Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І ўвайшоў (Ён) ізноў у сынагогу; і быў там чалавек са ссохлаю рукою.
І прыйшоў ізноў у школу; і быў там чалаве́к, які ме́ў сухую руку.
І сачылі за Ім, ці ня аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
І сачылі за Ім, ці не аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
І кажа сухарукаму чалавеку: стань пасярэдзіне.
І ка́жа да сухарукага чалаве́ка: стань пасярэдзіне.
І кажа да іх: у суботу належыць рабіць добрае ці рабіць злое? Душу ўратаваць ці загубіць? А яны маўчалі.
І кажа да іх: Ці нале́жыць рабíць у суботу добрае, ці рабіць благое Жыцьцё ратава́ць, ці загубіць? Яны маўчалі.
І глянуўшы на іх з гневам, тужачы аб жорсткасьці сэрца іхнага, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. І (той) выцягнуў, і сталася ягоная рука здаровай як другая.
І, глянуўшы на іх з гне́вам, ту́жачы аб жо́рсткасьці сэрцаў іхніх, кажа таму чалаве́ку: працягнí руку тваю. Ён працягнуў, і зрабілася рука ягоная здаровая, як і другая.
І выйшаўшы, хварысэі зараз жа з гірадзіянамі ўчынілі змову супраць Яго, каб загубіць Яго.
Фарысэі, выйшаўшы, зараз жа склікалі з Ірадзіянамі раду аб Ім, каб загубіць Яго.
Але Ісус адыйшоўся разам з вучнямі Сваімі да мора; і пайшлі за Ім мноства людзей із Галілеі, і ізь Юдэі,
Але Ісус з вучнямі Сваімі адыйшоўся да мора, і за Ім пайшло множства народу з Галіле́і, Юдэі,
і ізь Ярузаліму, і із Ідумэі, і ад Ярдану, і ваколіц Тыру і Сідону, натоўп вялізны, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшоў да Яго.
Ерузаліму, Ідумэі і з-за Іордану; дый з ваколіц Тыру й Сідону вялікай грамадой, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго.
І сказаў (Ён) вучням Сваім, каб па прычыне шматлюдзтва, прыгатавалі Яму човен, каб ня ціснуліся да Яго;
І сказаў ву́чням Сваім, каб для Яго быў прыгатава́ны чо́вен, з увагі на мно́жства народу, каб ня цíснуліся да Яго.
бо многіх (Ён) аздаравіў так што ўсе хворыя ціснуліся да Яго каб дакрануцца да Яго.
Бо многіх Ён аздаравíў, дык хворыя цíснуліся да Яго, каб дакрану́цца да Яго.
І духі нячыстыя калі бачылі Яго падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты ёсьць Сын Бога.
І ду́хі нячы́стыя, ба́чучы Яго, па́далі перад Ім ды крычэлі, кажучы: Ты — Сын Божы!
Але (Ён) строга загадаваў ім, каб ня выяўлялі Яго.
Але Ён крэпка пагразіў ім, каб не выяўля́лі Яго.
І ўзыходзіць на гару і кліча каго Ён хацеў; і прыйшлі да Яго.
І ўзыходзе на гару́ і кліча да Сябе́, каго Сам хаце́ў; і прыйшлі да Яго.
І прызначыў дванаццаць, каб былí разам зь Ім, і каб пасылаць іх прапаведаваць,
І выбраў з іх дванаццацех, каб з Ім былі, і каб пасылаць іх прапаве́дываць,
і каб мелі ўладу аздараўляць ад хваробаў і выганяць дэманаў;
ды каб ме́лі ўладу аздараўля́ць ад хво́расьцяў і выганяць дэманаў;
і даў Сымону імя Пётра.
і даў Сымону імя Пётр;
А Якубу Завядзеяваму і Яану брату Якубаваму, ім жа даў імёны Боанэргес, што значыць сыны грома;
і Якава Завядзе́явага і Іоана, брата Якава, ім даў іме́ньні Боанэрге́с, што значыць — сыны громавы,
і Андрэя, і Піліпа, і Барталамея, і Мацьвея, і Хаму́, і Якуба Алхвеявага, і Тадэя, і Сымона Кананіта,
і Андрэя, і Піліпа, і Баўтраме́я, і Мацьве́я, і Хаму́, і Якава Алфе́явага, і Фадзе́я, і Сымона Кананіта,
і Юду Іскарыёта, які і прадаў Яго.
