Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І адразу нараніцы архірэі са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.
І ўраз нара́ніцы зрабіўшы нараду, архірэі з старшы́намі ды кніжнікамі і ўве́сь сынэдрыон, зьвязаўшы Ісуса, завялі ды аддалі Пілату.
І спытаўся ў Яго Пілат: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ён жа адказаўшы сказаў яму: ты кажаш.
І спытаўся ў Яго Пілат: Ты — Цар Юдэйскі? Ён жа адказаў яму: ты кажаш.
І архірэі вінавацілі Яго ў многім.
І многа ўзводзілі на Яго архірэі.
А Пілат зноў пытаўся ў Яго, кажучы: ня адказваеш нічога? Глядзі, як многа супраць Цябе сьведчаць.
А Пілат ізноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі сьве́дчаць проці Цябе́.
Але Ісус больш нічога ня адказаў, так што Пілат зьдзівіўся.
Але Ісус і на гэта нічога не адказаў, ажно зьдзівіўся Пілат.
А на сьвята (ён) звальняў ім аднаго вязьня, (за) каторага прасілі.
На ўсякае-ж сьвята звальняў ён ім аднаго із вязьняў, за якога прасілі.
Быў жа ў кайданах са сваімі саўдзельнікамі нейкі называны Бараўва, якія падчас бу́нту ўчынілі забойства.
Быў жа ў вязьніцы не́йкі Варавва з сваімі супольнікамі, якія ў часе бунту ўчынілі забойства.
І закрычаўшы натоўп пачаў прасіць (Пілата) аб тым, што (ён) ім рабіў заўсёды.
І народ, падняўшы крык, пачаў прасіць Пілата, каб зрабіў ім, як заўсёды.
Пілат жа адказаў ім, кажучы: хочаце, звольню вам Караля жыдоў?
Пілат жа адказаў ім, кажучы: хочаце, звольню вам Цара Юдэйскага?
Бо ведаў, што архірэі выдалі Яго праз зайздрасьць.
Бо ве́даў, што архірэі дзеля за́вісьці вы́далі Яго.
Але архірэі падбухторылі натоўп (прасіць), каб звольніў ім ле́пей Бараўву.
Але архірэі падбілі народ на тое, каб звольніў ім ле́пей Варавву.
Пілат жа адказаўшы ізноў сказаў ім: а што хочаце, (каб) я зрабіў Таму (Каго вы) называеце Каралём жыдоў?
І Пілат, азваўшыся ізноў, сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго называеце Царом Юдэйскім?
А яны ізноў закрычалі: укрыжуй Яго!
Яны ж ізноў закрычэлі: распні Яго!
Пілат жа казаў ім: якое ж ліха ўчыніў (Ён)? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!
Пілат жа сказаў: што-ж благое ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацне́й крычалі: распні Яго!
Тады Пілат, жадаючы дагадзіць натоўпу, звольніў ім Бараўву, а Ісуса аддаў бічаваць, каб потым быў укрыжаваны.
Тады Пілат, хо́чучы дагадзіць народу, звольніў ім Варавву, а Ісуса аддаў, пасьля бічаваньня, расьпяць.
І жаўнеры завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца ў прэторыю, і сабралі ўсю кагорту.
І жаўне́ры завялі Яго ў панадворак, што заве́цца Прэторыя, і склікалі ўсю роту.
І апранаюць Яго ў парфіру і ўскладаюць на Яго спле́цены цярнёвы вянок (як карону),
І адзе́лі Яго ў пу́рпур і, сплёўшы з це́рняў вянок, узлажылі на Яго.
і пача́лі вітаць Яго: радуйся, Кароль жыдоў!
І пачалі вітаць Яго: Радуйся, Цар Юдэйскі!
І бíлі Яго па Галаве кіям, і плявалі на Яго, і кленчачы, кланяліся Яму.
І білі Яго па галаве́ трысьцінай, і плявалі на Яго, і, становячыся на кале́ні, пакланяліся Яму.
І калі насьмяяліся зь Яго, зьня́лі зь Яго парфіру і апранулі Яго ў Ягоныя адзеньні. І павялі Яго, каб укрыжаваць Яго.
І, як насьмяяліся з Яго, зьнялі пу́рпур ды адзе́лі Яго ў уласную вопратку, і павялі Яго, каб расьпяць Яго.
І прымушаюць праходзячага міма нейкага Сымона кірэнэйца, які ішоў з поля, бацьку Аляксандравага і Рутавага, каб узяў крыж Ягоны.
І прымусілі не́йкага Сымона Кіранэйца, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, каб нёс крыж Ягоны.
І прыводзяць Яго на Галготу — мейсца, якое ў перакладзе ёсьць: мейсца Чэрапу.
І прывялі Яго на Галгофу, ме́сца, якое называецца Ме́сца Чарапоў.
І давалі Яму выпіць віно, зьмяша́нае са сьмірнаю. Але Ён ня ўзяў.
І давалі Яму піць віно з сьмірнаю, але Ён ня ўзяў.
А тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопраткі Ягоныя, кіда́ючы жэрабя аб іх, хто што во́зьме.
І, расьпяўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кíдаючы жэрабе, каму што ўзяць.
