Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

І, выбраўшыся адтуль, прыйходзіць у межы Юдэі за Ярданам; ды зноў зыйшліся да яго грамады, і ён сваім звычаем навучаў іх.
 
І згэтуль, устаўшы, прыходзіць у ме́жы Юдэйскія за Іорданам. і зноў зьбіраецца да Яго народ, і па звычаю свайму Ён ізноў навучаў іх.

І фарызэі прыступіўшы пыталіся яго, спакушаючы: Ці можна мужу кінуць жонку?
 
І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся, спакуша́ючы Яго: ці можна мужу кінуць жонку сваю?

Ён-жа ў адказ гавора: Што вам загадаў Майзей?
 
Ён жа, адка́зваючы, сказаў ім: што запаве́даў вам Майсе́й?

Яны кажуць: Майзей дазволіў напісаць разводны ліст ды пакінуць.
 
Яны-ж сказалі: Майсе́й дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца.

Езус на гэта адказвае: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты дазвол;
 
І, адка́зваючы, Ісус сказаў: дзеля жо́рсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэтую за́паведзь.

адыж на пачатку тварэння Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быць. 1:21).
 
Бо на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быцьцё 1:27).

“Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і матку ды прыгорнецца да жонкі свае;
 
Дзеля гэтага пакіне чалаве́к айца свайго ды матку

і будуць двое ў адным целе; і так ужэ ня два, але адно цела” (Быць. 2:24).
 
і прыго́рнецца да жонкі сваёй, і ў двох будуць адно це́ла, дык іх ужо ня двое, але адно це́ла (Быцьцё 2:24).

Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
 
Вось жа, што Бог злучыў, чалаве́к няхай не разлучае.

А дома зноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа.
 
А дома вучні Яго ізноў спыталіся аб тым жа.

І сказаў ім: Хто-б кінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе.
 
І сказаў ім: хто пакіне жонку сваю ды ажэніцца з другою, той блудзіць з ёю;

І калі-б жонка пакінула свайго мужа ды выйшла за другога, чужаложыць.
 
і калі жонка разлу́чыцца з мужам сваім ды вы́йдзе за другога, — блудзіць.

І прыносілі да яго дзяцей, каб дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на тых, што прыносілі.
 
Прыносілі да Яго дзе́так, каб Ён дакрану́ўся да іх: вучні-ж ня пускалі тых, што прыносілі.

Убачыўшы гэта Езус, сярдаваў і сказаў ім: Дайце дзеткам прыйсьці ка мне, не забараняйце ім, гэткіх бо ёсьць валадарства Божае.
 
Убачыўшы-ж гэтае, Ісус загне́ваўся ды сказаў ім: дайце дзе́ткам ісьці да Мяне́ і не забараня́йце ім, бо гэткіх ёсьць царства Божае.

Сапраўды кажу вам: Хтоб ня прыняў Божага валадарства, як дзіця, ня ўвойдзе ў яго.
 
Запраўды́ кажу́ вам: хто ня пры́йме царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў Яго.

І абыймаючы іх ды ўскладаючы на іх рукі, багаславіў іх.
 
І, абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.

А калі выйшаў у дарогу, нехта прыбегшы ды ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго, Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?
 
І, калі выходзіў у дарогу, падбе́г не́хта, упаў перад Ім на кале́ні і спытаўся ў Яго: Настаўніку добры! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?

Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
 
Ісус жа сказаў яму: што заве́ш Мяне́ добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш прыказанні: Ня чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч фальшыва, ня крыўдзь, паважай бацьку твайго і матку (Выйсь. 20:12−17).
 
Ведаеш за́паведзі: ня блудзí; не забіва́й: не крадзí; ня сьве́дчы крыва; ня кры́ўдзь; паважа́й бацькоў тваіх (Выхад 20:12−17).

А той у адказ гавора яму: Вучыцелю, гэтага ўсяго пільнаваўся я змалку.
 
Той жа, адка́зваючы, сказаў Яму: Настаўнік, усяго гэтага пілнаваўся я змалку дзён сваіх.

