Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
 
І сказаў Ён ім прыпадабненне пра тое, што ім трэба заусёды маліцца і не знемагаць,

кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
 
кажучы: «У нейкім горадзе быў адзін суддзя, што Бога не баяўся і людзей не саромеўся.

Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”.
 
І была ў тым горадзе ўдава, і прыходзіла яна да яго і казала: «Абарані мяне ад майго праціўнка».

Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
 
Ды ён доўга не хацеў. А пасля сказаў сам сабе: «Хоць і Бога я не баюся і людзей не саромеюся,

але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”».
 
але з-за таго, што гэтая ўдава назаляе мне, абараню яе, каб яна ўрэшце не хадзіла і не дакучала мне».

І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя.
 
І сказаў Госпад: «Ці чуеце, што гаворыць несправядлівы суддзя?

Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе?
 
А ці ж Бог не возьме ў абарону Сваіх абраных, што заклікаюць Яго дзень і ноч, і будзе марудзіць ім?

Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
 
Кажу вам, што Ён падасць неўзабаве ім абарону. Толькі Чалавечы Сын, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»

Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі:
 
Сказаў жа і для некаторых, упэўненых у сабе, што яны праведнікі, а іншых мелі за нішто, такое прыпадабненне:

«Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
 
два чалавекі ўвайшлі ў святыню памаліцца, адзін — фарысей, а другі — мытнік.

Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік.
 
Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: «Божа, дзякую Табе, што я не як астатнія людзі: рабаўнікі, несправядліўцы, пералюбцы ці нават як гэты мытнік;

Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”.
 
я пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю».

А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”.
 
Мытнік жа, стоячы здалёку, не важыўся і вачэй падняць да неба, а біў сябе ў грудзі, кажучы: «Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшніка».

Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
 
Кажу вам: гэты пайшоў у свой дом апраўданым, а не той; бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, хто ж паніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Прыносілі да Яго таксама немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы, забаранялі ім.
 
Прыносілі ж да Яго і немаўлят, каб да іх дакрануўся; а вучні убачыўшы, дакаралі іх.

Тады Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.
 
Ісус жа паклікаў дзяцей, кажучы: «Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім; бо такіх ёсць Божае Царства.

Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
 
Папраўдзе кажу вам, хто не прыйме Божага Царства, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».

Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»
 
І спытаўся ў Яго адзім з начальнікаў, кажучы: «Дасканалы Настаўніку, што рабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?»

Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
 
Ісус жа сказаў яму: «Што ты Мяне называеш дасканалым? Ніхто не дасканалы, — толькі адзін Бог.

Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці».
 
Ты ведаеш запаведзі: «Не чыні пералюбу, не забі не украдзі, не сведчы фальшыва, шануй свайго бацьку і маці».

Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».
 
Ён жа сказаў: «Усё гэта я выконваў з маладосці».

Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
 
Пачуўшы ж, Ісус сказаў яму: «Яшчэ аднаго табе не стае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь сюды, і ідзі ўслед за Мною».

Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты.
 
Пачуўшы ж гэта, ён зажурыўся, бо быў надта багаты.

Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
 
Убачыўшы, што той зажурыўся, Ісус сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Божае Царства.

Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
 
Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму увайсці у Божае Царства».

Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?»
 
І сказалі тыя, што чулі: «Хто ж можа ўратавацца?»

А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».
 
Ён жа сказаў: «Немажлівае людзям — мажліва Богу».

Тады Пётр сказаў: «Вось мы пакінулі сваё і пайшлі за Табою».
 
І сказаў Пятро: «Вось, мы, пакінуўшы тое, што мелі, пайшлі ўслед за Табою».

А Ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства,
 
Ён жа сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Царства,

і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку — жыццё вечнае».
 
не атрымаў бы ў шмат разоў больш у гэты час, а ў наступным веку — вечнае жыццё».

Пасля ўзяў Дванаццаць і сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і збудзецца ўсё, што пісалі прарокі пра Сына Чалавечага,
 
І, узяўшы Дванаццаць, Ён сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і збудзецца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Чалавечага Сына:

бо Ён выдадзены будзе язычнікам, насмяюцца з Яго, абразяць, аплююць,
 
бо Ён будзе выдадзены язычнікам, і будзе асмяяны, і зняслаўлены, і апляваны,

будуць бічаваць і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».
 
І збічаваўшы, заб’юць Яго, але трэцяга дня Ён уваскрэсне!»

Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага.
 
Ды яны нічога з гэтага не зразумелі, і гэтае слова было схована ад іх, і сказанага яны не разумелі.

Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну.
 
І было: калі Ён набліжаўся да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе жабруючы.

Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое.
 
А пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён пытаўся: «Што гэта такое?»

Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін.
 
Яму ж адказалі што праходзіць Ісус Назаранін.

Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
 
І ён закрычаў, кажучы: «Ісусе, Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!»

Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
 
І тыя, што ішлі спераду, дакаралі яго, каб замоўк, ён жа яшчэ больш крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!» .

Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся:
 
І спыніўся Ісус, і казаў прывесці яго да Сябе. Калі ж той наблізіўся, Ён спытаўся ў яго:

«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў».
 
«Што ты хочаш, каб Я зрабіў табе?» А той сказаў: «Госпадзе, каб стаў я відушчы».

І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе».
 
І Ісус сказаў яму: «Стань відушчы! Твая вера ўратавала цябе».

Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.
 
І ён зараз жа стаў відушчы і пайшоў услед за Ім, праслаўляючы Бога. І ўвесь народ, бачачы, аддаў хвалу Богу.