Марка 3 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою.
 
І прыйшоў ізноў у школу; і быў там чалаве́к, які ме́ў сухую руку.

І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго.
 
І сачылі за Ім, ці не аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.

А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне.
 
І ка́жа да сухарукага чалаве́ка: стань пасярэдзіне.

А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі.
 
І кажа да іх: Ці нале́жыць рабíць у суботу добрае, ці рабіць благое Жыцьцё ратава́ць, ці загубіць? Яны маўчалі.

І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.
 
І, глянуўшы на іх з гне́вам, ту́жачы аб жо́рсткасьці сэрцаў іхніх, кажа таму чалаве́ку: працягнí руку тваю. Ён працягнуў, і зрабілася рука ягоная здаровая, як і другая.

Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго.
 
Фарысэі, выйшаўшы, зараз жа склікалі з Ірадзіянамі раду аб Ім, каб загубіць Яго.

Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей з Галілеі, Юдэі,
 
Але Ісус з вучнямі Сваімі адыйшоўся да мора, і за Ім пайшло множства народу з Галіле́і, Юдэі,

Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве.
 
Ерузаліму, Ідумэі і з-за Іордану; дый з ваколіц Тыру й Сідону вялікай грамадой, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго.

І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго.
 
І сказаў ву́чням Сваім, каб для Яго быў прыгатава́ны чо́вен, з увагі на мно́жства народу, каб ня цíснуліся да Яго.

Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
 
Бо многіх Ён аздаравíў, дык хворыя цíснуліся да Яго, каб дакрану́цца да Яго.

І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты — Сын Божы.
 
І ду́хі нячы́стыя, ба́чучы Яго, па́далі перад Ім ды крычэлі, кажучы: Ты — Сын Божы!

Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго.
 
Але Ён крэпка пагразіў ім, каб не выяўля́лі Яго.

Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго.
 
І ўзыходзе на гару́ і кліча да Сябе́, каго Сам хаце́ў; і прыйшлі да Яго.

І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць,
 
І выбраў з іх дванаццацех, каб з Ім былі, і каб пасылаць іх прапаве́дываць,

і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў:
 
ды каб ме́лі ўладу аздараўля́ць ад хво́расьцяў і выганяць дэманаў;

паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр;
 
і даў Сымону імя Пётр;

Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, «сыны громавыя»;
 
і Якава Завядзе́явага і Іоана, брата Якава, ім даў іме́ньні Боанэрге́с, што значыць — сыны громавы,

Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта
 
і Андрэя, і Піліпа, і Баўтраме́я, і Мацьве́я, і Хаму́, і Якава Алфе́явага, і Фадзе́я, і Сымона Кананіта,

і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго.
 
ды Юду Іскарыёта, які й прадаў Яго.

Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці.
 
І прыходзяць у дом: і ізноў зыхо́дзіцца народ, так што ім немагчы́ма было і хле́ба пае́сьці.

І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе.
 
І, дачуўшыся, родныя Яго пайшлі ўзяць Яго, бо апавяда́лі, быццам Ён ня пры розуме.

А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя.
 
А кніжнікі, што прыйшлі з Ерузаліму, гаварылі, што Ён ма́е ў Сабе́ вэльзэву́ла ды што выганяе дэманаў імем іхняга князя.

І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану?
 
І, клікнуўшы іх, гаварыў ім прыпо́весьцямі: як можа сатана́ сатану́ выганяць?

Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое;
 
Калі царства разьдзе́ліцца само ў сабе́, ня можа ўстаяць царства тое;

і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той;
 
і калі дом разьдзе́ліцца сам у сабе́, ня можа ўстая́ць дом той;

і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны.
 
і калі сатана́ падняўся на самога сябе́ ды разьдзяліўся, ня можа ўстая́ць, але кане́ц яму.

Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, — і тады зрабуе дом ягоны.
 
Ніхто, увайшоўшы ў дом дужо́га, ня можа абрабаваць дабра́ ягонага, пакуль ня зьвя́жа дужо́га, і тады абрабуе дом ягоны.

Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі;
 
Запраўды кажу вам: будуць дарава́ны сыно́м чалаве́чым усе́ грахí і хулы́, якімі-б яны ні хулíлі;

але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе.
 
але хто будзе хулíць Духа Сьвятога, таму ня будзе дарава́на ніколі, але падляга́е ве́чнаму асуджэньню.

Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух.
 
Бо казалі: у Ім нячысты дух.

І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.
 
І прыйшлі браты і маці Яго і, сто́ячы во́нках, паслалі да Яго клікаць Яго.

Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе.
 
І сядзе́ў каля Яго народ. І сказалі Яму: вось маці твая і браты тваі на падво́рку пытаюць Цябе́.

І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае?
 
І сказаў ім, мовячы: хто маці Мая́ ці браты Мае́?

І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;
 
І, глянуўшы наўкола на сядзе́ўшых ля Яго, кажа: вось маці Мая́ і браты Мае́;

бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці.
 
бо хто выпаўня́цімець волю Божую, той Мне́ і брат, і сястра, і маці.