Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці — намасьціць Яго.
І, калі прыйшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якавава і Салямэя купілі пахнíдлаў, каб пайсьці памазаць Яго.
І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
І дужа рана, у пе́ршы дзе́нь ты́дня, прыходзяць да магілы на ўсходзе сонца.
і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
І гаварылі між сабою: хто адваліць нам камень ад дзьве́раў магілы?
І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
І, гля́нуўшы, бачаць камень адва́лены, а быў ён надта вялікі.
І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.
І, увайшоўшы ў магілу, убачылі дзяцюка́, се́дзячы з правага боку й адзе́тага ў бе́лую шату. І спалохаліся.
А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
Ён жа кажа ім: Не палохайцеся! Шукаеце Ісуса Назарэя, расыіятага на крыжу? Ён уваскрос; Яго няма тут. Вось ме́сца, дзе́ палажылі Яго.
Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
Дык ідзе́це, скажэце вучням Ягоным і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галіле́ю; там Яго паба́чыце, як сказаў вам.
І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
І, выйшаўшы, пабе́глі ад магілы; і зьняла іх дрыготка, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
Уваскро́сшы-ж ра́ніцаю ў пе́ршы дзе́нь тыдня, Ісус паказаўся сьпярша Марыі Магдаліне, з якое вы́гнаў се́м дэманаў.
Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
Яна, пайшоўшы, абвясьціла тым, што былі з Ім, ды плакалі й галасілі.
але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, — не паверылі.
І яны, пачуўшы, што Ён жыве́ й быў ба́чаны ёю, не паве́рылі.
Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
Пасьля гэтага паказаўся ў іншым вы́глядзе двум із іх у дарозе, як ішлі ў вёску.
І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.
І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі ўсім іншым, але й ім не паве́рылі.
Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.
Урэшце паказаўся самым адзінаццацём, як спачывалі за сталом, і кары́ў іх за няве́ру й жорсткасьць сэрца, што не паве́рылі ба́чыўшым Яго ўваскро́сшага.
І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.
І сказаў ім: ідзе́це па ўсім сьве́це і абвяшчайце Эвангельле ўсякаму стварэньню.
Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
Хто паве́рыць і ахры́сьціцца, спасён будзе; хто-ж не паве́рыць, засу́джаны будзе.
Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;
А паве́рыўшым будуць гэткія знаме́ньні: íмем Маім дэманаў выганя́цімуць, новымі мовамі гавары́ць будуць;
будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.
зьме́яў браць будуць, ды хоць бы штось сьмяро́тнае вы́пілі, не пашко́дзе ім; паложаць рукі на хворых, дык здаровымі будуць.
І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.
Госпад жа пасьля гутаркі з імі ўзьнёсся на не́ба і се́ў напра́ва ад Бога.
А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.
Яны-ж, вы́йшаўшы, прапаве́дывалі ўсюды з дапамогай Госпада, сцьвярджа́ўшага ўсьле́д слова іхняе знаме́ньнямі. Амін.