Выхад 35 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І зьбер Масей усю грамаду сыноў Ізраелявых, і сказаў: «Гэта словы, што расказаў СПАДАР чыніць іх:
 
Такім чынам, сабраўшы ўсю грамаду сыноў Ізраэля, ён сказаў ім: «Вось што загадаў Госпад, каб споўнілася.

"Шэсьць дзён рабіце работу, а сёмага дня мае быць у вас сьвята, сыбота супачынку СПАДАРУ; кажны, хто будзе рабіць у яе работу, памрэць.
 
Шэсць дзён працуйце, а сёмы дзень хай будзе вам святы, субота і адпачынак для Госпада; хто будзе працаваць у той дзень, загіне.

Не паліце агню ў вусіх гасподах сваіх у дзень сыботы».
 
Не распальвайце агню ў дзень суботні ва ўсіх жытлах вашых».

І сказаў Масей усёй грамадзе сыноў Ізраелявых: «Гэта тое слова, што расказаў СПАДАР, кажучы:
 
І сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Вось што загадаў Госпад, кажучы:

"Вазьміце ад сябе дар СПАДАРУ; кажны ахвотнага сэрца хай прынясець аброк СПАДАРУ: золата, срэбла а медзь,
 
“Вылучыце ў сябе дары для Госпада”. Кожны добраахвотна і са шчыраю душою хай зложыць гэта для Госпада: золата, і срэбра, і медзь,

І воўну васільковую а пурпуровую а чырвовую, і цянюсенькае палатно, і казіную поўсьць,
 
і пурпур, і гіяцынт, і чырвань і вісон, казіную поўсць

І скуры баранія чырвоныя, і скуры барсуковыя, і дзерва акацу,
 
і шкуры бараноў, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, таксама дрэва акацыі

І аліву да сьветача, і пахі на алей памазаньня й да пахнючага кадзеньня,
 
і алей для каганцоў, і вострыя духмяныя рэчывы, каб прыгатаваць алейкі і найсаладзейшае курэнне,

І камяні оніксу, і каменчыкі ўсаджаныя на наплечнік а нагруднік".
 
камяні оніксавыя і самацветы на аздабленне эфода і нагрудніка.

І кажны з вас мудры сэрцам хай прыдуць і зробяць усе, што расказаў СПАДАР:
 
Хто з вас мудры, хай прыйдзе і робіць, што загадаў Госпад, гэта значыць:

"Вітальню а будан яе а пакрыцьце яе, кручкі яе а дошкі яе, нашулкі яе, стаўпы яе а падстаноўкі яе,
 
скінію і палатку яе, і пакрыцце, аплікі і дошкі з жэрдкамі, слупы і падножжы іх;

Скрыню а нашулкі яе, века а запінаху запоны,
 
каўчэг і жэрдкі, перамольню і заслону, якая вешаецца перад ёй;

Стол а нашулкі яго а ўсі судзіны яго, і хлябы Выкладу,
 
стол з жэрдкамі, і з пасудзінамі, і з хлябамі пакладнымі;

І сьветач да сьвяценьня із судзінамі яго, і лянпы яго, і аліву да сьвяценьня,
 
падсвечнік, каб падтрымліваць лямпы, пасудзіны яго, і лямпы, і алей на сілкаванне лямп;

І аброчнік да кадзеньня а нашулкі яго, і алей памазаньня і пахнючыя кадзеньні, запону да ўходу вітальні,
 
ахвярнік каджэння і жэрдкі, і алей для намашчэння, і кадзіла з вострых духмяных рэчываў; заслону на ўваход у палатку;

Аброчнік усепаленьня а крату мядзяную да яго а нашулкі яго а ўсе судзьдзе яго, мыцельнік а падложак яго,
 
ахвярнік цэласпалення і ягократы медныя з жэрдкамі і пасудзінамі яго, таз з яго падножжам;

Заслоны панадворку, стаўпы яго а падложкі іх і запону ля ўходу ў панадворак,
 
заслона для ўваходу ў панадворак са слупамі і падножжамі;

Кольле вітальні а кольле панадворку а паварозкі іх,
 
калкі скініі і панадворка з ланцужкамі іх;

Адзецьці службовыя да служэньня ў сьвятыні а сьвятыя адзецьці Аарону сьвятару а адзецьці сыном ягоным да сьвятарстваваньня"».
 
шаты тканыя, што ўжываюцца ў час служэння ў свяцілішчы, святыя шаты для Аарона святара і шаты для сыноў яго, каб служылі Мне святарамі».

І вышла ўся грамада сыноў Ізраелявых ад Масеявага віду.
 
