Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.
І вы́йшаў адтуль, і прыйшоў у Сваю ба́цькаўшчыну; і за Ім ішлі вучні Ягоныя.
І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?
І, калі настала субота, пачаў вучыць у школе; і многія, чуючы, з задзіўле́ньнем гаварылі: адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць да́дзена Яму, што і гэткія цуды чы́няцца рукамі Яго?
Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.
Ці-ж гэта ня це́сьля, сын Марыі, брат Якава, Есіі, Юды і Сымона? Ці-ж гэта ня сёстры Ягоныя, што пасярод нас? í сумляваліся ў Ім.
Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.
Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарок без паша́ны, хіба толькі ў сваёй ба́цькаўшчыне і ў родных, і ў доме сваім.
І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.
І ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі некаторых хворых, ускла́ўшы рукі на іх, аздаравíў.
І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.
І дзівіўся з недаве́рства іх. І хадзіў па вакалíчных селах, навуча́ючы.
І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
І паклікаў тых дванаццацёх, і пачаў іх слаць па двое, і даў ім уладу над нячы́стымі ду́хамі.
Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
І сказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хле́ба, ні ме́дзі ў поясе,
а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.
адно абувацца ў пасталы́ і не апранацца ў дзьве́ вопраткі.
І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.
І сказаў ім: калі дзе́ ўвойдзеце ў дом, астава́йцеся ў ім, дакуль ня вы́йдзеце стуль;
А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.
і калі хто ня пры́ме вас і ня будзе слухаць вас, выходзячы адтуль, абтрасе́це пыл з ног вашых на сьвядоцтва ім. Запраўды́ кажу вам: лягчэй будзе Садому й Гаморы ў дзе́нь суда́, чымся ме́сту гэнаму.
І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;
І, пайшоўшы, прапаве́дывалі, каб ка́яліся;
і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.
і выганялі многа дэманаў, і многіх хворых ма́залі аліваю і лячылі.
І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.
І дачуўся цар Ірад (бо імя Ягонае сталася ве́дама) і сказаў: гэта Іоан Хрысьціцель уваскрос, і дзеля гэтага цуды праз Яго дзе́юцца.
Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.
Другія гаварылі: гэта Ільля; а іншыя казалі: гэта прарок, ці адзін із прарокаў.
Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.
Ірад жа, пачуўшы, сказаў: гэта Іоан, якому я сьцяў галаву; ён паўстаў із мёртвых.
Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.
Бо гэты Ірад, паслаўшы, схапіў быў Іоана і зьвязаў Яго ў вязьніцы за Ірадзіяду, жану́ брата свайго Піліпа, што ўзяў яе́ за жонку.
Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.
Бо Іоан сказаў Іраду: ня гожа табе́ ме́ць жонку брата твайго.
Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,
Ірадзіяда, злуючы́ на яго, жадала забіць яго, ды не магла,
бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.
бо Ірад баяўся Іоана, ве́даючы яго, як чалаве́ка справядлівага ды сьвятога, і сьцярог яго; дый шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і слухаў яго з ахвотай.
І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.
І, як нада́рыўся дзе́нь, калі Ірад, з прычыны сваіх урадзін, справіў банке́т сваім вяльможам, ваяводам ды іншым людзям Галіле́і,
І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.
дык дачка́ Ірадзіяды ўвайшла і танцавала й дагадзіла Іраду і банкетава́ўшым з ім. І сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне́, чаго хочаш, і дам табе́,
І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.
І прысягнуў ёй: чаго папросіш у мяне́, дам табе́, хоць бы палову царства майго.
Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.
Яна выйшла і спыталася ў маткі сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іоана Хрысьціцеля.
І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.
І ўраз жа, вярнуўшыся борзда да цара́, папрасіла, ка́жучы: хачу, каб ты даў мне́ цяпе́р жа на місе галаву Іоана Хрысьціцеля.
