Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя.
І вы́йшаў адтуль, і прыйшоў у Сваю ба́цькаўшчыну; і за Ім ішлі вучні Ягоныя.
Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі?
І, калі настала субота, пачаў вучыць у школе; і многія, чуючы, з задзіўле́ньнем гаварылі: адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць да́дзена Яму, што і гэткія цуды чы́няцца рукамі Яго?
ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім.
Ці-ж гэта ня це́сьля, сын Марыі, брат Якава, Есіі, Юды і Сымона? Ці-ж гэта ня сёстры Ягоныя, што пасярод нас? í сумляваліся ў Ім.
А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім.
Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарок без паша́ны, хіба толькі ў сваёй ба́цькаўшчыне і ў родных, і ў доме сваім.
І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх.
І ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі некаторых хворых, ускла́ўшы рукі на іх, аздаравíў.
І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах і вучыў.
І дзівіўся з недаве́рства іх. І хадзіў па вакалíчных селах, навуча́ючы.
І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі.
І паклікаў тых дванаццацёх, і пачаў іх слаць па двое, і даў ім уладу над нячы́стымі ду́хамі.
І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе,
І сказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хле́ба, ні ме́дзі ў поясе,
а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак.
адно абувацца ў пасталы́ і не апранацца ў дзьве́ вопраткі.
І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.
І сказаў ім: калі дзе́ ўвойдзеце ў дом, астава́йцеся ў ім, дакуль ня вы́йдзеце стуль;
І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду.
і калі хто ня пры́ме вас і ня будзе слухаць вас, выходзячы адтуль, абтрасе́це пыл з ног вашых на сьвядоцтва ім. Запраўды́ кажу вам: лягчэй будзе Садому й Гаморы ў дзе́нь суда́, чымся ме́сту гэнаму.
І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне;
І, пайшоўшы, прапаве́дывалі, каб ка́яліся;
выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі.
і выганялі многа дэманаў, і многіх хворых ма́залі аліваю і лячылі.
Цар Ірад, дачуўшыся пра Ісуса, — бо імя Ягонае стала слыннае, — казаў: гэта Ян Хрысьціцель паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.
І дачуўся цар Ірад (бо імя Ягонае сталася ве́дама) і сказаў: гэта Іоан Хрысьціцель уваскрос, і дзеля гэтага цуды праз Яго дзе́юцца.
Іншыя казалі: гэта Ільля. А іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў.
Другія гаварылі: гэта Ільля; а іншыя казалі: гэта прарок, ці адзін із прарокаў.
А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Ян, якому я адцяў галаву, ён паўстаў зь мёртвых.
Ірад жа, пачуўшы, сказаў: гэта Іоан, якому я сьцяў галаву; ён паўстаў із мёртвых.
Бо гэты Ірад, паслаўшы, узяў Яна і ўвязьніў яго ў цямніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго, бо ажаніўся зь ёю.
Бо гэты Ірад, паслаўшы, схапіў быў Іоана і зьвязаў Яго ў вязьніцы за Ірадзіяду, жану́ брата свайго Піліпа, што ўзяў яе́ за жонку.
Бо Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго.
Бо Іоан сказаў Іраду: ня гожа табе́ ме́ць жонку брата твайго.
А Ірадыяда, угневаўшыся на яго, хацела забіць яго; ды не магла.
Ірадзіяда, злуючы́ на яго, жадала забіць яго, ды не магла,
Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго.
бо Ірад баяўся Іоана, ве́даючы яго, як чалаве́ка справядлівага ды сьвятога, і сьцярог яго; дый шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і слухаў яго з ахвотай.
Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, —
І, як нада́рыўся дзе́нь, калі Ірад, з прычыны сваіх урадзін, справіў банке́т сваім вяльможам, ваяводам ды іншым людзям Галіле́і,
дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ўзьляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.
дык дачка́ Ірадзіяды ўвайшла і танцавала й дагадзіла Іраду і банкетава́ўшым з ім. І сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне́, чаго хочаш, і дам табе́,
І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства.
І прысягнуў ёй: чаго папросіш у мяне́, дам табе́, хоць бы палову царства майго.
Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля.
Яна выйшла і спыталася ў маткі сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іоана Хрысьціцеля.
