Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І калі выходзіў Ён са Сьвятыні кажа Яму адзін з вучняў Ягоных: Настаўнік! паглядзі, якія камянí і якія будынкі!
І, калі выходзіў Ён з царквы́, кажа Яму адзін із вучняў Ягоных: Вучыцель! паглядзі, якія каме́ньні і якія будынкі!
А Ісус адказаўшы сказаў яму: бачыш гэтыя аграмадныя будынкі? ня застанецца тут каменя на камені, які ня будзе збураны.
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: бачыш гэтыя аграмадныя будыніны! Не астане́цца ка́мень на ка́мені, які-б ня збуры́лі.
І калі сядзеў Ён на гары Аліваў насупраць Сьвятыні, пыталіся ў Яго насамо́це Пётра і Якуб і Яан і Андрэй.
І калі Ён сядзе́ў на гары́ Аліўнай насупраць царквы, пыталіся ў Яго насамо́це Пётр і Якаў, і Іоан, і Андрэй:
Скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак, калі ўсё гэтае мае стацца?
скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак, калі ўсяму гэтаму ма́е быць кане́ц?
І адказаўшы ім Ісус пачаў гаварыць: сьцеражыцеся, каб ніхто вас ня абмануў.
І ў адказ ім Ісус пачаў гаварыць: сьцеражы́цеся, каб хто ня зьвеу вас,
Бо многія прыйдуць пад Імем Маім кажучы: Я ёсьць, і многіх абма́нуць.
бо шмат пры́йдзе пад Маім імем і будуць гаварыць, што гэта Я, і многіх зьвядуць.
Калі ж пачуеце пра войны і чуткі пра войны, ня жаха́йцеся, бо гэтаму належыць стацца, але гэта яшчэ ня канец.
Калі-ж пачуеце пра войны ды чуткі аб войнах, ня трывожцеся: гэта мусіць стацца; але гэта яшчэ не кане́ц.
Бо паўстане народ на народ і каралеўства на каралеўства, і будуць мейсцамі трасеньні зямлі, і будуць галады і смуты: гэта пачатак злыбедаў.
Бо паўстане народ на народ і царства на царства, і будзе месцамі трасе́ньне зямлі, і будзе голад і безгалоўе. Гэта — пачатак злы́бедаў.
Сьцеражыцеся ж і вы самі: бо будуць аддаваць вас на судзíлішчы і ў сынагогах будзеце зьбіваемы, і перад уладнікамі і каралямі пастаўлены будзеце за Мяне на сьведчаньне ім.
Сьцеражы́цеся-ж і вы самі: бо будуць вас аддаваць пад суд і біць вас у школах, і будзеце пастаўлены перад ваяводамі ды цара́мі за Мяне́, каб сьве́дчылі ім.
Але перш належыць абвясьціць Эвангельле ўсім народам.
І пе́рш усім народам мусіць быць абве́шчана Эва́нгельле.
Калі ж павядуць вас, каб выдаць, ня турбуйцеся загадзя, што сказаць і ня абдумывайце; але што будзе дадзена вам у тую гадзіну, тое і гаварыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
Калі-ж павядуць вас, каб выдаць, не клапо́цьцеся напе́рад, што́ вам гаварыць, і не абдумывайце, а што да́дзена вам будзе ў той час, тое й гавары́це, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
І прадасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіця; і паўста́нуць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;
І вы́дасьць брат брата на сьме́рць, і бацька сына, і паўстануць дзе́ці на бацькоў сваіх і забіваць іх будуць.
і будзеце зьнянавіджаныя ўсімі за Імя Маё. А хто вытрывае да канца — той будзе збаўлены.
І будуць ненавідзець вас усе́ за імя Маё, а хто вы́цярпіць да канца́, той спасе́цца.
Калі ж убачыце агіду спусташэньня, пра якую сказана праз Прарока Данілу, паўстаўшую, дзе ня сьлед, — хто чытае, хай разумее, — у той час тыя, хто ў Юдэі хай уцякаюць у го́ры.
Калі-ж угле́дзіце агіду спусташэньня, аб чым казаў Даніла прарок, паўстаўшую, дзе́ ня сьле́д (хто чытае, разуме́й), тады, хто будзе ў Юдэі, хай бягуць на горы.
А хто на даху, хай ня сыхо́дзіць у дом і ня ўваходзіць узяць што-небудзь з дому свайго.
А хто на страсе́, хай ня зла́зе ў хату і ня йдзе́ браць што-не́будзь з дому свайго.
І хто ў полі, хай ня вяртаецца назад узяць вопратку сваю.