Езус-жа, паглядзеўшы на яго, ўпадабаў яго й сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, распрадай усё, што маеш ды раздай убогім, а мецімеш скарб у небе, і прыхгодзь, ідзі за мною.
 
Ісус жа, глянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: аднаго табе́ не хапа́е: пайдзі, усё, што ма́еш, прада́й ды раздай убогім, і будзеш мець скарб на не́бе; і прыходзь, ідзі за Мною. узяўшы крыж.

Той-жа захныпіўся на гэтае слова й адышоў засмучаны, бо меў вялікія маемасьці.
 
Той жа, зьбянтэжаны гэтым словам, адыйшоўся засмучо́ны, бо ме́ў вялікую мае́масьць.

І глянуўшы навокал, Езус кажа сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў валадарства Божае!
 
І, паглядзе́ўшы наўкола, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым увайсьці ў царства Божае.

Вучні вельмі здзівіліся з гэтых слоў. Але Езус ізноў у адказ гавора ім: Як цяжка тым, дзеткі, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў валадарства Божае.
 
Вучні здуме́ліся ад слоў Яго. Але Ісус ізноў сказаў ім у адказ: дзе́ці! як цяжка ўвайсьці ў царства Божае тым, хто ўскладае надзе́ю на багацьце.

Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чым багатаму ўвайсьці ў Божае валадарства.
 
Зручне́й вярблюду прайсьці праз го́лчынае ву́ха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае.

Яны шчэ болей дзівіліся. гаворачы між сабою: Дык хто-ж тады можа збавіцца?
 
Яны-ж бале́й зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: Хто-ж можа спасьцíся?

А Езус, паўзіраўшыся на іх, кажа: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма.
 
Ісус, паўзіраўшыся на іх, кажа: у людзе́й гэта нёмагчы́ма, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.

І пачаў Пётр гаварыць яму: Вось мы пакінулі ўсё й пашлі за табою.
 
І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою.

Езус адказвае на гэта: Сапраўды кажу вам: няма такога, хто-б пакінуў дом, або сёстры, або бацьку, або матку, ці дзеці, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі,
 
Ісус жа, адка́зваючы, сказаў: запраўды́ кажу́ вам: няма́ нікога, хто пакінуў бы дом, ці братоў, ці сёстраў, ці бацькоў, ці дзяце́й, ці зе́млі дзеля Мяне́ і Эва́нгельля.

які-б не атрымаў устораз гэтулькі цяпер у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў. і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае.
 
і не атрымаў бы цяпе́р, у гэты час, сярод перасьле́даваньня ў сто разоў бале́й дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і ма́так, і дзяце́й, і зе́мляў, а ў будучыне — жыцьця ве́чнага;

А многа першых будуць апошнімі, й апошніх — першымі.
 
бо многія пе́ршыя будуць апошнімі, а апошнія — пе́ршымі.

І былі яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. Езус ішоў перад імі, а яны зумяваліся ды, йдучы за ім, жахаліся. І, ўзяўшы зноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім станецца.
 
Калі яны былі ў дарозе, ідучы ў Ерузалім, Ісус ішоў напе́радзе іх, а яны жа́халіся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць аб тым, што з Ім ма́е стацца.

Што вось увайходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы першасьвятаром. і асудзяць яго на сьмерць, ды выдадуць яго паганам;
 
Вось, мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалаве́чы будзе вы́даны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьме́рць і вы́дадуць Яго паганам;

і будуць здзекавацца над ім, і плявацімуць на яго, й бічавацімуць, ды заб’юць яго, а на трэці дзень згробуўстане.
 
і назьдзе́куюцца над Ім, і будуць біць Яго і плява́ць на Яго, ды заб’юць Яго; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.

Тады падыйходзяць к яму Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: Вучыцелю, мы хочам, каб ты зрабіў нам, чаго папросім.
 
Тады падыйшлí да Яго Якаў і Іоан, сыны́ Завядзе́явы, ды сказалі: Вучыцель! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.

Ён-жа гавора ім: А што-ж вы хочаце, каб я вам зрабіў?
 