І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля.
І ўраз жа, вярнуўшыся борзда да цара́, папрасіла, ка́жучы: хачу, каб ты даў мне́ цяпе́р жа на місе галаву Іоана Хрысьціцеля.
Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй.
Цар, хоць і зажуры́ўшыся, але дзеля прысягі і тых, што банкетава́лі з ім, не схаце́ў ёй адмовіць.
І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную.
І цар, ураз жа паслаўшы ка́та, загада́ў прыне́сьці галаву ягоную.
Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы і прынёс галаву ягоную на місе і аддаў яе́ дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе́ матцы сваёй.
Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу.
І, дачуўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялі це́ла ягонае ды палажылі яго ў магілу.
І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.
І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі і чаго навучалі.
Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.
І сказаў ім: пайдзе́це адны ў пустыннае ме́сца ды крыху супачы́ньце. Бо так многа было, што прыхо́дзілі й адыхо́дзілі, дый е́сьці ім было не́калі.
І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.
І паплылі ў пустыннае ме́сца ў чаўне́ адны.
Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго.
Народ угле́дзіў іх е́дучы, і многія пазналі; і бе́глі туды пе́ша з усіх ме́стаў, і апярэдзілі іх дый зыйшліся да Яго.
Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа.
Ісус, вы́йшаўшы, угле́дзіў множства народу ды пашкадава́ў іх, бо яны былі, як аве́чкі бяз па́стыра; і пачаў навучаць іх многа.
І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні;
І, як прайшло шмат часу, вучні Яго прыйшлі да Яго ды кажуць: ме́сца тут пустыннае, а час ужо позны.
адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці.
Пусьці іх, каб, пайшоўшы ў вакалíчныя вёскі й сёлы, купілі сабе́ хле́ба, бо ня маюць чаго е́сьці.
Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці?
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: вы́ дайце ім е́сьці. І сказалі Яму: хіба нам пайсьці купіць хле́ба дынараў на дзьвесьце й даць ім е́сьці?
Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны.
Але Ён спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Пайдзе́це й паглядзе́це. Яны, даве́даўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве́ рыбы.
Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.
Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве́.
І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.
І пасе́лі радамі па сто ды па пяцьдзесят.
Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх.
І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы, паўзіраўшыся на не́ба, багаславíў і палама́ў хлябы́, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве́ рыбы падзяліў усім.
І елі ўсе і наеліся;
І е́лі ўсе́ і нае́ліся.
і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў;
І набралі кускоў хле́ба дванаццаць поўных карабо́ў і аста́ткаў ад рыбы.
а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
А было е́ўшых хле́б каля пяцёх тысячаў людзе́й.
І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў чо́вен ды плыці напе́рад на той бе́раг да Віфсаіды, пакуль Ён распусьціць народ.
І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
І, распусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
І, як настаў ве́чар, чо́вен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.
І ўбачыў, як ім цяжка плыці, бо ве́цер быў супраціўны; дык каля чацьве́ртай старожы ўначы́ йдзе́ да іх, ступа́ючы па моры; і хаце́ў абмінуць іх.
Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
Яны-ж, угле́дзіўшы Яго ідучы́ па моры, падумалі, што гэта здань, ды загаласілі.
Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
Бо ўсе́ бачылі Яго і спалохаліся. Дык ураз жа прамовіў да іх і сказаў ім: схамяне́цеся: гэта Я, ня бойцеся!
І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ў сабе і дзіву даваліся.
І ўвайшоў да іх у човен; і ве́цер заціх. І яны цераз ме́ру здуме́ліся ў сабе́ і дзівава́ліся.
Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае.
Бо яны не зразуме́лі аб хлябох: бо сэрца іх было скамяне́ўшы.
І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу.
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да бе́рагу.
Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго,
І, як яны выйшлі з чаўна́, за́раз пазнаўшыя Яго
абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў.
абе́глі ўсю тую вако́ліцу, і пачалі на ложках прынасіць нядужых туды, дзе́, як чулі, быў Ён.
І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.
І, куды Ён ні прыходзіў у сёлы, у ме́сты і ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць да краю адзе́жы Яго дакрану́цца. І тыя, што дакрана́ліся да Яго, спасьліся.