Лукаша 5 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Аднойчы, калі люд ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага,
 
Было ж: калі натоўп цясніўся да Яго, каб пачуць Божае слова, і Ён стаяў каля возера Геннісарэцкага,

убачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры; а рыбакі, выйшаўшы зь іх, вымывалі мярэжы.
 
убачыў Ён два чаўны, што стаялі пры беразе; а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеткі.

Увайшоўшы ў адну лодку, якая была Сымонава, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу, і сеўшы, вучыў людзей з лодкі.
 
Ступіўшы ў адзін з чоўнаў, які быў Сіманаў, Ён папрасіў таго трошкі адплыць ад берага; і, сеўшы, з чаўна вучыў натоўп.

А калі перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбокае, і закіньце мярэжы свае для лову.
 
А калі перастаў гаварыць, сказаў Сіману: «Адплыві на глыбіню і спусціце сеткі для лову».

Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слове Тваім закінем мярэжу.
 
І ў адказ Сіман сказаў: «Майстру, цэлую ноч мы высільваліся і нічога не злавілі; але на Тваё слова спушчу сетку.

Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася.
 
І, зрабушы гэта, яны загарнулі вялікае мноства рыбы, аж іх сеткі прарываліся.

І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць.
 
І яны кіўнулі супольнікам з другога чоўна, каб прыйшлі дапамагчы ім; і тыя падышлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны патаналі.

Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны.
 
Убачыўшы ж гэта, Сіман Пятро прыпаў да Ісусавых калень, кажучы: «Адыдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзе».

Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае;
 
Бо жах агарнуў яго і ўсіх, што былі 3 ім, ад улову рыбы, выцягнутай імі.

таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей.
 
гэтак жа і Якава, і Іаана, Зевядзеевых сыноў, што былі Сіманавымі паплечнікамі. І сказаў Сіману Ісус: «Не бойся; з гэтага часу ты будзеш лавіць людзей».

І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім.
 
І яны, выцягнуўшы чоўны на бераг, пакінулі усё і пайшлі ўслед за Ім.

Калі Ісус быў у адным горадзе, прыйшоў чалавек увесь у праказе і, убачыўшы Ісуса, упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
 
І было: калі Ён знаходзіўся ў адным з гарадоў, вось трапіўся адзін чалавек увесь у праказе; убачыўшы ж Ісуса, ён упаў ніцма і прасіў Яго, кажучы: «Госпадзе, калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне».

Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу праказа сышла зь яго.
 
І, працягнуўшы руку, Ён дакрануўся да яго, кажучы: «Хачу, ачысціся». І зараз жа праказа зышла з яго.

І Ён загадаў яму нікому не расказваць, а пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
 
І Ён загадаў яму нікому не гаварыць: «Але пайдзі пакажыся святару і прынясі за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей у сведчанне ім».

Але тым болей шырыліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сьцякалася да Яго — слухаць і ацаляцца ў Яго ад хваробаў сваіх.
 
А Яго слава ўсё больш пашыралася, і зыходзіліся вялікія натоўпы слухаць і вылечыцца ад сваіх немачаў.

А Ён адыходзіў у пустэльныя мясьціны і маліўся.
 
Ён жа адыходзіў у пустэльныя месцы і маліўся.

Аднаго дня, калі Ён вучыў, і сядзелі тут фарысэі і законьнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасьцяў Галілеі і Юдэі і зь Ерусаліма, і сіла Гасподняя зьяўлалася ў ацаленьні хворых —
 
І было ў адзін з дзён, калі Ён вучыў і сядзелі фарысеі і законанастаўнікі, што зышліся з ўсіх галілейскіх і іудзейскіх вёсак і з Ерусаліма; і моц Госпада была ў Яго вылечваннях.

вось, прынесьлі нейкія на пасьцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесьці яго ў дом і пакласьці перад Ісусам;
 
І вось людзі няслі на ложы чалавека, які быў спаралізаваны, і спрабавалі унесці яго і пакласці перад Ім.

і не знайшоўшы дзе пранесьці яго, з прычыны люднасьці, залезьлі на дах дома і праз дах апусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам.
 
І не знайшоўшы, дзе ўнесці яго, з-за натоўпу, яны ўзняліся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго разам з ложам на сярэдзінму перад Ісусам.

І Ён, бачачы веру іхную, сказаў чалавеку таму: даруюцца табе грахі твае.
 
І, убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе твае грахі».

Кніжнікі і фарысэі пачалі разважаць, кажучы: хто гэта, Які блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
 
І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: «Хто Гэты, што кажа блюзнерства? Хто можа адпушчаць грахі акрамя аднаго Бога?»

Ісус, зразумеўшы намыслы іхнія, сказаў ім у адказ: што намышляеце ў сэрцах вашых?
 
Ісус жа, уведаўшы іх разважанні, у адказ ім сказаў: «Што разважаеце у сваіх сэрцах?

што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі твае», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
 
Што лягчэй: сказаць: «Адпускаюцца табе твае грахі» ці сказаць: «Устань і хадзі»?

але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — сказаў Ён паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
 
Але каб вы ведалі, што Чалавечы Сын мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — Ён сказаў спаралізаванаму: «Табе кажу: устань, і, узяўшы сваё ложа, ідзі ў свой дом».

І той адразу ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
 
І ён, зараз жа ўстаўшы перад імі, узяўшы тое, на чым ляжаў, пайшоў у свой дом, праслаўляючы Бога.

І жах агарнуў усіх, і славілі Бога; і, поўныя страху, казалі: дзівосныя дзеі бачылі мы сёньня.
 
І жах ахапіў усіх, і яны славілі Бога, і былі перапоўненыя страху, кажучы: «Дзівосы бачылі мы сёння».

Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.
 
І пасля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Леві, што сядзеў ля мытні, і сказаў яму: «Ідзі ўслед за Мною».

І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
 
І, пакінуўшы ўсё, той устаў і пайшоў услед за Ім.

І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі.
 
І зрабіў Леві для Яго вялікі пачастунак у сваім доме, і быў вялікі натоўп мытнікаў і шшых, што з Ім узлягалі.

А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?
 
І наракалі фарысеі і іх кніжнікі, кажучы да Яго вучняў: «Чаму вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п’яце?»

А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
 
І ў адказ Ісус сказаў ім: «Маюць патрэбу ў доктары не здаровыя, а хворыя;

Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
 
Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, а грэшнікаў на пакаянне».

А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?
 
Яны ж сказалі Яму: «Іаанавы вучні часта посцяць і малітвы адпраўляюць, гэтак жа і фарысейскія, а Твае ядуць і п’юць».

Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?
 
Ісус жа сказаў ім: «Ці вы можаце прымусіць пасціць сыноў шлюбнага пакоя, калі з імі Малады?

але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.
 
Але прыйдуць дні, і калі будзе ўзяты ад іх Малады, тады, у тыя дні будуць яны пасціць».

Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.
 
Сказаў жа і ўпадабненне ім: «Ніхто не накладае лапіны на старое адзенне, адарваўшы ад новага адзення; калі ж не — і новае разарве і да старога не прыдасца лапіна ад новага.

І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
 
І ніхто не ўлівае маладое віно ў старыя бурдзюкі, а то маладое віно парве бурдзюкі, і само выцячэ і бурдзюкі прападуць;

а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.
 
але маладое віно трэба ўліваць у новыя бурдзюкі.

І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.
 
[і] ніхто, піўшы старое, не захоча маладога; бо кажа: «Старое — прыемнае».