Лукаша 6 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі.
І трапілася ў суботу праходзіць Яму збажыною, і Яго вучні зрывалі і елі калоссе, расціраючы рукамі.
А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу?
Некаторыя ж з фарысеяў сказалі: «Чаму вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботы?»
Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?
І ў адказ ім Ісус сказаў: «Нават пра тое не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім?
Як увайшоу ён у Божы дом і, узяўшы ахвярныя хлябы, еў і даў тым, што былі з ім, а іх нельга есці нікому, толькі адным святарам?»
І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
І Ён казаў ім: «Чалавечы Сын гаспадар і суботы».
А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая.
І было ж: у другую суботу увайшоў Ён у сінагогу і вучыў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.
А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
Кніжнікі ж і фарысеі сачылі за Ім, ці не вылечвае Ён у суботу, каб знайсці абвінавачванне супроць Яго.
Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.
Але Ён ведаў іх намеры і сказаў чалавеку, што меў сухую руку: «Падыміся і стань пасярэдзіне»; і той, падняўшыся, стаў.
Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.
Ісус жа сказаў ім: «Пытаюся ў вас: Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха тварыць? душу ўратаваць ці загубіць?»
І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.
І, агледзеўшы іх усіх, сказаў яму: «Працягні сваю руку». І ён зрабіў так і ажыла яго рука.
А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам.
Яны ж перапоўніліся шаленствам і раіліся між сабою, што зрабіць бы з Ісусам.
У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
І было: у тыя дні выйшаў Ён на гару памаліцца, і цэлую ноч правёў на малітве да Бога.
А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
І, калі надышоў дзень, Ён паклікау Сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, яго брата, і Якава, і Іаана, і Піліпа, і Варфаламея,
Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
і Мацея, і Фаму, і Якава Алфеевага, і Сімана, званага Зілотам,
Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
і Юду Якаўлевага, і Юду Іскарыёта, які зрабіўся прадажнікам.
І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
І спусціўшыся з імі Ён стаў на роўным месцы, і вялікі натоўп Яго вучняў, і вялікае мноства народа з усяе Іудзеі і Ерусаліма і з узбярэжжа Тыра і Сідона,
якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
што прыйшлі паслухаць Яго і вылечыцца ад сваіх хвароб; таксама тыя, каго даймалі нячыстыя духі вылечваліся,
І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.
І ўвесь натоўп стараўся дакранацца да Яго, бо сіла ад Яго зыходзіла і вылечвала ўсіх.
І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.
І Ён, падняўшы Свае вочы на вучняў Сваіх казаў: «Шчаслівыя вы, убогія, бо ваша ёсць Божае Царства.
Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.
Шчаслівыя вы, згаладалыя цяпер, бо натоліцеся. Шчаслівыя вы, заплаканыя цяпер, бо засмяецеся.
Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас ненавідзець людзі і калі будуць адлучаць вас, і ганьбаваць вас, і адкінуць ваша імя як ліхое з-за чалавечага Сына;
Радуйцеся ў той дзень і весялецеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
радуйцеся ў той дзень і скачыце, бо вось вялікая ваша ўзнагарода ў небе; бо тое самае чынілі прарокам іх бацькі.
Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.
Але бяда вам, багатыя, бо вы атрымалі сваю ўцеху.
Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.
Бяда вам, сытыя цяпер, бо зазнаеце голад: Бяда вам, што смяецеся цяпер, бо засумуеце і заплачаце.
Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.
Бяда вам, калі пра вас скажуць добра ўсе людзі. Бо тое самае чынілі фальшывым прарокам іх бацькі.
А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,
Але вам, што слухаеце, Я кажу: «Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас,
дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых.
бласлаўляйце тых, што вас праклінаюць, і малітеся за тых, што крыўдзяць вас.
Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю.
Хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў яму і другую, а хто забірае ў цябе вопратку, не адмаўляй таму і сарочкі.
Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад.
