Выхад 26 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Вітальню ж зрабі зь дзесяцёх запон з тканага цянюсенькага палатна з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны; і херуваў зрабі на іх умелай работаю.
Скінію зрабі так: зрабі дзесяць палотнаў: з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю.
Удаўжкі адна запона дваццаць восьмі локцяў, а ўшыркі адна запона чатыры локці: мера адна ўсіх запон.
Даўжыня кожнага палатна хай мае дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага палатна хай будзе чатыры локці. Усе палотны павінны быць аднаго памеру.
Пяць запон хай будуць злучаныя адна із аднэю, і пяць запон злучаныя адна з аднэю.
Пяць палотнаў хай будуць звязаныя адно з адным, і другія пяць палотнаў хай будуць звявязаныя адно з адным.
І зробіш аплічкі васільковыя на краю аднае запоны ў канцу, у злучэньню; і гэтак зрабі й на краю апошняе запоны ў злучэньню другім.
Зрабі гіяцынтавыя петлі на краі аднаго палатна, на краі злучэння; і такім жа чынам зрабі на краі апошняга палатна ў другім злучэнні.
Пяцьдзясят аплічкаў зрабі на аднэй запоне, і пяцьдзясят аплічкаў зрабі на краю запоны, каторая злучае другую; аплічкі адказуюць адна аднэй.
Пяцьдзесят петляў зрабі на адным палатне і пяцьдзесят петляў зрабі на вяршыні палатна, што знаходзіцца ў другім злучэнні, прасунутыя так, каб пятля прыходзілася насупраць пятлі.
І зрабі пяцьдзясят кручкоў залатых, і злучы кручкамі запоны адну з аднэю, і будзе вітальня адна.
Зрабі і пяцьдзесят залатых аплікаў, якімі патрэбна злучыць палотны, каб скінія была адным цэлым.
І зрабі запоны з казінае воўны на будан вітальні, адзінанцаць запонаў зрабі.
Зрабі і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй.
Удаўжкі адна запона трыццаць локцяў, а ўшыркі чатыры локці адна запона: адна мера адзінанцацёх запонаў.
Даўжыня аднаго пакрыцця хай мае трыццаць локцяў, а шырыня — чатыры; хай ўсе адзінаццаць пакрыццяў будуць аднолькавага памеру.
І злучы пяць запонаў апрыч і шэсьць запонаў апрыч. І зрабі падвойную шостую запону зь пярэдняга боку будану.
Злучы пяць з іх асобна, а шэсць злучы асобна між сабою так, каб шостае пакрыцце зрабіць падвойным адносна шырыні даху.
І зрабі пяцьдзясят аплічкаў на краю аднае канцавое запоны ў шчапленьню, і пяцьдзясят аплічкаў на краю другое запоны дзеля шчапленьня другога.
Зрабі пяцьдзесят петляў на краі апошняга пакрыцця для аднаго злучэння, і пяцьдзесят петляў па краі другога злучэння.
І зрабі пяцьдзясят кручкоў мядзяных, і ўвядзі кручкі ў ваплічкі, і злучы будан, і будзе адзін.
Зрабі пяцьдзесят медных аплікаў, якімі павінны злучацца петлі, каб з усяго атрымалася адзіная палатка.
А лішніца, што застанецца ад запонаў вітальні, — палавіца гэтае лішніцы запоны хай зьвешуецца адзаду вітальні.
А што застанецца з пакрыццяў, якія рыхтуюцца на дах, гэта значыць, адно пакрыццё, якое з’яўляецца больш шырокім, — накрый з сярэдзіны яго задні бок скініі;
А локаць із аднаго і локаць із другога боку, каторы застанецца ад даўжыні запонаў будану, няхай вісяць па бакох вітальні, адгэтуль і адгэнуль прыкрываць яе.
і хай вісіць локаць з адной часткі, з другой — другі, які з’яўляецца даўжэйшым за пакрыцці палаткі, накрываючы абодва бакі скініі.
І зрабі прыкрыцьце на будан із скураў бараніх, пахварбаваных на чырвана, і прыкрыцьце на верх із скураў барсуковых.
Зрабі іншае пакрыццё на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і яшчэ другое пакрыццё верхняе з сініх шкур.
І зрабі дошкі да вітальні зь дзерва акацы, каб яны стаялі.
Зрабі і дошкі для скініі з дрэва акацыі, каб яны стаялі;
Дзесяць локцяў удаўжкі дошка, і паўтара локця кажная дошка ўшыркі.
у даўжыню кожная дошка хай мае дзесяць локцяў, а ў шырыню — паўтара локця.
Два чэпы ў кажнай дошцы, злучаныя адзін із адным. Гэтак зробіш у вусіх дошках будану.
