Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І зноў праз некалькі дзён прыйшоў (Ён) у Капэрнавум. І разыйшлася чутка што Ён у доме.
Праз колькі дзён ізноў прыйшоў Ён у Капэрнаум, і разыйшлося, што Ён у доме.
І адразу былі сабраны многія, так што больш ня заставалася мейсца нават каля дзьвераў; і (Ён) гаварыў ім Слова.
Зараз сабралося гэтулькі народу, што ўжо і ля дзьве́раў ня было ме́сца; і Ён гаварыў ім слова.
І прыходзяць да Яго са спаралізаваным, якога несьлі чацьвёра;
І прыйшлі да Яго з спараліжава́ным, якога не́сьлі чацьвёра;
і ня маючы магчымасьці падыйсьці да Яго цераз народ разабралі дах (дома), дзе (Ён) быў і, пракапаўшыся апускаюць пасьцель на якой ляжаў спаралізаваны.
і, ня маючы магчымасьці прыйсьці да Яго цераз народ, раскрылі страху́ дому, дзе́ Ён быў, і, зро́біўшы дзіру, спусьцілі пасьце́ль, на якой ляжаў спараліжава́ны.
І ўбачыўшы веру іхную, Ісус гаворыць спаралізаванаму: дзіця! дарованы табе грахі твае.
Ісус, ба́чучы ве́ру іх, кажа паралітыку: дзіця, даруюцца табе́ грахí тваі.
Былі ж там нікаторыя з кніжнікаў, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:
Тут жа сядзе́лі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
чаму Гэты так блюзьнерыць? Хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?
што гэта Ён гэтак блюзьніць? Хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
І адразу пазнаўшы Духам Сваім, што так (яны) разважаюць самі ў сабе, Ісус сказаў ім: чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
Ісус, ураз жа даве́даўшыся духам Сваім, што яны гэтак думаюць сабе́, сказаў Ім: на што гэтак думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «дарованы табе грахі» ці сказаць: «устань і вазьмі пасьцелю сваю і хадзі?»
Што лягчэй? ці сказаць паралітыку: даруюцца табе́ грахí? ці сказаць: устань, вазьмі ложак свой і хадзі?
Але каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — гаворыць спаралізаванаму,
Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі дараваць грахі, — кажа паралітыку:
табе кажу: устань і вазьмі пасьцелю тваю, і ідзі ў дом твой.
Табе кажу: уста́нь, вазьмі ложак твой ды йдзі ў дом твой.
І (ён) адразу ўстаў, і, узяўшы пасьцелю, выйшаў перад усімі, так што ўсе пачалі давацца дзіву і славіць Бога, кажучы: ніколі такога (мы яшчэ) ня бачылі.
Той ураз жа ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе́ дзівіліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.
І выйшаў (Ён) ізноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і (Ён) вучыў іх.
І выйшаў Ісус ізноў да мора; і ўве́сь народ пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
І, праходзячы міма, убачыў Левія Алхвеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І (той), устаўшы, пайшоў усьлед за Ім.
Праходзячы, угле́дзіў Ён Ле́вія Алфе́явага, сядзючы́ на мы́тніцы, і кажа яму: ідзі за Мною. І той, устаўшы, пайшоў за Ім.
І сталася, калі Ісус узьляжаў за ядой у доме ягоным (Левія), узьляжалі зь Ім і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў; было іх многа, бо яны хадзілі за Ім.
І ста́лася, калі Ісус сядзе́ў за сталом у доме ягоным, пасяда́лі з Ім і вучнямі Яго шмат мы́тнікаў ды грэшнікаў, бо было іх многа, і яны йшлі за Ім.
А кніжнікі і хварысэі ўбачыўшы Яго, як есьць з мытнікамі і грэшнікамі, сказалі вучням Ягоным: чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
Кніжнікі й фарысэі, угле́дзіўшы, што Ён е́сьць з мытнікамі ды грэшнікамі, кажуць вучням Яго: як гэта Ён е́сьць і п’е́ць з мытнікамі ды грэшнікамі?
І, пачуўшы, Ісус кажа ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклíкаць да пакаяньня ня праведнікаў а грэшнікаў.
Пачуўшы гэтае, Ісус кажа ім: не́ здаро́вым трэба ле́кара, але хворым. Я прыйшоў клікаць не́ сьвятых, але грэшнікаў да пакуты.
А вучні Яана і хварысэяў пасьцілі. І прыходзяць, і кажуць Яму: чаму вучні Яана і хварысэяў посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?
А вучні Іоанавы і фарысэйскія пасьцілі, і прыходзяць да Яго ды кажуць: чаму вучні Іоанавы ды фарысэйскія посьцяць, а Тваі вучні ня посьцяць?
І сказаў ім Ісус: ня могуць пасьціць сыны палацу шлюбнага, у якім Малады знаходзіцца разам зь імі. Столькі часу сколькі зь імі Малады, ня могуць пасьціць.
І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьцíць сыны вясе́льля, калі з імі жаніх? Пакуль маюць сярод сябе́ жаніха́, ня могуць пасьцíць.
Але прыйдуць дні калі Малады ад іх будзе ўзяты, і тады будуць пасьціць у тыя дні.
Але пры́йдуць дні, калі во́зьмуць ад іх жаніха́, і тады будуць пасьцíць у тыя дні.
І ніхто ня прышывае латкі з новай тканіны да вопраткі старой: бо прышытая да старой вопраткі новая латка аддзярэцца, і дзірка стане яшчэ горшай.
І ніхто не прышывае ла́пінкі з новай тканіны да старое адзе́жыны, бо новая ла́пінка адарве́цца ад старо́га, і дзіра́ будзе яшчэ бо́льшая.
І ніхто ня налівае віна маладога ў мяхі старыя: бо віно маладое прарывае мяхі (старыя), і віно выцякае, і мяхі прападуць. Але віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя.
І ніхто не налівае новага віна ў стары́я мяхí, бо новае віно прарве́ мяхí, і віно вы́цяча, ды мяхí прападуць; але віно новае трэба ўліваць у новыя мяхí.
І давялося Яму праходзіць у суботу цераз пасевы, і вучні Ягоныя даро́гай пача́лі зрываць калосьсе,
І давяло́ся перахо́дзіць Яму ў суботу це́раз засе́вы; і пачалі вучні Ягоныя дарогаю рваць кало́сьсе.
і хварысэі казалі Яму: глядзі што (яны) робяць у суботу, чаго нельга (рабіць).
Фарысэі сказалі Яму: глядзі, чаму яны робяць у суботу тое, чаго ня сьле́д рабіць?
А Ён казаў ім: няўжо (вы) ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былí зь ім?
Ён сказаў ім: няўжо-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі ме́ў патрэбу й галада́ў сам ды быўшыя з ім?
Як увайшоў (ён) у Дом Бога у (час) архірэя Абіятару і з’еў хлябы ахвярныя, якіх ня можна было есьці нікому, акрамя сьвятароў і даў і тым што былí зь ім?
Як увайшоў ён у дом Божы за архірэя Авіафа́ра ды е́ў хлябы́ ахвя́рныя, якіх ня можна было е́сьці нікому, апрача сьвяшчэньнікаў, і даў і тым, што былі з ім.
І казаў ім: субота дзеля чалавека сталася, а ня чалавек дзеля суботы;
І сказаў ім: субота для чалаве́ка, але не́ чалаве́к для суботы;
пагэтаму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
вось чаму Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і над суботай.