Выхад 14 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І казаў СПАДАР Масею, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
«Скажы сыном Ізраелявым, каб яны адвярнуліся й разьлягліся табарам перад Пі-Гагірофам, меж Міґдолу й мора, перад Ваал-Цэфонам; супроці яго станьце табарам ля мора.
«Скажы сынам Ізраэля, хай, звярнуўшыся, стануць яны лагерам пад мясцовасцю Пігахірот, што паміж Магдолам і морам, насупраць Баал-Сэфона; насупраць яго раскладвайце лагер над морам.
І скажа Фараон праз сыноў Ізраелявых: "Яны заблыталіся ў зямлі, заперла іх пустыня".
І скажа фараон пра сыноў Ізраэля: “Яны блукаюць у зямлі гэтай; замкнула іх пустыня”.
Я закаляню сэрца Фараонава, і ён пажанецца за імі, і ўслаўлюся на Фараону і на ўсім войску ягоным; і пазнаюць Ягіпцяне, што Я — СПАДАР». І зрабілі гэтак.
І Я зраблю цвёрдым сэрца яго, і ён будзе пераследаваць вас, і Я ўслаўлюся на фараоне і на ўсім войску яго; і хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад». Яны так і зрабілі.
І наказалі каралю Ягіпецкаму, што люд — уцёк; і абярнулася сэрца Фараонава і слугаў ягоных супроці люду гэтага, і яны сказалі: «Што гэта мы зрабілі, што адпусьцілі Ізраелцаў, каб не рабілі нам?»
І паведамілі цару Егіпецкаму, што ўцёк народ; і змянілася сэрца фараона і паслугачоў яго адносна народа, і яны сказалі: «Што гэта мы зрабілі, калі выгналі Ізраэль, каб ён не служыў нам?»
І запрог цялежкі свае, і люд свой узяў із сабою.
Таму фараон узяў з сабою калясніцы і ўвесь свой народ;
І ўзяў шасьцьсот цялежак выборных, і ўсі цялежкі ягіпецкія, і вайводцаў над усімі імі.
і ўзяў ён шэсцьсот калясніц адборных і ўсе калясніцы, што былі ў Егіпце, і на кожнай калясніцы былі воіны.
І закаляніў СПАДАР сэрца Фараонава, караля ягіпецкага, і ён пагнаўся за сынамі Ізраелявымі; а сынове Ізраелявы вышлі пад рукою высокаю.
І зрабіў Госпад цвёрдым сэрца фараона, цара Егіпта, і ён пачаў пераследаваць сыноў Ізраэля; але яны выйшлі пад рукою ўзвышняю.
І пагналіся Ягіпцяне за імі, і ўсі коні зь цялежкамі Фараонавымі, і коньнікі, і ўсе войска ягонае, і насьпелі, як разьлягліся ля мора, каля Пі-Гагірофа перад Ваал-Цэфонам.
І, паколькі егіпцяне, усе коні і калясніцы фараона, коннікі і войска яго ішлі па слядах тых, хто быў наперадзе, яны заспелі іх у лагеры над морам; пад Пігахіротам і насупраць Баал-Сэфона.
І Фараон дабліжыўся, і ўзьнялі сынове Ізраелявы вочы свае, і во Ягіпет крануўся за імі: і надта баяліся, і гукалі сынове Ізраелявы да СПАДАРА;
І, калі наблізіўся фараон, сыны Ізраэля, паднімаючы вочы, убачылі егіпцян за сабою, і вельмі спалохаліся і пачалі клікаць Госпада,
І сказалі Масею: «Ціж затым, што няма грабоў у Ягіпце, ты ўзяў нас паміраць на пустыні? Што гэта ты зрабіў із намі, вывеўшы нас ізь Ягіпту?
і казалі Майсею: «Магчыма, не было магіл у Егіпце? Таму ты прывёў нас, каб мы паўміралі ў пустыні. Што гэта вы зрабілі, вывеўшы нас з Егіпта?
Ці ня гэта самае казалі мы табе ў Ягіпце, сказаўшы: "Адчапіся ад нас, і няхай мы служым Ягіпцянам"? Бо вален нам служыць у Ягіпцян, чымся памерці на пустыні».
Ці ж не тую самую размову вялі мы з табою ў Егіпце, гаворачы: “Пакінь нас, каб мы служылі егіпцянам”? Бо значна лепей было служыць ім, чым прападаць у пустыні».
Масей сказаў люду: «Ня бойцеся, станаўко стойце й абачыце спасеньне СПАДАРА, каторае вам зьдзее сядні; бо Ягіпцян, каторых бачыце вы сядні, ужо не пабачыце на векі.
Але Майсей сказаў народу: «Не бойцеся; стойце на месцы і ўбачыце збаўленне Госпада, якое ўчыніць Ён вам сёння; бо егіпцян, якіх цяпер бачыце, ужо ніколі не ўбачыце да веку.
СПАДАР будзе ваяваць за вас, а вы будзеце маўчэць».
Госпад будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі».
І сказаў СПАДАР Масею: «Чаго гукаеш да мяне? Гукай сыном Ізраелявым, і хай крануцца ў дарогу.
І сказаў Госпад Майсею: «Чаму прызываеш Мяне? Скажы сынам Ізраэля, хай ідуць.
А ты падыймі посах свой і выцягні руку сваю на мора, і расьсячы яго, і ўвыйдуць сынове Ізраелявы сярод мора сушаю.