На кожнай дошцы хай будуць два шыпы, каб злучацца адна з адною; так хай будуць прыгатаваны ўсе дошкі скініі.
І зрабі дошкі да вітальні: дваццаць дашчок да паўднявога боку, на паўдня.
Так зробіш дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень;
І сорак срэбных падложкаў зрабі пад дваццаць дашчок: два падложкі пад адну дошку да двух чэпаў ейных, і два падложкі пад другую дошку да двух чэпаў ейных.
і пад іх зрабі сорак срэбраных падножжаў, [па два пад адну дошку], каб кожнае падножжа падтрымліваліся адным шыпам адной дошкі.
І да другога боку вітальні на поўнач дваццаць дашчок.
Хай будуць таксама дваццаць дошак для другога боку скініі, што глядзіць на поўнач,
І сорак падложкаў срэб- ных: два падложкі пад адну дошку, і два падложкі пад другую дошку.
і для іх сорак срэбраных падножжаў; два падножжы хай падкладваюцца пад адну дошку.
І да бакоў вітальні, на мора (захад) зрабі шэсьць дашчок.
А для задняга боку скініі, на захад, зрабі шэсць дошак.
І дзьве дошкі зрабі да вуглоў вітальні на бакох.
Зноў дзве другія дошкі, якія будуць стаяць па вуглах на заходнім баку скініі, зрабі.
І будуць падвойныя далавах і сумесныя ўгары ў вадным канцу: гэтак мае быць ізь імі абедзьвімі; да абодвых вуглоў будуць.
І яны хай будуць падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху; так хай будзе з гэтымі дзвюма, хай будуць яны на абодва вуглы.
І будзе восьмі дашчок, і іх падложкаў срэбных шаснанцаць: два падложкі пад аднэю дошкаю, і два падложкі пад другою дошкаю.
І так будзе восем дошак, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць, бо налічана два падножжы на адну дошку.
І зрабі завалы зь дзерва акацы: пяць да дашчок аднаго боку вітальні,
І зрабі жэрдкі з дрэва акацыі, пяць для падтрымкі дошак на адным баку скініі,
І пяць завалаў да дашчок другога боку віталькі, і пяць завалаў да дашчок задняга боку, ззаду віталькі, на мора (захад).
і пяць другіх для другога боку скініі, і такую ж колькасць у заходняй частцы;
А завала сярэдняя памеж дашчок будзе праходзіць ад аднаго канца да другога.
а сярэдняя жэрдка хай праходзіць пасярэдзіне дошак ад аднаго краю аж да другога.
І дошкі пацягні золатам, і колцы іх зрабі залатыя, як месцы дзеля завалаў, і пацягні завалы золатам.
А самі дошкі пакрый золатам, і зрабі для іх кольцы з золата, з дапамогай якіх жэрдкі будуць падтрымліваць дошкі, і пакрый іх залатымі пласцінамі.
І пастанаві вітальню подле ўставы яе, каторую я паказаў табе на гары.
І пастаў скінію паводле ўзору, які быў паказаны табе на гары.
І зрабі запінаху з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны і цянюсенькага тканага палатна; умелай работы маюць быць зроблены на ёй херувы.
І зрабі заслону з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з вытканымі херубінамі.
І запні яе на чатырох стаўпох із акацы, пацягненых золатам, кручкі іх залатыя, на чатырох падложках срэбных.
Павесіш яе на чатырох слупах з дрэва акацыі, якія хай будуць пакрытыя золатам, і хай маюць залатыя аплікі, але срэбраныя падножжы.
І запні запінаху пад кручкамі, і ўнясі туды, за запінаху ў нутр скрыню сьветчаньня; і аддзеле заслона вам сьвятыню ад Сьвятога Сьвятых.
І прасунь заслону ў аплікі, за ёю пакладзі каўчэг сведчання, і хай ім аддзяляецца месца святое ад найсвяцейшага.
І палажы века на скрыню сьветчаньня ў Сьвятым Сьвятых.
Пакладзі і перамольню на каўчэг сведчання ў месцы найсвяцейшым.
І пастанаві стол вонках запінахі, і сьветач супроці столу на баку вітальні на паўдня; а стол пастанаві на паўночным баку.
І стол па-за заслонай, а насупраць стала на паўдзённым баку скініі — падсвечнік; стол жа хай стаіць на паўночным баку.
І зрабі запону да ўходу з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны і зь цянюсенькага суканага палатна вышыванае работы.
Зрабі заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы.
І зрабі да запоны пяць стаўпоў з акацы, і пацягні іх золатам, і кручкі да іх залатыя; і вылі да іх пяць падложкаў мядзяных.
І пакрый золатам пяць слупоў з дрэва акацыі, перад якімі будзе праведзена заслона; хай аплікі да іх будуць залатыя, і падножжы медныя.