Лукаша 6 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
У шабат Езус праходзіў праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.
І трапілася ў суботу праходзіць Яму збажыною, і Яго вучні зрывалі і елі калоссе, расціраючы рукамі.
Некаторыя ж з фарысеяў казалі: «Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?»
Некаторыя ж з фарысеяў сказалі: «Чаму вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботы?»
Тады Езус сказаў ім у адказ: «Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?
І ў адказ ім Ісус сказаў: «Нават пра тое не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
Як увайшоў у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, з’еў сам і даў тым, хто быў з ім».
Як увайшоу ён у Божы дом і, узяўшы ахвярныя хлябы, еў і даў тым, што былі з ім, а іх нельга есці нікому, толькі адным святарам?»
І сказаў ім: «Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
І Ён казаў ім: «Чалавечы Сын гаспадар і суботы».
У іншы шабат Ён увайшоў у сінагогу і навучаў. А быў там чалавек з усохлай правай рукой.
І было ж: у другую суботу увайшоў Ён у сінагогу і вучыў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.
А кніжнікі і фарысеі сачылі за Езусам, ці Ён лечыць у шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго.
Кніжнікі ж і фарысеі сачылі за Ім, ці не вылечвае Ён у суботу, каб знайсці абвінавачванне супроць Яго.
Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку з усохлай рукой: «Падыміся і стань пасярэдзіне». Той падняўся і стаў.
Але Ён ведаў іх намеры і сказаў чалавеку, што меў сухую руку: «Падыміся і стань пасярэдзіне»; і той, падняўшыся, стаў.
Тады Езус сказаў ім: «Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць жыццё ці загубіць?»
Ісус жа сказаў ім: «Пытаюся ў вас: Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха тварыць? душу ўратаваць ці загубіць?»
І, паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму: «Працягні руку сваю». Той так і зрабіў; і выздаравела рука ягоная.
І, агледзеўшы іх усіх, сказаў яму: «Працягні сваю руку». І ён зрабіў так і ажыла яго рука.
А яны напоўніліся лютасцю і гаварылі між сабою, што б зрабіць з Езусам.
Яны ж перапоўніліся шаленствам і раіліся між сабою, што зрабіць бы з Ісусам.
У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.
І было: у тыя дні выйшаў Ён на гару памаліцца, і цэлую ноч правёў на малітве да Бога.
Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
І, калі надышоў дзень, Ён паклікау Сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,
Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, яго брата, і Якава, і Іаана, і Піліпа, і Варфаламея,
Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зелотам,
і Мацея, і Фаму, і Якава Алфеевага, і Сімана, званага Зілотам,
Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
і Юду Якаўлевага, і Юду Іскарыёта, які зрабіўся прадажнікам.
Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона
І спусціўшыся з імі Ён стаў на роўным месцы, і вялікі натоўп Яго вучняў, і вялікае мноства народа з усяе Іудзеі і Ерусаліма і з узбярэжжа Тыра і Сідона,
прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся.
што прыйшлі паслухаць Яго і вылечыцца ад сваіх хвароб; таксама тыя, каго даймалі нячыстыя духі вылечваліся,
Усе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх.
І ўвесь натоўп стараўся дакранацца да Яго, бо сіла ад Яго зыходзіла і вылечвала ўсіх.
А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
І Ён, падняўшы Свае вочы на вучняў Сваіх казаў: «Шчаслівыя вы, убогія, бо ваша ёсць Божае Царства.
Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
Шчаслівыя вы, згаладалыя цяпер, бо натоліцеся. Шчаслівыя вы, заплаканыя цяпер, бо засмяецеся.
Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас ненавідзець людзі і калі будуць адлучаць вас, і ганьбаваць вас, і адкінуць ваша імя як ліхое з-за чалавечага Сына;
Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
радуйцеся ў той дзень і скачыце, бо вось вялікая ваша ўзнагарода ў небе; бо тое самае чынілі прарокам іх бацькі.
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!
Але бяда вам, багатыя, бо вы атрымалі сваю ўцеху.
Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!
Бяда вам, сытыя цяпер, бо зазнаеце голад: Бяда вам, што смяецеся цяпер, бо засумуеце і заплачаце.
Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
Бяда вам, калі пра вас скажуць добра ўсе людзі. Бо тое самае чынілі фальшывым прарокам іх бацькі.
Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.
Але вам, што слухаеце, Я кажу: «Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас,
Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.
бласлаўляйце тых, што вас праклінаюць, і малітеся за тых, што крыўдзяць вас.
Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю.
Хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў яму і другую, а хто забірае ў цябе вопратку, не адмаўляй таму і сарочкі.
Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту.
Кожнаму, хто ў цябе просіць, дай, а ў таго, хто тваё забірае, не спаганяй.
Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце.
І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць.
А калі любіце тых, што любяць вас, якая вам хвала? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае.
[Бо] калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам хвала? І грэшнкі тое самае робяць.
Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць, якая вам хвала? І грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць гэтулькі ж.
Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых.
А вы любіце сваіх ворагаў і рабіце дабро і пазычайце, не спадзеючыся нічога, і будзе вялікаю ваша ўзнагарода, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры да няўдзячных і ліхіх.
Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
Будзьце малісэрныя, як [і] ваш Бацька міласэрны.
Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.
І не судзіце, каб і вас не судзілі; І не засуджайце, каб і вас не засудзілі. Даруйце, і вам даруюць;
Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».
давайце, і вам дадуць: мераю добраю, набітаю, утрэсенаю, перапоўненаю дадуць вам у прыпол; бо якою мерай вы мераеце, адмераюць вам».
І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?
І прывёу ім упадабненне: «Хіба можа сляпы сляпога вясці? Ці не абодва ў яму ўпадуць?
Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.
Вучань не вышэйшы за настаўніка; але кожны, навучыўшыся, будзе, як яго настаўнік.
Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
Што ж ты бачыш парушынку ў воку свайго брата, а калоды ва ўласным воку не заўважаеш?
Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
Як ты можаш казаць свайму брату: «Браце, дай, я выму парушынку, што ў тваім воку, калі сам калоды ў сваім воку не бачыш?» Крывадушнік, дастань спярша калоду са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку, што ў воку брата твайго.
Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод.
Бо няма добрага дрэва, якое радзіла б нягодны плод, няма і нягоднага дрэва, якое радзіла б добры плод.
Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду.
Бо кожнае дрэва з свайго плоду пазнаецца; бо з цёрну не збіраюць фігі і з ажыны вінаградных гронак не зразаюць.
Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а ліхі з ліхога — выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго.
Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу?
Што ж клічаце: «Госпадзе, Госпадзе!», а не робіце таго, што Я кажу?
Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго.
Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Мае словы і выконвае іх, — Я пакажу вам, да каго ён падобны;
Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны.
Падобны ён да чалавека, што, будуючы дом, раскапаў і заглыбіўся і аснову заклаў на камені; калі ж здарылася разводдзе, хлынуў паток на той дом і не змог яго пахіснуць, бон быў добра збудаваны.
А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне гэтага дому».
А хто спухае і не выконвае, той падобны да чалавека, што збудаваў дом на зямлі без асновы, хлынуў паток на яго, і адразу. ён упаў, і быў абвал таго дома вялікі».