І хто ў полі, хай не варо́чаецца наза́д узяць адзе́жу сваю.
Гора ж цяжарным і тым, хто кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Гора-ж цяжа́рным і ко́рмячым у тыя дні!
Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.
Мале́цеся-ж, каб не давялося ўцякаць вам зімою.
Бо будзе ў тыя дні такі ўціск, якога ня было ад пачатку стварэньня, што стварыў Бог ажно дагэтуль ды ня будзе.
Бо будзе ў тыя дні туга́, якое ня бывала ад пачатку стварэньня, што стварыў Бог, ажно дагэтуль, дый ня будзе.
І калі б Госпад ня скараціў дзён гэных, то ня сталася б уратаваным ніводнае цела; але дзеля выбраных, якіх (Ён) выбраў, скараціў (Ён) гэныя дні.
І калі-б Госпад не скарацíў дзён гэных, то не спаслося-б ніво́днае це́ла, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скарацíў гэныя дні.
І тады калі хто вам скажа: вось тут Хрыстос, альбо вунь там — ня верце.
І калі хто вам тады скажа: вось тут Хрыстос, ці: вось там, — ня ве́рце.
Бо будуць пастаўлены ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і ўчыняць знакі і цуды, каб абману́ць, калі магчыма, і выбраных.
Бо паўстануць лжэхрысты́ і лжэпраро́кі і дадуць знаме́ньні і цу́ды, каб зьвясьці, калі магчыма, і выбраных.
А вы сьцеражыцеся: вось Я папярэдзіў вас аб усім.
Вы-ж глядзіце: вось Я ўсё вам сказаў напе́рад.
Але ў тыя дні, пасьля ўціску таго, сонца будзе зацемрана, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
Але ў тыя дні, пасьля тугí гэнае, сонца зьме́ркне, і ме́сяц ня дасьць сьвятла́ свайго.
І зоркі зь неба будуць падаць, і сілы, што на нябёсах, будуць пахіста́ны.
І зоркі будуць па́даць з не́ба, і сілы, што на нябёсах, пару́ханы будуць.
І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з сілаю вялікаю і славаю.
І тады ўгле́дзяць Сына Чалаве́чага, ідучы́ на хмарах з сілаю вялікаю і славаю.
І тады пашле (Ён) Ангелаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
І пашле́ Ён тады Ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятро́ў, ад краю зямлі да краю не́ба.
Ад смакоўніцы ўразумейце падобнасьць: калі гальлё яе стала мяккім і пускае лісьцё, ведаеце, што блізка лета.
Ад смако́ўніцы вазьме́це прыклад: калі гальлё яе́ ўжо мякчэе і пускае лісьцё, то ве́дайце, што блізка ле́та.
Такім чынам і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка — каля дзьвярэй.
Гэтак і вы: як угле́дзіце, што гэта збыва́ецца, ве́дайце, што блізка, ля дзьвярэй.
Праўду кажу вам, што ня міне род гэты, пакуль усё гэтае станецца.
Запраўды́ кажу́ вам: ня счэзьне род гэты, як усё гэтае ста́нецца.
Неба і зямля счэзнуць, а Словы Мае ня згубяць сілу.
Не́ба й зямля пяро́йдзе, а словы Мае́ не пяро́йдуць.
А пра дзень той і гадзíну ніхто ня ведае, ні Ангелы на Небе, ні Сын, толькі Ба́цька.
А аб дні тым ніхто ня ве́дае: ні а́нгелы, што на не́бе, ні Сын, а толькі Аце́ц.
Глядзеце, чувайце і малецеся: бо ня ведаеце, калі ёсьць (гэтая) гадзіна.
Глядзіце, ня сьпіце ды маліцеся, бо ня ве́даеце, калі пры́дзе час.
(Гэта) падобна да чалавека, які ад’яжджаючы ў далёкую краіну аставіў дом свой і даў рабам сваім уладу і кожнаму сваю працу і брамніку загадаў чуваць.
Як чалаве́к, што, выяжджа́ючы, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю работу, ды загадаў вартаўніку ля варот ня спаць.
Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары ці апо́ўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцы, —
Дык ня сьпіце-ж вы, бо ня ве́даеце, калі прыйдзе гаспада́р дому: уве́чары, ці апо́ўначы, ці пры пе́ўнях, ці нара́ніцы;
(каб) прыйшоўшы зьнянацку ня знайшоў вас сплючы.
каб, прыйшоўшы неўспадзе́ўкі, не знайшоў вас сплючы́.
А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.
А што вам кажу, кажу ўсім: ня сьпіце.