Ён жа сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?

Кажуць: Дай нам, каб сядзець ля цябе аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе тваёй.
 
Яны-ж сказалі Яму: дай нам се́сьці ля Цябе́, аднаму з правага боку, а другому з ле́вага, у славе Тваёй.

Езус-жа адказвае ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы зможаце піць кіліх, што я п’ю, або быць хрышчанымі хростам, якім я хрышчуся?
 
Але Ісус сказаў ім: ня ве́даеце, чаго просіце; ці-ж мо́жаце піць ча́ру, якую п’ю Я, і хрысьцíцца хрышчэньнем, якім Я хрышчу́ся?

Яны гавораць яму: Можам. Езус-жа кажа ім: Кіліх, які п’ю, то вы піць будзеце, і хрос-там, якім я хрышчуся, будзеце хрышчаны;
 
Яны адказалі: можам. Ісус жа сказаў ім: ча́ру, якую п’ю Я, піць будзеце;

адыж сядзець праваруч, або леваруч, ня мне даваць вам, але каму прыгатавана.
 
але се́сьці ў Мяне́ з правага боку і з ле́вага — ня Мне́ дава́ць, але каму прыгато́вана.

А пачуўшы дзесяцёх, пачалі сярдаваць на Якуба і Яна.
 
І, пачуўшы, дзе́сяць пачалі злава́ць на Якава і Іоана.

Езус-жа, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца валадарамі народаў, пануюць над імі, а іхнія князі маюць над імі ўладу.
 
Ісус, прыклікаўшы іх, сказаў ім: ве́даеце, што тыя, што лічацца князямі народаў, пануюць над народамі; і вялікія валадаюць імі;

А між вамі ня гэтак; але хто-б хацеў быць вялікшым, будзе вашым слугою;
 
у вас жа хай будзе ня гэтак: але хто хоча стацца вялікшым між вамі, няхай будзе вам служкаю,

і хто-б хацеў быць між вамі першым, будзе ўсім слугою.
 
і хто хоча ста́цца пе́ршым між вамі, хай будзе слугою ўсіх.

Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць душу сваю на выкуп за многіх.
 
Бо і Сын Чалаве́чы прыйшоў не́ каб Яму служылі, але каб паслужы́ць і аддаць душу Сваю на выкупле́ньне многіх.

І прыйшлі ў Ерыхон. А калі ён выйходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні ды вялікая грамада, сядзеў пры дарозе жабруючы сьляпы Бартымей, сын Тымея.
 
І прыходзяць у Ерыхон. І, калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і множствам народу, сьляпы́ Варціме́й, сын Ціме́яў, сядзе́ў ля дарогі, жабру́ючы.

Ён, пачуўшы, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычма казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною!
 
І, пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычэць і казаць: Ісу́се, сы́не Давідаў! зьмілуйся нада мною!

І многія сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён яшчэ болей крычаў: Сыне Давідавы, зжалься нада мною!
 
І многія свары́ліся на яго, каб замоўк, але ён яшчэ больш стаў крычэць: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!

І Езус, прыпыніўшыся, загадаў паклікаць яго. Пазвалі сьляпога, кажучы яму: Ня бойся, ўставай, кліча цябе.
 
І Ісус, затрымаўшыся, сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе́.

Ён схапіўся, пакінуўшы сваю вопратку, прыйшоў к яму.
 
Ён жа, скінуўшы з сябе́ вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.

І ў адказ яму сказаў Езус: Што хочаш, каб я зрабіў табе? А сьляпы гавора яму: Вучыцель, каб мне відзець.
 
І, адка́зваючы яму, Ісус сказаў: што хочаш зрабіць табе́? Сьляпы́ сказаў Яму: Настаўнік, каб мне́ ізноў відзець.

Кажа яму Езус: вера твая цябе аздаравіла. І зараз жа відзеў ды пайшоў за ім дарогаю.
 
Ісус жа сказаў яму: ідзі, ве́ра твая зба́віла цябе́. І ён за́раз пачаў відзець і пайшоў за Ісусам па дарозе.