Адышоў з вачэй Майсея ўвесь сход сыноў Ізраэля,

І прыходзіла кажная людзіна, каторую прынукала да гэтага сэрца, і кажны, каторага захочаваў дух ягоны, і прыносілі аддзелены дар СПАДАРУ на рабеньне будану збору, і на ўсе служэньне яго, і на сьвятыя адзецьці.
 
і прыйшоў кожны, хто быў з найшчырэйшай душою, і прынёс добраахвотна дары для Госпада на пабудову палаткі сустрэчы і што трэба было для служэння і шатаў святых.

І прыходзілі мужы із жонкамі, усі ахвотнага сэрца прыносілі ўносьніцы а завушніцы а жуковіны а кралі, і ўсялякія залатыя рэчы, кажны хто нахінаў нахінаньне золата СПАДАРУ.
 
Мужчыны і жанчыны, усе добраахвотна прыносілі заколкі і завушніцы, пярсцёнкі і бранзалеты; і ўсякая залатая рэч была выдзелена ў дар Госпаду.

І кажны, у каго была воўна васільковая а пурпуровая а чырвовая, цянюсенькае палатно й казіная поўсьць, скуры баранія, хварбаваныя на чырвана, і скуры барсуковыя, прыносіў іх.
 
Калі хто меў гіяцынт і пурпур, чырвань, вісон і казіную поўсць, барановы шкуры, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія,

І кажны, хто падыймаў дар срэбла а медзь, прыносіў гэты дар СПАДАРУ; і кажны, у каго знайшлося дзерва акаца прыносілі на ўсялякую работу служэньня.
 
металы срэбра і медзі, дрэва акацыі на ўсякі ўжытак, прыносілі Госпаду.

І кажная жонка, мудрая сэрцам, прала сваімі рукамі й прыносіла пражу васільковага, пурпуровага а чырвовага колеру й цянюсенькае палатно.
 
Таксама і жанчыны ўмелыя далі тое, што пралі: гіяцынт і пурпур, і чырвань, і вісон,

І ўсі жанкі, каторых прынукала сэрца мудрасьцю, пралі сваю казіную поўсьць.
 
і казіную поўсць, добраахвотна ўсе прыносячы.

А князі прыносілі камень онікс а каменчыкі, усаджаныя ў наплечнік а нагруднік,
 
А кіраўнікі прынеслі камяні оніксавыя, і самацветы для аздаблення эфода і нагрудніка,

І пахі, і аліву да сьветача, і да алею памазаньня, і на пахнючыя кадзеньні.
 
і вострыя духмяныя рэчывы, і алей, каб зрабіць каганцы, і каб прыгатаваць алейкі, і каб скласці кадзіла з найсаладзейшым пахам.

Бо кажны мужчына й жонка із сыноў Ізраелявых, каторых захочавала сэрца іхнае прынесьці на ўсялякую работу, якую СПАДАР Масеям расказаў зрабіць, прыносілі самахвотны дар СПАДАРУ.
 
Усе мужчыны і жанчыны са шчырай душою прынеслі дары, каб адбыліся справы, якія Госпад загадаў праз пасрэдніцтва Майсея. Усе сыны Ізраэля прысвяцілі Госпаду добраахвотныя дары.

І сказаў Масей сыном Ізраелявым: «Глядзіце, СПАДАР гукнуў наймя Бецал-эля, сына Ура Гуранка, з плямені Юдзінага,
 
І Майсей прамовіў да сыноў Ізраэля: «Вось, Госпад паклікаў па імені Бесэлеэля, сына Ура, сына Гура з пакалення Юды;

І напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю а кемнасьцю а веданьням а ўсялямім рамяством,
 
і напоўніў яго Духам Божым, мудрасцю, і ўмеласцю, і ведамі на ўсякую справу,

І выдумляць мастацтва, рабіць у золаце а срэбле а медзі,
 
каб разумець і вырабляць з золата, срэбра і медзі,

І ў рэзаньню каменьня да ўсаджаньня, і ў рэзаньню дзерва, і рабіць усялякую мастацкую работу.
 
каб разрэзваць і ўстаўляць каштоўныя камяні і каб рэзаць па дрэве — усё, што магчыма зрабіць па-майстэрску.

І здольнасьць вучыць даў у сэрца ягонае а Аголява Агісамашонка, з плямені Дановага.
 
Уклаў таксама ў сэрца яго, каб ён вучыў іншых, у яго самога і ў Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана.

Ён напоўніў іх мудрасьцю сэрца, рабіць усялякую работу ґравэра а мастака а вышываньніка на васільковай, пурпуровай, чырвовай тканіне і на цянюсенькім палатне, і ткача, усялякую работу робячага й мастацтва выдумляючага».
 
Напоўніў Ён іх абодвух мудрасцю, каб рабілі работу мастацкую ткача і вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, і чырвані, і вісоне, і звычайнага ткача, што выконвае ўсякую работу і вынаходзіць штосьці новае».