Марка 8 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

У тыя дні, як сабралася дужа многа народу, і ня мелі чаго паесьці, Ісус клікнуўшы вучняў Сваіх кажа ім:
 
У тыя дні, як сабралося дужа многа народу і ня ме́лі што е́сьці, Ісус, клíкнуўшы ву́чняў Сваіх, кажа ім:

шкада (Мне) народу, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне і ня маюць чаго паесьці;
 
Шкада Мне́ народу, што ўжо тры дні са Мною і ня ма́е што́ е́сьці.

і калі адпушчу іх дамоў галоднымі, нікаторыя аслабеюць у дарозе, бо яны прыйшлі здалёку.
 
І, калі пушчу іх дамоў ня е́ўшы, аслабе́юць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.

І вучні Ягоныя адказалі Яму: якім чынам тут у пустэльні хто зможа накарміць іх хлебам?
 
І вучні Ягоныя адказалі Яму: скуль мог бы хто тут у пустыні накарміць іх хле́бам?

І пытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны сказалі: сем.
 
І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны сказалі: се́м.

Тады загадаў народу ўзьлегці на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў (ды) падзякаваўшы, паламаў і аддаў вучням Сваім, каб разда́лі. І (яны) разда́лі народу.
 
І сказаў народу се́сьці на зямлю; і, узяўшы се́м хлябоў ды падзя́каваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі народу.

І мелі (яны) некалькі рыбак; і багаславіўшы сказаў раздаць і іх.
 
І ме́лі яны не́калькі рыбак; і, пабагаславіўшы, сказаў раздаць і тыя.

І паелі і насыціліся; і сабралі рэшты кавалкаў сем кошыкаў.
 
І е́лі, і насыціліся, і набралі астаўшыхся кускоў се́м карабоў.

І было пад’еўшых каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.
 
Еўшых жа было каля чатырох тысячаў. І распусьціў іх.

І адразу ўвайшоўшы ў човен з вучнямі Сваімі прыплыў у межы Далмануты.
 
І, ураз увайшоўшы ў човен з вучнямі Сваімі, прыйшоў у ме́жы Далмануфскія.

І выйшлі хварысэі, ды пача́лі зь Ім спрачацца, патрабуючы ад Яго знаку зь неба, спакушаючы Яго.
 
І вы́йшлі фарысэі ды пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ад Яго знако́ў з не́ба, спакуша́ючы Яго.

І са стогнам у Духу Ён гаворыць: для чаго род гэты патрабуе знаку? Праўду кажу вам, ня будзе даны знак роду гэтаму.
 
І Ён, уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: на што род гэты дамагаецца знако́ў? Запраўды́ кажу́ вам, ня будзе да́дзены знак роду гэтаму.

І пакінуўшы іх ізноў увайшоў у човен, адплыў на той бок.
 
І, пакінуўшы іх, ізноў увайшоў у чо́вен і паплыў на той бок.

І забыліся ўзяць хлябоў і акрамя аднаго хлеба нічога ня мелі з сабою ў чаўне.
 
І забыліся ўзяць хле́ба, і ня ме́лі з сабою ў чаўне́ хле́ба, апрача аднаго бо́хана.

А (Ён) наказаваў ім кажучы: глядзеце сьцеражыцеся кісьлі хварысэяў і кісьлі Гірада.
 
Ён загадаў ім: глядзіце, сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай.

І разважалі між сабою кажучы: (гэта што) хлябоў ня маем.
 
І разважалі між сабою, кажучы: гэта што хле́ба ня маем.

І, уразумеўшы, Ісус кажа ім: чаго разважаеце, што хлябоў ня маеце? Няўжо яшчэ ня разумееце і ня цяміце? Няўжо (дагэтуль) маеце сэрца вашае скамянеўшым?
 
І, ве́даючы, Ісус кажа да іх: ці-ж яшчэ ня ця́міце й не разуме́еце? Ці йшчэ скамяне́ўшы ма́еце сэрца вашае?

Маючы вочы ня бачыце? І маючы вушы ня чуеце? І ня помніце?
 
Маючы вочы, ня бачыце? Маючы вушы, ня чуеце? дый не памятаеце?

Калі (Я) пяць хлябоў разламаў на пяць тысячаў, колькі поўных кошыкаў кавалкаў (вы) сабралі? Кажуць Яму: дванаццаць.
 
Калі Я пяць хлябо́ў паламаў на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў кускоў назьбіралі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.

А калі сем — на чатыры тысячы, колькі поўных кошыкаў кавалкаў (вы) сабралі? Яны ж сказалі: сем.
 
А калі се́м для чатырох тысячаў, колькі карабоў назьбіралі вы астаўшыхся кускоў? Сказалі: се́м.

