Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
І, калі падыйшлі да Ерузаліму, да Віфагіі і Віфані, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце;
і кажа ім: пайдзе́це ў сяло, што перад вамі; увахо́дзячы да яго, за́раз знойдзеце прывя́занае асьля́тка, на якога ніхто з людзе́й не сяда́ў; адвязаўшы яго, прывядзе́це.
і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды.
І калі хто скажа вам: што вы гэта робіце? адказвайце, што ён партэбны Госпаду: і за́раз пашле́ яго сюды.
Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго.
Яны пайшлі і знайшлі асьлятка, прывя́занае ля варот на вуліцы, і адвязалі яго.
І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня?
І некаторыя, што тамака стаялі, гаварылі ім: што робіце? На што́ асьля́тка адвя́зваеце?
Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх.
Яны адказалі ім, як загадаў Ісус; і тыя пусьцілі іх.
І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго.
І прывялі асьля́тка да Ісуса і паклалі на яго свае́ вопраткі, і Ён се́ў на яго.
А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
І многія пасьцілалі адзе́жу сваю на дарозе, а іншыя рэзалі ве́цьце з дрэваў і ўсьцілалі ім дарогу.
І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!
І тыя, што йшлі перад і за Ім, крычалі, мовячы: Осанна! Багасла́ўлены, што йдзе́ ў імя Госпада!
дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях!
Багасла́ўлена царства айца нашага Давіда, якое йдзе́ ў імя Госпада! Осанна на вышынí!
І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.
І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і ў сьвятыню; і, аглядзе́ўшы ўсё, выйшаў у Віфанію з дванаццацьма, бо час ужо быў позны.
На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;
І наза́ўтрае, як выйшлі яны з Віфаніі, захаце́ў Ён е́сьці.
і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.
І, угле́дзіўшы здалёк смакоўніцу, пакры́тую лісьцём, пайшоў, ці ня знойдзе на ёй што-не́будзь; але, падыйшоўшы да яе́, нічога не знайшоў, апрача лісьця́, бо ня час быў на смоквы.
І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.
І, прамовіўшы, сказаў да яе́ Ісус: Няхай ніхто з цябе́ да ве́ку ня е́сьць плоду! І чулі гэтае вучні Ягоныя.
Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;
І прыйшлі ў Ерузалім. І Ісус, увайшоўшы ў царкву́, пачаў выганяць купляўшых і прадаваўшых у царкве́; і папераваро́чваў сталы́ мяня́льнікаў і ўсло́ны прадаўцоў галубоў;
і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.
і не дазволіў, каб хто праз царкву́ насіў хоць якое судзьдзё.
І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў»? — а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.
І навучаў, кажучы: ці-ж не напісана: дом Мой домам малітвы ўсімі народамі будзе назва́ны, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў (Ісая 56:7; Ерамія 7:11).
Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.
І пачулі гэтае кніжнікі ды архірэі і шукалі, як загубіць Яго, бо бая́ліся Яго, што ўве́сь народ дзівіўся з навукі Ягонае.
А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.
І, як зрабілася позна, Ён выйшаў з ме́ста.
Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.
І раніцай, праходзячы міма, уба́чылі смакоўніцу, засохшы да караня́.
І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.
І, успо́мніўшы, Пётр кажа Яму: Равві! глядзі, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, засохла.
Ісус, адказваючы, кажа ім:
І, адказваючы, Ісус кажа ім:
майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, — будзе яму, што ні скажа.
Ме́йце ве́ру Божую. Бо запраўды́ кажу́ вам: калі хто скажа гарэ гэтай: узьніміся і кінься ў мора, і ня будзе сумлявацца ў сэрцы сваім, але ве́ру ме́ць будзе, ста́нецца так, як гавора, — будзе яму, што-б ні сказаў.
Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, — і будзе вам.
Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго-б вы ні прасілі ў малітве, ве́рце, што даста́неце і будзе вам.
І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;
І калі стаіцё на малітве, даруйце, калі што ма́еце на каго, каб і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, дараваў вам грахí вашыя.
калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.
Калі-ж вы не даруеце, то і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, не даруе вам грахо́ў вашых.
Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны
І прыходзяць ізноў у Ерузалім. І, калі Ён хадзіў у царкве́, падыйшлі да Яго архірэі і кніжнікі ды старшы́ны
і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?
і спыталіся ў Яго: якою ўлада́ю Ты гэтае робіш, і хто даў Табе́ ўладу рабіць гэтае?
Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
Ісус жа адказаў ім, мовячы: спытаюся і Я ў вас адно слова: адкажэце Мне́, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.
хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.
Хрышчэньне Іоанава з не́ба было, ці ад людзе́й? Адказвайце Мне́.
Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» — дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з не́ба, то Ён скажа: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
а сказаць: «ад людзей», — баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.
А сказаць: ад людзе́й — баяліся народу, бо ўсе́ лічылі Іоана, што запраўды́ быў прарок.
І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
І сказалі ў адказ Ісусу: ня ве́даем. Тады Ісус адказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.