ды Юду Іскарыёта, які й прадаў Яго.
І прыходзяць у дом. І ізноў зыходзіцца народ, так што яны ня маглі нават хлеба зьесьці.
І прыходзяць у дом: і ізноў зыхо́дзіцца народ, так што ім немагчы́ма было і хле́ба пае́сьці.
І, пачуўшы, родныя Ягоныя пайшлі ўзяць Яго (сілай), бо казалі, што (Ён) згубіў розум.
І, дачуўшыся, родныя Яго пайшлі ўзяць Яго, бо апавяда́лі, быццам Ён ня пры розуме.
І кніжнікі, прыйшоўшыя зь Ярузаліму, казалі: «(Ён) мае Вэльзевула», і што (Ён) выганяе дэманаў з дапамогай князя дэманаў.
А кніжнікі, што прыйшлі з Ерузаліму, гаварылі, што Ён ма́е ў Сабе́ вэльзэву́ла ды што выганяе дэманаў імем іхняга князя.
І паклікаўшы іх да Сябе гаварыў ім прыповесьцямі: як можа шата́н выганяць шата́на?
І, клікнуўшы іх, гаварыў ім прыпо́весьцямі: як можа сатана́ сатану́ выганяць?
Бо калі валадарства будзе разьдзелена само ў сабе, ня можа ўсто́яць валадарства тое;
Калі царства разьдзе́ліцца само ў сабе́, ня можа ўстаяць царства тое;
і калі дом будзе разьдзелены сам у сабе, ня можа ўсто́яць дом той.
і калі дом разьдзе́ліцца сам у сабе́, ня можа ўстая́ць дом той;
і калі шатан паўстаў супраць самога сябе і быў разьдзелены, ня можа ўсто́яць, але канец (яму) прыйшоў.
і калі сатана́ падняўся на самога сябе́ ды разьдзяліўся, ня можа ўстая́ць, але кане́ц яму.
Ня можа ніхто ўвайшоўшы ў дом дужо́га авалодаць ягонай маёмасьцю, калі спачатку ня зьвяжа дужо́га; і тады авалодае домам ягоным.
Ніхто, увайшоўшы ў дом дужо́га, ня можа абрабаваць дабра́ ягонага, пакуль ня зьвя́жа дужо́га, і тады абрабуе дом ягоны.
Праўду кажу вам, што ўсе грахі будуць дарованы сынам чалавечым, і блюзьнерствы, якімі б (яны) ні блюзьнерылі;
Запраўды кажу вам: будуць дарава́ны сыно́м чалаве́чым усе́ грахí і хулы́, якімі-б яны ні хулíлі;
але хто прамовіць блюзьнерства на Духа Сьвятога, той ня мае дараваньня ніколі, але ён падлягае вечнаму засуджэньню,
але хто будзе хулíць Духа Сьвятога, таму ня будзе дарава́на ніколі, але падляга́е ве́чнаму асуджэньню.
бо казалі: «мае духа нячыстага».
Бо казалі: у Ім нячысты дух.
І прыйшлі браты і матка Ягоная і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.
І прыйшлі браты і маці Яго і, сто́ячы во́нках, паслалі да Яго клікаць Яго.
Вакол жа Яго сядзеў народ; і сказалі Яму: вось матка Твая і браты Твае вонках настойліва патрабуюць Цябе.
І сядзе́ў каля Яго народ. І сказалі Яму: вось маці твая і браты тваі на падво́рку пытаюць Цябе́.
А (Ён) адказаў ім, кажучы: хто ёсьць матка Мая альбо браты Мае?
І сказаў ім, мовячы: хто маці Мая́ ці браты Мае́?
І глянуўшы навокал (і) на тых, што сядзелі каля Яго, кажа: вось матка Мая і браты Мае.
І, глянуўшы наўкола на сядзе́ўшых ля Яго, кажа: вось маці Мая́ і браты Мае́;
Бо хто б ні выканаў волю Бога, ён ёсьць брат Мой і сястра Мая і матка.
бо хто выпаўня́цімець волю Божую, той Мне́ і брат, і сястра, і маці.