І казаў ім: як жа ня разумееце?
 
І сказаў ім: як жа не разуме́еце?

І прыходзіць да Бэтсаіды; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.
 
І прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго сьляпога ды просяць, каб дакрану́цца да яго.

І ўзяўшы сьляпога за руку́ вывеў яго за сяло і плюнуўшы яму на вочы, усклаўшы Ру́кі на яго спытаўся ў яго, ці бачыць што небудзь?
 
І, узяўшы сьляпога за руку, вы́веў яго за сяло і, плюнуўшы яму на вочы, паклаў на яго рукі ды спытаўся, ці што бачыць?

І той празерыўшы сказаў: бачу людзей, бачу ходзяць як дрэвы.
 
І той, зірнуўшы, адказаў: бачу людзе́й, што як дрэвы ходзяць.

Потым ізноў палажыў Ру́кі на вочы яму і зрабіў, каб ён бачыў. І (ён) быў аздароўлены і ўбачыў усіх ясна.
 
Потым ізноў палажыў рукі на вочы яму ды зрабіў, каб бачыў. І паздараве́ў ды стаў бачыць усё ясна.

І паслаў яго дамоў кажучы: і ў сяло ня заходзь, і ня расказвай нікому ў сяле.
 
І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не захо́дзь у сяло́ і не кажы́ нікому ў сяле́.

І пайшоў Ісус і вучні Ягоныя ў сёлы Кесары Піліпавай. І па дарозе (Ён) пытаўся вучняў Сваіх кажучы ім: за каго Мяне лічаць людзі?
 
І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў сёлы Кеса́рыі Піліпавай. І дарогаю Ён пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго лічаць Мяне́ людзі?

Яны ж адказалі: за Яана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю, а іншыя за аднаго з прарокаў.
 
Яны адказалі: за Іоана Хрысьціцеля; другія-ж за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.

Тады Ён кажа ім: а вы за Каго Мяне ўважаеце? І адказваючы Пётра кажа Яму: Ты ёсьць Хрыстос.
 
Ён жа кажа ім: а вы за каго лічыце Мяне́? І Пётр адказаў Яму, кажучы: Ты — Хрыстос.

І строга забараніў ім, каб нікому ня казалі пра Яго.
 
І загадаў ім, каб нікому не гаварылі аб Ім.

І пачаў навучаць іх, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць і быць адкінутым старэйшынамі і архірэямі і кніжнікамі і быць забітым, і цераз тры дні ўваскрэснуць.
 
І пачаў навучаць іх, што трэба, каб Сын Чалаве́чы многа вы́цярпеў, каб адцура́ліся ад яго старшы́ны і архірэі і кніжнікі, ды каб быў забіты і цераз тры дні ўваскро́с.

І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётра адклікаўшы Яго пачаў пярэчыць Яму.
 
І гаварыў аб гэтым адкрыта. І Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў кары́ць Яго.

А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх строга забараніў Пятру кажучы: адыйдзі ад Мяне, шатан, бо клапоцішся ня пра тое, што Божае, але што чалавечае.
 
А Ён, агляну́ўшыся й ба́чучы вучняў Сваіх, забараніў Пятру, сказаўшы: адыдзі ад Мяне́, сатана́, бо думаеш не аб Божым, але аб чалаве́чым.

І паклікаўшы народ разам з вучнямі Сваімі сказаў ім: хто хоча пайсьці за Мною, адрачыся ад самога сябе і вазьмі крыж свой і ідзі ўсьлед за Мною.
 
І, паклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хочя ісьці за Мною, адракíся ад самога сябе́ і вазьмí крыж свой ды йдзі сьле́дам за Мною;

Бо хто хоча жыцьцё сваё ўратаваць, той страціць яго; а хто страціць жыцьцё сваё за Мяне і Эвангельле, той ўратуе яго.
 
бо хто хоча душу сваю спасьцí, загу́біць яе́; але хто загу́біць душу сваю за Мяне́ і Эва́нгельле, той спасе́ яе́.

Бо якая карысьць чалавеку, калі (ён) здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
 
Бо што за кары́сьць чалаве́ку, калі-б здабыў уве́сь сьве́т, а душы́ сваёй шкоду ўчыніў бы?

Альбо, які выкуп дасьць чалавек за душу́ сваю?
 
Або што́ дасьць чалаве́к за душу сваю?

Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх Словаў у родзе гэтым пералюбным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў Славе Ба́цькі Свайго са сьвятымі Ангеламі.
 
Бо хто пасаро́міцца Мяне́ і Маіх слоў перед родам гэтым блудным ды грэшным, дык і Сын Чалаве́чы пасаро́міцца яго, як пры́йдзе ў славе Айца Свайго з а́нгеламі сьвятымі.