу ракі.
А паколькі далей хаваць не магла, узяла трысняговы кошык і абмазала яго смалою і дзёгцем; і паклала ў сярэдзіну дзіця, і пакінула яго ў чароце на беразе Ракі,
І стаяла сястра ягоная воддаль, каб ведаць, што станецца яму.
у той час, як сястра яго стаяла недалёка і наглядала за зыходам справы.
І зышла дачка Фараонава мыцца ў раццэ, а дзеўкі ейныя хадзілі ля ракі. І яна абачыла каробку сярод трысьніку, і паслала служэбку сваю ўзяць яе.
І вось, дачка фараона ішла, каб пакупацца ў рацэ, а паслугачкі яе хадзілі па беразе ракі. Калі яна ўбачыла кошык сярод чароту, паслала адну са сваіх паслугачак;
І адчыніла, і абачыла яго — гэта дзецянё; і вось, хлопчык плача; і зжалілася над ім, і сказала: «Зь дзяцей гэбрэйскіх гэта».
і яна адкрыла прынесены [кошык], і ўбачыла ў ім немаўля, што крычыць, і, злітаваўшыся над ім, сказала: «Ён з дзяцей гебрайскіх».
І сказала сястра ягоная дачцэ Фараонавай: «Ці не схадзіць імне і ці ня гукнуць да цябе жонку — мамку з Гэбрэяк, каб яна мамчыла гэтае дзецянё».
Сястра хлопчыка сказала ёй: «Хочаш, каб я пайшла і паклікала табе жанчыну гебрайку, якая можа выкарміць дзіця для цябе?»
І сказала ёй дачка Фараонава: «Схадзі». І пайшла дзявушчая дзеўка, і пагукала маці дзецяняці.
Тая адказала: «Ідзі!» Пабегла дзяўчынка і паклікала маці дзіцяці.
І сказала ёй дачка Фараонава: «Панясі сабе дзецянё гэтае і мамч яго імне; я дам табе тваю плату». Жонка ўзяла дзецянё і мамчыла яго.
Сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі хлопчыка гэтага і выкармі для мяне; я дам табе тваю плату». Прыняла жанчына, і выкарміла хлопца, і дарослага перадала дачцэ фараона.
І вырасла дзецянё, і яна прывяла яго да дачкі Фараонавае, і ён быў у яе за сына, і назвала імя ягонае: Масей, і казала яна, «Бо з вады я выцягнула яго».
Яна ўсынавіла яго і назвала яго імем Майсей, кажучы: «Бо я выцягнула яго з вады».
І было тых дзён: і вырас Масей, і вышаў да братоў сваіх, і абачыў цяжкія работы іхныя; і абачыў, што Егіпцянін б’ець аднаго Гэбрэя з братоў ягоных.
У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх; і ўбачыў ён смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго.
І абярнуўся туды-сюды, і бачачы, што нікога няма, і ён забіў Егіпцяніна, і схаваў яго ў пяску.
І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.
І вышаў ён назаўтрае, і во, два Гэбрэі вадзяцца; І сказаў ён ліхому: «Нашто ты б’еш бліжняга свайго?»
А выйшаўшы ў наступны дзень, убачыў двух гебраяў, што сварыліся, і сказаў таму, хто крыўдзіў: «Чаму ты б’еш блізкага свайго?»
І тый сказаў: «Хто пастанавіў цябе начэльнікам а судзьдзёй над намі? Ці не забіць мяне манішся ты, як забіў Егіпцяніна?» І зьлякаўся Масей, і сказаў: «Пэўне стала ведама гэта».
Той адказаў: «Хто цябе зрабіў кіраўніком і суддзёю над намі? Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?» Спалохаўся Майсей і сказаў: «Напэўна, справа гэта выявілася».
І пачуў Фараон праз гэтую справу, і глядзеў забіць Масея. І ўцёк Масей ад Фараона, і жыў у зямлі Мідзянскай, і сеў ля студні.
І фараон пачуў гэтую гутарку, і хацеў забіць Майсея. Дык ён, уцякаючы з вачэй яго, спыніўся ў зямлі Мадыян; вось такім чынам прыйшоў ён у зямлю Мадыян і сеў каля студні.
У сьвятара Мідзянскага сем дачок. І яны прышлі, і насілялі, і напоўнілі карыты, напаіць драбны статак айца свайго.
А ў святара мадыянскага было сем дачок, якія прыйшлі, каб чэрпаць ваду; і жадалі яны, напоўніўшы карыты, панапойваць статкі бацькі свайго.
І прышлі пастухі, і адагналі іх. І ўстаў Масей, і памог ім, і напаіў драбны статак іхны.
Нечакана падышлі пастухі і адагналі іх; устаў Майсей і, абараніўшы дзяўчат, напаіў авечак іх.
І прышлі яны да Рагуеля, айца свайго, і ён сказаў ім: «Што вы так борзда прышлі сядні?»
Калі яны вярнуліся да Рагуэля, бацькі свайго, ён сказаў ім: «Чаму вы прыйшлі хутчэй, чым звычайна?»
Яны сказалі: «Егіпцянін уратаваў нас ад пастухоў і нават насіляў нам вады, і напаіў драбны статак».
Яны адказалі: «Чалавек егіпцянін вызваліў нас ад рукі пастухоў; акрамя таго, ён і вады для нас начэрпаў, і даў пойла авечкам».
Ён сказаў дачкам сваім: «Ідзе ж ён? Чаму вы пакінулі таго чалавека? Гукніце яго, і няхай есьць хлеб».
І спытаўся ён: «Дзе ён? Чаму вы пакінулі [гэтага] чалавека? Паклічце яго, каб з’еў хлеба».
І ўпадабаў Масей жыць у гэтага чалавека, і ён выдаў за Масея дачку сваю Цыпору.
Такім чынам згадзіўся Майсей жыць з ім і ўзяў за жонку Сэфару, дачку яго.
І яна нарадзіла сына, і назваў яго імя Ґіршон; бо, казаў ён: «Я стаў чужніком у чужой зямлі».
Яна нарадзіла яму сына, якога ён назваў Гэрсам, кажучы: «Прыхадзень я ў зямлі чужой».
І было за шмат дзён тых: і памер кароль Ягіпецкі. І ўздыхалі дзеці Ізраелявы ад работы, і крычэлі, і ўзышоў крык іхны да Бога з прычыны работы.
А праз доўгі час памёр цар Егіпецкі; а сыны Ізраэля, стогнучыя з-за працы, залямантавалі, і лямант іх ад працы дайшоў да Бога.
І пачуў Бог стагнаньні іхныя, і ўспомнеў Бог змову сваю з Абрагамом, Ісаком а Якавам.
І пачуў Ён стагнанне іх, і прыгадаў дагавор, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам;
І глянуў Бог на дзеці Ізраелявы, і пазнаў Бог.
і глянуў Бог на сыноў Ізраэля, і пашкадаваў іх.