А ты падымі кій твой, і выцягні руку тваю над морам, і раздзялі яго, каб прайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сухім.
А Я, вось, закаляню сэрца Ягіпцян, і яны ўвыйдуць за імі, і ўслаўлюся на Фараону і на ўсім войску ягоным, на цялежках ягоных і на коньніках ягоных,
А Я зраблю цвёрдым сэрца егіпцян, каб гналіся за імі; і ўслаўлю Сябе на фараоне і на ўсім войску яго, на калясніцах і на конніках яго.
І даведаецца Ягіпет, што Я СПАДАР, як услаўлюся на Фараону, на цялежках ягоных і на коньніках ягоных».
І хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад, калі ўслаўлюся на фараоне, на калясніцах і на конніках яго».
І крануўся Ангіл Божы, што йшоў перад табарам Ізраелцаў, і пайшоў адзаду іх, і крануўся стоўп болачны ад віду іхнаха, і стаў адзаду іх;
І, уздымаючыся, Анёл Божы, які ішоў перад лагерам Ізраэля, пайшоў за імі; і разам з ім слуп воблачны, пакідаючы іх наперадзе, стаў за імі.
І ўвыйшоў памеж табару ягіпецкага й табару ізраельскага, і быў болкаю а цемраю, і асьвячаў ноч; і ня бліжыліся адны да адных усю ноч.
І стаў паміж войскам егіпцян і лагерам Ізраэля; і быў хмарай цёмнай, і тою, што асвятляе ноч, так што яны не змаглі падысці адзін да аднаго за ўвесь час ночы.
І выцягнуў Масей руку сваю на мора, і гнаў СПАДАР мора вялікім усходнім ветрам усю ноч, і ўчыніў мора сушаю; і расьсекліся воды.
І, калі працягнуў Майсей руку над морам, Госпад адагнаў яго, бо дзьмуў гвалтоўны і сухі вецер усю ноч і ператварыў яго ў сухую зямлю; вада раздзялілася,
І пайшлі сынове Ізраелявы сярод мора сушаю: і воды былі ім сьцяною зь іх правага й зь іх левага боку.
і пайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сушы; а вада была, быццам мур, з правага і з левага іх боку.
І пагналіся Ягіпцяне, і пайшлі за імі ў сярэдзіну мора кажны конь фараонаў, цялежкі ягоныя і коньнікі ягоныя.
І, пераследуючы іх, егіпцяне пайшлі за імі, уся конніца фараона, калясніцы яго і коннікі праз сярэдзіну мора.
І сталася ў ранічную старожу, і глянуў СПАДАР далоў на табар Ягіпцян із стаўпа агнянога а болачнага, і зьмяшаў табар Ягіпцян.
І ўжо прыйшла ранішняя варта, і вось, Госпад, назіраючы за лагерам егіпцян праз вогненны і воблачны слуп, збянтэжыў войска іх;
І адняў колы ў цялежак іхных, так што яны цягнулі іх ізь цяжкасьцяй. І сказаў Ягіпет: «Уцяку ад віду Ізраелцаў, бо СПАДАР ходаецца за іх супроці Ягіпту».
і затрымаў Ён колы калясніц, так што з цяжкасцю рухаліся яны. І казалі егіпцяне: «Уцячэм ад Ізраэля! Бо Госпад змагаецца за іх супраць нас».
І сказаў СПАДАР Масею: «Выцягні руку сваю на мора, і зьвернуцца воды на Ягіпет, на цялежкі ягоныя і на коньнікаў ягоных».
І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над морам, каб нахлынулі воды на егіпцян, на калясніцы іх і коннікаў».
І выцягнуў Масей руку сваю на мора, і сьвітаньням зьвярнула мора сілу сваю, і Ягіпцяне ўцякалі наўпярэймы яму; і ўтрос СПАДАР Ягіпцян сярод мора.
І, калі выцягнуў Майсей руку над морам, яно на світанні вярнулася на ранейшае месца; і на ўцякаючых егіпцян нахлынулі воды, і апусціў іх Госпад у сярэдзіну хваль.
І зьвярнуліся воды, і пакрылі цялежкі а коньнікаў усяго войска Фараонавага, што ўвыйшлі за імі ў мора; не засталося зь іх нават аднаго.
І нахлынулі воды і пакрылі калясніцы і коннікаў усяго войска фараона, якое, гонячыся, увайшло ў мора; так што ні адзін з іх не застаўся жывым.
А сынове Ізраелявы прайшлі па сушы сярод мора, і воды ім былі сьцяною па правым і па левым баку.
А сыны Ізраэля па сухім перайшлі праз сярэдзіну мора; і воды былі для іх, як мур, з правага і з левага боку.
І выбавіў СПАДАР у дзень гэны Ізраеля з рукі Ягіпцян; і абачыў Ізраель Ягіпет мертвым на беразе мора.
І ў той дзень вызваліў Госпад Ізраэль ад рукі егіпцян, і ўбачылі яны мёртвых егіпцян на беразе мора;
І абачыў Ізраель руку вялікую, каторую ўчыніў СПАДАР на Ягіпце; і баяўся люд СПАДАРА, і паверылі СПАДАРУ й Масею, слузе ягонаму.
і магутную руку, якую выявіў Госпад супраць іх; і ўшанаваў народ Госпада, і паверылі Госпаду і Майсею, паслугачу Яго.