1 Скінію зрабі так: зрабі дзесяць палотнаў: з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю.
2 Даўжыня кожнага палатна хай мае дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага палатна хай будзе чатыры локці. Усе палотны павінны быць аднаго памеру.
3 Пяць палотнаў хай будуць звязаныя адно з адным, і другія пяць палотнаў хай будуць звявязаныя адно з адным.
4 Зрабі гіяцынтавыя петлі на краі аднаго палатна, на краі злучэння; і такім жа чынам зрабі на краі апошняга палатна ў другім злучэнні.
5 Пяцьдзесят петляў зрабі на адным палатне і пяцьдзесят петляў зрабі на вяршыні палатна, што знаходзіцца ў другім злучэнні, прасунутыя так, каб пятля прыходзілася насупраць пятлі.
6 Зрабі і пяцьдзесят залатых аплікаў, якімі патрэбна злучыць палотны, каб скінія была адным цэлым.
7 Зрабі і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй.
8 Даўжыня аднаго пакрыцця хай мае трыццаць локцяў, а шырыня — чатыры; хай ўсе адзінаццаць пакрыццяў будуць аднолькавага памеру.
9 Злучы пяць з іх асобна, а шэсць злучы асобна між сабою так, каб шостае пакрыцце зрабіць падвойным адносна шырыні даху.
10 Зрабі пяцьдзесят петляў на краі апошняга пакрыцця для аднаго злучэння, і пяцьдзесят петляў па краі другога злучэння.
11 Зрабі пяцьдзесят медных аплікаў, якімі павінны злучацца петлі, каб з усяго атрымалася адзіная палатка.
12 А што застанецца з пакрыццяў, якія рыхтуюцца на дах, гэта значыць, адно пакрыццё, якое з’яўляецца больш шырокім, — накрый з сярэдзіны яго задні бок скініі;
13 і хай вісіць локаць з адной часткі, з другой — другі, які з’яўляецца даўжэйшым за пакрыцці палаткі, накрываючы абодва бакі скініі.
14 Зрабі іншае пакрыццё на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і яшчэ другое пакрыццё верхняе з сініх шкур.
15 Зрабі і дошкі для скініі з дрэва акацыі, каб яны стаялі;
16 у даўжыню кожная дошка хай мае дзесяць локцяў, а ў шырыню — паўтара локця.
17 На кожнай дошцы хай будуць два шыпы, каб злучацца адна з адною; так хай будуць прыгатаваны ўсе дошкі скініі.
18 Так зробіш дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень;
19 і пад іх зрабі сорак срэбраных падножжаў, [па два пад адну дошку], каб кожнае падножжа падтрымліваліся адным шыпам адной дошкі.
20 Хай будуць таксама дваццаць дошак для другога боку скініі, што глядзіць на поўнач,
21 і для іх сорак срэбраных падножжаў; два падножжы хай падкладваюцца пад адну дошку.
22 А для задняга боку скініі, на захад, зрабі шэсць дошак.
23 Зноў дзве другія дошкі, якія будуць стаяць па вуглах на заходнім баку скініі, зрабі.
24 І яны хай будуць падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху; так хай будзе з гэтымі дзвюма, хай будуць яны на абодва вуглы.
25 І так будзе восем дошак, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць, бо налічана два падножжы на адну дошку.
26 І зрабі жэрдкі з дрэва акацыі, пяць для падтрымкі дошак на адным баку скініі,
27 і пяць другіх для другога боку скініі, і такую ж колькасць у заходняй частцы;
28 а сярэдняя жэрдка хай праходзіць пасярэдзіне дошак ад аднаго краю аж да другога.
29 А самі дошкі пакрый золатам, і зрабі для іх кольцы з золата, з дапамогай якіх жэрдкі будуць падтрымліваць дошкі, і пакрый іх залатымі пласцінамі.
30 І пастаў скінію паводле ўзору, які быў паказаны табе на гары.
31 І зрабі заслону з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з вытканымі херубінамі.
32 Павесіш яе на чатырох слупах з дрэва акацыі, якія хай будуць пакрытыя золатам, і хай маюць залатыя аплікі, але срэбраныя падножжы.
33 І прасунь заслону ў аплікі, за ёю пакладзі каўчэг сведчання, і хай ім аддзяляецца месца святое ад найсвяцейшага.
34 Пакладзі і перамольню на каўчэг сведчання ў месцы найсвяцейшым.
35 І стол па-за заслонай, а насупраць стала на паўдзённым баку скініі — падсвечнік; стол жа хай стаіць на паўночным баку.
36 Зрабі заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы.
37 І пакрый золатам пяць слупоў з дрэва акацыі, перад якімі будзе праведзена заслона; хай аплікі да іх будуць залатыя, і падножжы медныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Выхаду, 26 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012