Была ж гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
Была трэцяя гадзіна, і расьпялі Яго на крыжу.
І быў надпіс віны Ягонай напісаны: Кароль жыдоў.
І быў надпіс віны Ягонае напісаны: Цар Юдэйскі.
І разам зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога зь левага (боку) ад Яго.
І з Ім расьпялі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з ле́вага боку Яго.
І збылося Пісаньне, што гаво́рыць: і да злачынцаў залíчаны.
І збылося пісаньне, што гаварыла: і да злачы́нцаў залíчаны (Ісая 53:12).
І тыя, што праходзілі міма, зьняважалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: гэй! Той, Хто разбурае Сьвятыню і ў тры дні адбудоўвае!
І праходзячыя міма зьневажалі Яго, ківаючы галавамі сваімі ды кажучы: о, Ты, што цэрквы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш!
Уратуй Самога Сябе і зыйдзі з крыжа.
Спасі Сябе́ Самога і зыйдзí з крыжа!
Падобна ж і архірэі з кніжнікамі насьмяхаючыся між сабою казалі: другіх выратаваў, (а) Сябе ня можа выратаваць.
Падобна-ж і архірэі, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін да аднаго: другіх спасаў, Сябе́-ж спасьці ня можа!
Хрыстос, Кароль Ізраэля, зыйдзі зараз з крыжу, каб (мы) убачылі і паверылі. І ўкрыжаваныя зь Ім ліхасловілі Яго.
Хрыстос, Цар Ізраіляў, няхай зыйдзе цяпе́р з крыжа, каб мы бачылі ды паве́рылі! І расьпятыя разам з Ім зьневажалі Яго.
А калі настала гадзіна шостая, па ўсёй зямлі сталася цемра ажно да дзявятае гадзіны.
І а шостай гадзіне настала це́мра па ўсёй зямлі ажно да дзявятае гадзіны.
А на дзявятай гадзіне загаласіў Ісус моцным голасам, кажучы: Элоі, Элоі! ламма сабахтані? што азначае ў перакладзе: Бог Мой! Бог Мой! дзеля чаго (Ты) Мяне пакінуў?
І а дзявятай гадзіне загаласіў Ісус моцным голасам: Элоі, Элоі! ламма сабахтані! што абазначае: Божа Мой, Божа Мой! на што Ты Мяне́ пакінуў?
Тады нікато́рыя, што стаялі по́бач, пачуўшы (гэта) казалі: вось Ільлю кліча.
І некаторыя із стаяўшых наўкола, пачуўшы, казалі: вось Ільлю кліча.
І адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
Адзін жа, пабе́гшы й набраўшы ў губку воцату ды насадзіўшы яе́ на трысьціну, паіў Яго, кажучы: чакайце! паглядзімо, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго?
А Ісус, загаласіўшы моцным голасам, выпусьціў Дух.
Ісус жа, загаласіўшы моцным голасам, скана́ў.
І завеса Сьвятыні была разадрана напалам ад верху да нізу.
І заслона ў царкве́ разьдзе́рлася надвое ад ве́рху да нізу.
А сотнік, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так загаласіўшы выпусьціў Дух, сказаў: запраўды, Чалавек Гэты быў Сын Бога.
Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, угледзіўшы, што так загаласіўшы скана́ў, сказаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў Сын Божы.
Былі ж (тут) і жанчыны, назіраўшыя здалёк, сярод якіх была і Марыля Магдаліна і Марыля, матка Якуба меншага і Ёсі, і Салямія,
Былі тут і жанчыны, што глядзе́лі здалёк; між імі была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава ме́ншага ды Есіі, і Салямэя,
якія ішлі ўсьлед за Ім і служылі Яму, калі Ён быў у Галілеі; і многія іншыя, што разам зь Ім прыйшлі ў Ярузалім.
якія і тады, як быў у Галіле́і, ішлі за Ім ды служылі Яму; і многа іншых, што прыйшлі з Ім у Ерузалім.
І як ужо настаў вечар, а дзень быў параскева, гэта значыць перадсубоцьце,
І, як ужо настаў вечар, (а была параске́ва, значыць перадсуботнік),
прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны прыналежнік сынэдрыёна, які і сам чакаў Каралеўства Бога. Адважыўшыся ўвайшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, які й сам ждаў Царства Божага, і сьме́ла ўвайшоў да Пілата, і прасіў це́ла Ісусавага.
А Пілат зьдзівіўся, што (Ён) ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго, ці даўно памёр.
І Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і, клікнуўшы сотніка, спытаўся ў Яго, ці даўно памёр?
І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Язэпу.
І, купіўшы сіндон і зьняўшы Яго, абярнуў сіндонам і паклаў Яго ў магіле, якая была высечана ў скале, ды накаціў камень на дзьверы магілы.
І, купіўшы сіндон ды зьняўшы Яго, абвіў сіндонам і палажыў Яго ў магілу, што была вы́сечана ў скале́, ды прываліў камень да дзьве́раў магілы.
А Марыля Магдаліна і Марыля (матка) Ёсі глядзелі, дзе (Ён) пакладзены.
А Марыя Магдаліна і Марыя Есіява глядзе́лі, дзе́ Яго палажылі.