І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,
Цар, хоць і зажуры́ўшыся, але дзеля прысягі і тых, што банкетава́лі з ім, не схаце́ў ёй адмовіць.
і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.
І цар, ураз жа паслаўшы ка́та, загада́ў прыне́сьці галаву ягоную.
І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.
Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы і прынёс галаву ягоную на місе і аддаў яе́ дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе́ матцы сваёй.
Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й забралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.
І, дачуўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялі це́ла ягонае ды палажылі яго ў магілу.
І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.
І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі і чаго навучалі.
І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.
І сказаў ім: пайдзе́це адны ў пустыннае ме́сца ды крыху супачы́ньце. Бо так многа было, што прыхо́дзілі й адыхо́дзілі, дый е́сьці ім было не́калі.
Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.
І паплылі ў пустыннае ме́сца ў чаўне́ адны.
Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.
Народ угле́дзіў іх е́дучы, і многія пазналі; і бе́глі туды пе́ша з усіх ме́стаў, і апярэдзілі іх дый зыйшліся да Яго.
І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.
Ісус, вы́йшаўшы, угле́дзіў множства народу ды пашкадава́ў іх, бо яны былі, як аве́чкі бяз па́стыра; і пачаў навучаць іх многа.
А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый пара ўжо позная,
І, як прайшло шмат часу, вучні Яго прыйшлі да Яго ды кажуць: ме́сца тут пустыннае, а час ужо позны.
пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.
Пусьці іх, каб, пайшоўшы ў вакалíчныя вёскі й сёлы, купілі сабе́ хле́ба, бо ня маюць чаго е́сьці.
Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: вы́ дайце ім е́сьці. І сказалі Яму: хіба нам пайсьці купіць хле́ба дынараў на дзьвесьце й даць ім е́сьці?
А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.
Але Ён спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Пайдзе́це й паглядзе́це. Яны, даве́даўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве́ рыбы.
І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.
Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве́.
І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.
І пасе́лі радамі па сто ды па пяцьдзесят.
І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.
І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы, паўзіраўшыся на не́ба, багаславíў і палама́ў хлябы́, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве́ рыбы падзяліў усім.
І елі ўсе й наеліся.
І е́лі ўсе́ і нае́ліся.
Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.
І набралі кускоў хле́ба дванаццаць поўных карабо́ў і аста́ткаў ад рыбы.
А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.
А было е́ўшых хле́б каля пяцёх тысячаў людзе́й.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсаіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.
І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў чо́вен ды плыці напе́рад на той бе́раг да Віфсаіды, пакуль Ён распусьціць народ.
І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
І, распусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.
І, як настаў ве́чар, чо́вен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.
І ўбачыў, як ім цяжка плыці, бо ве́цер быў супраціўны; дык каля чацьве́ртай старожы ўначы́ йдзе́ да іх, ступа́ючы па моры; і хаце́ў абмінуць іх.
Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.
Яны-ж, угле́дзіўшы Яго ідучы́ па моры, падумалі, што гэта здань, ды загаласілі.
Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.
Бо ўсе́ бачылі Яго і спалохаліся. Дык ураз жа прамовіў да іх і сказаў ім: схамяне́цеся: гэта Я, ня бойцеся!
Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,
І ўвайшоў да іх у човен; і ве́цер заціх. І яны цераз ме́ру здуме́ліся ў сабе́ і дзівава́ліся.
бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.
Бо яны не зразуме́лі аб хлябох: бо сэрца іх было скамяне́ўшы.
І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да бе́рагу.
Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;
І, як яны выйшлі з чаўна́, за́раз пазнаўшыя Яго
і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.
абе́глі ўсю тую вако́ліцу, і пачалі на ложках прынасіць нядужых туды, дзе́, як чулі, быў Ён.
І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.
І, куды Ён ні прыходзіў у сёлы, у ме́сты і ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць да краю адзе́жы Яго дакрану́цца. І тыя, што дакрана́ліся да Яго, спасьліся.