1 да Карынфянаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.
І я не мог да вас, браты, прамаўляць як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце.
Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.
Насычаў я вас малаком, а не ежай, бо былі вы яшчэ кволыя. Ды і цяпер вы яшчэ кволыя,
Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?
дасюль вы яшчэ цялесныя. Бо калі ў вас зайздрасць і нязгода, ці ж вы не цялесныя і ці не робіце па-чалавечы?
Бо, калі адзін кажа: «Я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», дык ці ж ня плоцкія вы?
Калі адзін кажа: «Я — Паўлаў», а другі: «Я — Апалосаў», — дык ці ж вы не цялесныя?
Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы ўверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.
Хто Апалос? Або хто Паўла? Паслугачы, праз якіх вы ўверылі, ды кожны так, як яму Госпад даў.
Я пасадзіў, Апалос паліваў, а ўзрасьціў Бог;
Я пасадзіў, Апалос паліў, але Бог даў расці.
а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.
Не важны той, хто садзіць і хто палівае, але Той важны, Хто дае расці, — Бог!
І хто садзіць і хто палівае — адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
Хто садзіць ды хто палівае — адно і тое ж. Кожны атрымае сваю плату паводле працы сваёй.
Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.
Мы бо — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, будоўля Божая.
Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.
Дадзенай мне Богам ласкай я, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а хто іншы закончыць пабудову. Хай кожны глядзіць, як будуе.
Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
Бо ніхто не можа пакласці іншага падмурка, апрача таго, які пакладзены, які ёсць Ісус Хрыстос.
Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
А ці хто на гэтым падмурку будуе з золата, ці са срэбра, ці з дарагіх камянёў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы, —
дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.
праца кожнага выявіцца; дзень бо Госпадаў пакажа, бо ў агні выявіцца, і справа кожнага, якая ёсць, будзе выпрабавана агнём.
У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;
Той, чыя праца выстаіць, атрымае ўзнагароду,
а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.
а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, аднак, будзе збаўлены, але так, як быццам праз агонь.
Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
Ці ж вы не ведаеце, што вы — святыня Божая ды што Дух Божы жыве ў вас?
Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня — вы.
Калі хто знішчыць святыню Бога, таго знішчыць Бог, бо святыня Божая — святая, і гэта ёсць вы.
Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.
Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто з вас думае, што ён мудры ў гэтым веку, дык хай станецца неразумным, каб быць мудрым.
Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасьці іхняй».
Бо мудрасць гэтага свету ёсць глупства перад Богам, бо напісана: «Ён зловіць мудрых у іхняй хітрасці»
І яшчэ: «Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя».
або зноў: «Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя».
Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:
Дык хай ніхто не хваліцца сярод людзей! Бо ўсё ваша, —
ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, — усё ваша;
ці гэта Паўла, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё ваша,
а вы — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.
а вы — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.