Кожнаму, хто ў цябе просіць, дай, а ў таго, хто тваё забірае, не спаганяй.
І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі.
І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?
А калі любіце тых, што любяць вас, якая вам хвала? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.
[Бо] калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам хвала? І грэшнкі тое самае робяць.
І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.
І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць, якая вам хвала? І грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць гэтулькі ж.
А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.
А вы любіце сваіх ворагаў і рабіце дабро і пазычайце, не спадзеючыся нічога, і будзе вялікаю ваша ўзнагарода, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры да няўдзячных і ліхіх.
Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
Будзьце малісэрныя, як [і] ваш Бацька міласэрны.
Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце;
І не судзіце, каб і вас не судзілі; І не засуджайце, каб і вас не засудзілі. Даруйце, і вам даруюць;
давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.
давайце, і вам дадуць: мераю добраю, набітаю, утрэсенаю, перапоўненаю дадуць вам у прыпол; бо якою мерай вы мераеце, адмераюць вам».
Сказаў таксама ім прытчу: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не абодва ўпадуць у яму?
І прывёу ім упадабненне: «Хіба можа сляпы сляпога вясці? Ці не абодва ў яму ўпадуць?
Вучань ня бывае вышэй за свайго настаўніка; але, удасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік ягоны.
Вучань не вышэйшы за настаўніка; але кожны, навучыўшыся, будзе, як яго настаўнік.
Што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў сваім воку не адчуваеш?
Што ж ты бачыш парушынку ў воку свайго брата, а калоды ва ўласным воку не заўважаеш?
Альбо, як можаш сказаць брату твайму: «браце! дай, я выму парушынку з вока твайго», калі сам ня бачыш калоды ў сваім воку! Крывадушнік! вымі сьпярша калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
Як ты можаш казаць свайму брату: «Браце, дай, я выму парушынку, што ў тваім воку, калі сам калоды ў сваім воку не бачыш?» Крывадушнік, дастань спярша калоду са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку, што ў воку брата твайго.
Няма добрага дрэва, якое б радзіла благі плод; і няма благога дрэва, якое б радзіла плод добры.
Бо няма добрага дрэва, якое радзіла б нягодны плод, няма і нягоднага дрэва, якое радзіла б добры плод.
Бо ўсякае дрэва пазнаецца з плоду ягонага; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўніку, і ня зьбіраюць вінаграду з хмызьняку.
Бо кожнае дрэва з свайго плоду пазнаецца; бо з цёрну не збіраюць фігі і з ажыны вінаградных гронак не зразаюць.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек зь ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад лішніцы сэрца маўляюць вусны ягоныя.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а ліхі з ліхога — выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго.
Што вы клічаце Мяне: «Госпадзе! Госпадзе!» і ня робіце таго, што Я кажу?
Што ж клічаце: «Госпадзе, Госпадзе!», а не робіце таго, што Я кажу?
Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, скажу вам, на каго падобны:
Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Мае словы і выконвае іх, — Я пакажу вам, да каго ён падобны;
ён падобны на чалавека, што будуе дом, які капаў, паглыбіўся і заклаў падмурак на камені, таму, калі сталася паводка, і вада націснула на гэты дом, дык не магла пахіснуць яго, бо ён пастаўлены быў на камені.
Падобны ён да чалавека, што, будуючы дом, раскапаў і заглыбіўся і аснову заклаў на камені; калі ж здарылася разводдзе, хлынуў паток на той дом і не змог яго пахіснуць, бон быў добра збудаваны.
А хто слухае і ня выконвае, падобны на чалавека, які пабудаваў дом на зямлі без падмурка, які, калі націснула на яго вада, адразу абваліўся; і разбурэньне дома гэтага было вялікае.
А хто спухае і не выконвае, той падобны да чалавека, што збудаваў дом на зямлі без асновы, хлынуў паток на яго, і адразу. ён упаў, і быў абвал таго дома вялікі».