Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
І было ж у тыя дні: выйшаў наказ кесара Аўгуста зрабіць перапіс усяе дзяржавы.
Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй.
Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй уладарыу Квірыні.
І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
І пайшоў таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, называны Віфлеем, бо паходзіў ён з дому і роду Давідавага,
запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.
запісацца з Марыяй, з ім заручонаю, якая была цяжарная.
Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;
Было ж: калі яны там знаходзіліся, споўніліся яе дні, каб радзіць ёй,
і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.
і нарадзіла Яна Сына, Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было месца ім у гасподзе.
У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.
А былі ў гэтай самай ваколіцы пастухі, што жылі пад голым небам і сцераглі ўночы свой статак.
Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
І Гасподні Анёл паўстаў перад імі, і Гасподняя слава азарыла іх, і яны перастрашыліся страхам вялікім.
І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:
І сказаў ім Анёл: «Не бойцеся, бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе ўсяму народу:
бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;
нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад.
і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.
І гэта вам знак: знойдзеце Немаўля, спавітае, Яно будзе ляжаць у яслях».
І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:
І раптам з’явілася разам з Анёлам мноства нябеснага войска, хвалячы Бога і кажучы:
слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.
Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір у людзях Яго задавальненне!
Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.
І было: калі адышлі ад іх Анёлы ў неба, пастухі казалі адзін аднаму: «Хадзем да Віфлеема і паглядзім, што там адбылося, пра што Госпад абвясціў нам.»
І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.
І, спяшаючыся, прыйшлі і знайші Марыю і Іосіфа і Немаўля, што ляжала ў яслях;
А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.
убачыўшы ж, расказалі пра тое, што ім было сказана пра гэтае Дзіцятка.
І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.
І ўсе, хто пачуў, здзівіліся таму, што казалі ім пастухі.
А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
Марыя ж усе гэтыя словы зберагла, разважаючы ў сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
А пастухі вярнуліся, славячы і хвалячы Бога за усё, што яны убачылі і пачулі гэтак, як ім было сказана.
Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
І калі споўнілася восем дзён, каб абрэзаць Яго, тады і назвалі Яго імем Ісус, якім назваў Яго Анёл, перш чым Ён быў зачаты ў лоне.
А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,
І, калі споўніліся дні ачышчэння паводле Майсеевага Закону, прынеслі Яго у Ерусалім, каб прадставіць Госпаду,
як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;
як напісана ў Гасподнім Законе: «Кожная мужчынская істота, што адкрывае лона, будзе прысвечана Госпаду»,
і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.
І каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў Гасподнім Законе: «пару туркавак або двух галубянят».
Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.
І вось, быў у Ерусаліме чалавек, якому імя Сімяон, чалавек гэты, справядлівы і богабаязны, чакаў суцяшэння Ізралю, і Святы Дух быў на ім;
Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.
І было яму абвешчана Святым Духам, што ён не убачыць смерці, дакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
І прыйшоў ён у Духу ў святыню; і калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса, каб зрабіць над Ім вызначанае паводле Закону,
ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:
І ён узяў Яго на рукі, блаславіў Бога і сказаў:
сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;
«Цяпер адпускаеш свайго раба, Уладару, паводле Твайго слова, у спакоі;
бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,
бо ўбачылі мае вочы Тваё збавенне,
якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
якое Ты падрыхтаваў перад тварам усіх народаў:
сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
Святло ў асвету язычнікам і славу народа Твайго Ізраіля».
А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.
І Яго бацька і Маці здзіўляліся таму, што казалі пра Яго.
І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, —
І блаславіў іх Сімяон і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось, Гэты прызначаны на ўпадак і паўстанне многіх у Ізраіле і на знак, якому будуць супярэчыць,
і Табе Самой зброя пратне душу, — каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
Табе [ж] Самой душу пройдзе меч, каб адкрыліся намеры многіх сэрцаў.
І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,
І была прарочыца Ганна, дачка Фануілава, з племя Асіравача; яна дасягла глыбокай старасці, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,
удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.
І ўдавою да васьмідзесяці чатырох гадоў, не адлучаючыся ад святыні, у пастах і малітвах служачы Богу ўночы і ўдзень.
І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.
І ў гэтую гадзіну, падышоўшы, яна славіла Бога і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збавення Ерусаліма.
І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
І, калі яны выканалі усё паводле Гасподняга Закону, вярнуліся ў Галілею ў свой горад Назарэт.
А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.
Хлопчык жа рос і ўмацоўваўся, напаўняючыся мудрасці, і Божая ласка была на Ім.
Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
І хадзілі Яго бацькі штогод у Ерусалім на свята Пасхі.
І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;
І, калі Ён меў дванаццаць гадоў, яны узыходзілі туды, як зазвычай на свята;
калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;
і адбыўшы гэтыя дні, пры вяртанні астаўся хлопец Ісус у Ерусаліме, а Яго бацькі не заўважылі.
але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;
Думаючы ж, што Ён разам з падарожнікамі, прайшлі яны дзень дарогі і пачалі шукаць Яго сярод сваякоў і знаёмых,
і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
Праз тры дні знайшлі Яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;
І было: праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, калі Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.
І ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго.
І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці Ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.
І, убачыўшы Яго, яны былі ўражаныя, і сказала Яму Маці Яго: «Сыне, што гэта ты нам зрабіў? Вось, Твой бацька і Я ў роспачы шукалІ Цябе».
Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
І сказаў Ён ім: «Чаго ж вы шукалІ Мяне? Хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Бацьку Майму?»
Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.
Ды яны не зразумелі слова, якое казаў ім.
І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
І сышоу Ён з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны, і Яго Маці зберагла ўсе гэтыя словы ў Сваім сэрцы.
А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.
А Ісус набіраўся мудрасці, узмужнеласці, ласкі ў Бога і ў людзей.