Выхад 13 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І казаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею, кажучы:

«Пасьвяці імне кажнага першака, што рашчыняе ўсякія дзетніцы меж сыноў Ізраелявых, у чалавеку і ў статку: Імне яны».
 
«Пасвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлонне ў сыноў Ізраэля: як сярод людзей, так і сярод жывёлы, бо гэта ўсё Маё».

І сказаў Масей люду: «Памятуй гэты дзень, каторага вышлі зь Ягіпту, з дамовы нявольнікаў, бо рукою моцнаю вывеў вас СПАДАР адгэтуль, і ня ежча кіслага.
 
І сказаў Майсей народу: «Памятайце пра той дзень, у які выйшлі вы з Егіпта, з дома няволі; бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; так што не ежце вы заквашанага хлеба.

Сядні выходзіце вы ў месяцу Авіве.
 
Сёння выходзіце вы, у месяцы Абіб.

І будзе, як увядзець СПАДАР у зямлю Канааняніна а Гэціча а Аморэя а Гэвея а Евусэя, праз каторую прысяг айцом тваім, што дасьць табе зямлю, што цячэць малаком а мёдам; дык служы гэтую службу ў гэтым месяцу.
 
І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў, гівеяў і евусеяў, якою прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць табе зямлю, што ацякае малаком і мёдам, тады павінен ты святкаваць яго ў гэтым самым месяцы.

Сем дзён еж прэсны хлеб, і сёмага дня — сьвята СПАДАРУ.
 
Сем дзён карміцеся праснакамі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасць Госпаду.

Прэсны хлеб маеце есьці гэтыя сем дзён; і ня мае быць бачана ў цябе кіслага хлеба, і ня мае быць бачана ў цябе кісьлі ў вусіх граніцах тваіх.
 
Праснакі будзеце есці сем дзён: і не з’явіцца ў цябе нічога заквашанага, і не будзе заквашанага ва ўсіх межах зямлі тваёй.

І паведаеш у гэты дзень сыну свайму, кажучы: "Гэта затым, што ўчыніў СПАДАР імне, як я выходзіў зь Ягіпту".
 
І ў той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Егіпта”.

І будзе табе гэта знаком на руццэ тваёй і памяткаю меж аччу твайго, каб закон СПАДАРОЎ быў у вуснах тваіх; бо рукою моцнаю вывеў цябе СПАДАР ізь Ягіпту.
 
І вось, гэта будзе табе як знак у руцэ тваёй і як напамін у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх; бо рукою дужаю вывеў цябе Госпад з Егіпта.

І будзеш дзяржаць уставу гэту ў прызначаным часе дзень пры дню.
 
Спаўняй гэты святы звычай у вызначаны час дзень пры дні.

І будзе, што як увядзець цябе СПАДАР у зямлю Канаанскую, як Ён прысягаў табе й айцом тваім, і дасьць яе табе:
 
І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў, якою прысягнуў Ён табе і бацькам тваім, і дасць табе яе,

Дык адлучай СПАДАРУ ўсе, што рашчыняе дзетніцу, і кажнае малое, рашчыняючае ў жывёлы, якое ў цябе будзе, з усіх самцоў, СПАДАРУ.
 
то аддзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне і што першароднае ў жывёлы тваёй; і што будзеш мець мужчынскага роду — прысвяці Госпаду.

А кажнага з аслоў, што рашчыняе, выкупіш баранчыкам; а калі ня выкупіш, зламі карк ягоны; і кажнага першака людзкога із сыноў сваіх выкупляй.
 
Першароднага ад асла заменіш авечкай; тое, што не выкупіш, забі. Усё ж першароднае ад чалавека з сыноў тваіх выкупляй за грошы.

І будзе, што як папытаецца ў цябе сын твой заўтра, кажучы: "Што гэта?" то скажы яму: "Рукою моцнаю вывеў нас СПАДАР ізь Ягіпту, з дамовы нявольнікаў.
 
І калі заўтра спытае ў цябе сын твой, гаворачы: “Што гэта?”, — ты адкажаш яму: “Дужаю рукою вывеў нас Госпад з Егіпта, з дому няволі.

І было, як закалянеў Фараон, каб не адпусьціць нас, дык забіў СПАДАР кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад першака людзкога аж да першака із жывёлы: з гэтае прычыны я абракаю СПАДАРУ кажнага рашчыняючага дзетніцу з усіх самцоў, а кажнага першака із сыноў сваіх выкупляю".
 
Бо калі фараон заўпарціўся і не хацеў нас адпусціць, забіў Госпад усё паршароднае на зямлі Егіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднага жывёлы; таму я ахвярую Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне, мужчынскага роду, і ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю”.

І няхай будзе знак на руццэ тваёй і павязка між аччу тваіх, бо рукою моцнаю вывеў нас СПАДАР ізь Ягіпту».
 
Такім чынам, гэта будзе быццам знак на руцэ тваёй і быццам тое, што падвешана перад вачамі тваімі дзеля ўспаміну, бо Госпад дужаю рукою вывеў нас з Егіпта».

І як адпусьціў Фараон люд, то не павёў іх па дарозе зямлі Пілісцкае, бо яна блізкая; бо сказаў Бог: «Каб ня каяўся люд, абачыўшы вайну, і не зьвярнуўся да Ягіпту».
 
Бо калі фараон выслаў народ, не павёў іх Бог па дарозе да зямлі філістынцаў, што была найкарацейшай, думаючы аб тым, каб народ, часам, не раскаяўся, калі б убачыў перад сабою войны, і каб ён не вярнуўся ў Егіпет,

І абвёў Бог люд дарогаю пустыннай да Чырвонага мора, І вышлі збройныя сынове Ізраелявы ізь зямлі Ягіпецкае.
 
а павёў яго навокал па дарозе пустыні, якая праходзіць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлі ўзброенымі з зямлі Егіпецкай.

І ўзяў Масей із сабою косьці Язэпавы, бо прысягаю запрысяг Язэп сыноў Ізраелявых, кажучы: «Напэўна даведаецца да вас Бог, і вы із сабою ўзьнясіце косьці мае адгэтуль».
 
Таксама забраў Майсей з сабою косці Язэпа, бо ён заклінаў сыноў Ізраэля, гаворачы: «Бог наведае вас; тады панясіце з сабою адсюль косці мае».

І падарожжавалі із Сукофа, і разьлягліся табарам у Ефаме, на канцу пустыні.
 
І выйшаўшы з Сукота, яны сталі лагерам у Этаме, на крайніх межах пустыні.

І СПАДАР ішоў перад імі ўдзень у стаўпе болачным, каб весьці іх па дарозе, а ночы ў стаўпе агняным, каб сьвяціць, каб ісьці ім удзень і ночы.
 
А Госпад ішоў перад імі днём у воблачным слупе, каб паказваць дарогу, а ноччу ў слупе агню, каб свяціць ім, каб быў правадыр у дарозе ў любы час.

Не адымаў стаўпа болачнага ўдзень і стаўпа агнявога ночы ад віду люду.
 
Ніколі не знікаў з вачэй народа слуп воблачны днём, ані вогненны слуп ноччу.