Выхад 39 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

А з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны зрабілі яны службовую вопратку, дзеля слугаваньня ў сьвятыні; зрабілі таксама сьвяшчэнную вопратку Аарону, як загадаў Гасподзь Майсею.
 

І зрабіў эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
 

і распляскалі яны золата ў лісты і выцягнулі ніткі, каб выткаць іх паміж блакітнымі, пурпуровымі, чырванёнымі і вісонавымі ніткамі, умелаю працаю.
 

І зрабілі ў яго нарамнікі злучальныя; на абодвух канцах сваіх ён быў зьвязаны.
 

І пояс эфода, які паверсе яго, аднолькавага зь ім вырабу, зроблены быў з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, як загадаў Гасподзь Майсею.
 

І зрабілі камяні аніксавыя, уставіўшы іх у залатыя гнёзды і выразаўшы на іх імёны сыноў Ізраілевых, як выразаюць на пячатцы;
 

і паклаў ён іх на нарамнікі эфода, у памяць сыноў Ізраілевых, як загадаў Гасподзь Майсею.
 

І зрабіў нагруднік умелаю працаю, такою самаю працаю, як эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
 

ён быў чатырохкутны; яны зрабілі падвойны нагруднік у пядзю даўжыні і ў пядзю шырыні, падвойны ён быў;
 

і ўставілі ў яго ў чатыры рады камяні; побач: рубін, тапаз, смарагд, — гэта першы рад;
 

у другім радзе: карбункул, сапфір і адамант;
 

у трэцім радзе: карунд, агат і амэтыст;
 

у чацьвёртым радзе: хрызаліт, анікс і ясьпіс; і ўстаўлены яны ў залатыя гнёзды.
 

Камянёў было па ліку імёнаў сыноў Ізраілевых; дванаццаць было іх, па ліку імёнаў іхніх, і на кожным зь іх выразана было, як на пячатцы, па адным імю, для дванаццаці плямёнаў.
 

Да нагрудніка зрабілі тоўстыя ланцужкі вітага вырабу з чыстага золата;
 

і зрабілі два залатыя гнязды і два залатыя колцы і прымацавалі колцы да двух канцоў нагрудніка,
 

і ўклалі абодва пляцёныя ланцужкі з золата ў два колцы па канцах нагрудніка,
 

а два канцы двух ланцужкоў прымацавалі да двух гнёздаў і прымацавалі іх да нарамнікаў эфода з правага боку яго;
 

яшчэ зрабілі два колцы залатыя і прымацавалі іх да двух іншых канцоў нагрудніка, на тым баку, які трымаецца каля эфода ўсярэдзіне.
 

І яшчэ зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нарамнікаў эфода спадыспаду, з правага боку яго, каля злучэньня яго над поясам эфода;
 

і прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не адставаў нагруднік ад эфода, як загадаў Гасподзь Майсею.
 

І зрабіў верхнюю шату да эфода тканую, усю з блакітнай воўны,
 

і ў верхняй шаце прарэху, як у панцыры, і вакол яе абшыўку, каб ня дралася;
 

па прыполе верхняй шаты зрабілі яны яблыкі з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны;
 

і зрабілі бомкі з чыстага золата і павесілі бомкі паміж яблыкамі па прыполе верхняй шаты вакол:
 

бомку і яблык, бомку і яблык, па прыполе верхняй шаты вакол дзеля служэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.
 

і зрабілі Аарону і сынам ягоным хітоны зь вісону, тканыя,
 

і кідар зь вісону, і павязкі на галаву зь вісону, і сподняе ільняное адзеньне з суканага вісону,
 

і пояс з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, узорыстага вырабу, як загадаў Гасподзь Майсею.
 

І зрабілі паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, з чыстага золата, і накрэсьлілі на ёй пісьмёны, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятыня Гасподняя»;
 

і прымацавалі да яе шнурок з блакітнай воўны, каб прывязаць яе да кідара зьверху, як загадаў Гасподзь Майсею.
 

Так закончана была ўся работа для скініі сходу, і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё: як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі.
 

і прынесьлі да Майсея скінію, покрыва і ўсе прылады яе, гачкі яе, брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе,
 

покрыва са скураў барановых чырвоных і покрыва са скураў сініх і заслону, каб захінаць,
 

каўчэг адкрыцьця і жэрдкі яго і века,
 

стол з усімі прыладамі яго і хлябы ахвяравальныя,
 

сьвяцільні з чыстага золата, лампады яго, лампады пастаўленыя на ім і ўсе прылады яго, і алей, каб асьвятляць,
 

залаты ахвярнік і алей памазаньня, і пахошчы, каб дыміць, і заслону на ўваход у скінію,
 

ахвярнік медны і медную рашотку да яго, жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго,
 

заслоны двара, слупы і падножжы, заслону да брамы двара, вяроўкі і калы і ўсе рэчы, якія належаць да слугаваньня ў скініі сходу,
 

вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні, сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным на сьвятадзейства.
 

Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсю гэтую працу.
 

І ўбачыў Майсей усю працу, і вось, яны зрабілі яе: як загадаў Гасподзь, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей.