Лукаша 10 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці.
 
Пасля ж таго прызначыў Госпад і іншых семдзесят [двух] і паслаў іх па двух перад Сабою ў кожны горад і месца, куды Сам намерваўся прыйсці.

І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё.
 
Сказаў жа ім: «Жніво вялікае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на Сваё жніво.

Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
 
Ідзіце! Вось пасылаю вас як ягнят паміж ваўкоў.

Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.
 
Не насіце з сабою ні каліты, ні торбы, ні сандаляў, і нікога ў дарозе не вітайце!

У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!”
 
І ў які б вы дом ні ўвайшлі, найперш кажыце: «Спакой гэтаму дому!»

Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас.
 
І калі будзе там сын спакою, то спачыне на ім ваш спакой калі ж не, то да вас вернецца.

Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
 
І ў гэтым самым доме заставайцеся, ядучы і п’ючы, што яны маюць; бо варты работнік сваёй платы. Не пераходзьце з дому ў дом!

Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.
 
І ў які б вы горад ні ўваходзілі — калі прыймаюць вас, ешце, што вам пададуць.

Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
 
І вылечвайце ў ім хворых і кажыце ім: «Наблізілася да вас Божае Царства».

Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце:
 
І ў які б вы горад ні ўвайшлі, — калі не прыймаюць вас, то, выйшаўшы на яго вуліцы, скажьце:

“Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
 
«Нават пыл, што прыліп да нашых ног з вашага горада, мы страсаем вам. Ды гэта ведайце, што блізка Божае Царства».

Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.
 
Кажу вам, што Садому ў той дзень будзе лягчэй, чым таму гораду.

Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся.
 
Бяда табе, Харадзіне! Бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся.

Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.
 
Але Тыру і Сідону будзе лягчэй на судзе, чым вам.

І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!
 
І ты, Капернауме, ці аж да неба ўзнясешся? Ажно ў пекла сыдзеш.

Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».
 
Хто спухае вас, Мяне слухае, а хто вас адкідае, Мяне адкідае, хто ж Мяне адкідае, адкідае Таго, Хто паслаў Мяне.

Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!»
 
Вярнуліся ж семдзесят [два] з радасцю, кажучы: «Госпадзе, і дэманы паддаюцца нам у Тваё імя».

А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка.
 
Ён жа сказаў ім: «Я бачыў сатану, што як маланка спадаў з неба.

Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам.
 
Вось, Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не зашкодзіць вам.

Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
 
Але не цешцеся з таго, што духі вам паддаюцца, а цешцеся, што вашы імёны запісаны ў нябёсах».

У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.
 
У гэты самы час узрадаваўся Ён Святым Духам і сказаў: «Слаўлю Цябе, Бацька, Госпадзе неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым; так, Бацька, бо гэтак было Табе даспадобы.

Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».
 
Усё перададзена Мне Маім Бацькам; і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, толькі Бацька, і хто ёсць Бацька — толькі Сын і каму Сын хоча адкрыць».

І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
 
І, звярнуўшыся да вучняў, на адзіноце сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.

Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».
 
Бо кажу вам: «Шмат прарокаў і цароў хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы, а не ўбачылі, і пачуць, што чуеце вы, а не пачулі.

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»
 
І вось устаў адзін законнік і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўніку, што я павінен зрабіць, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?»

Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
 
Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»

Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе».
 
Той жа ў адказ сказаў: «Любі Госпада Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і усёю моцай сваёю, і ўсім розумам сваім», і: «свайго бліжняга, як самога сябе».

Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».
 
Ён жа сказаў яму: «Ты правільна адказаў: рабі гэта і будзеш жыць».

Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»
 
Той жа, хочучы апраўдаць сябе, сказаў Ісусу: «А хто мой блліжні?»

На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
 
У адказ Ісус сказаў: «Адзін чалавек спускаўся з Ерусаліма ў Ерыхон і трапіў разбойнікам, якія раздзелі яго, і паранілі, і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.

Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
 
Выпадкам спускаўся тою дарогаю адзін святар, і убачыўшы яго, перайшоў на другі бок.

Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
 
Гэтак жа і левіт, прыйшоўшы на тое месца і ўбачыўшы, перайшоў на другі бок.

А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.
 
А адзін самаранін, быўшы ў дарозе, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся

Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім.
 
І падышоўшы, перавязаў яму раны, узліваючы алеем і віном; і пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго.

А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”.
 
І на другі дзень, выняўшы два дынарыі, даў гаспадару гасцініцы і сказаў: «Заапекуйся ім, а што больш патраціш, я, вяртаючыся, аддам табе».

Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?»
 
Хто з гэтых трох, думаецца табе, быў бліжні таму, што трапіўся разбойнікам?»

Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».
 
Ён жа сказаў: «Той, хто ўчыніў міласэрнасць над ім». Сказаў жа яму Ісус: «Ідзі і ты рабі гэтак».

Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго.
 
ў часе іх дарогі прыйшоў Ён у адно сяло. І пэўная жанчына, на імя Марта, прыняла Яго.

У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы.
 
Была ж у яе сястра — звалася Марыя, седзячы ў нагах у Ісуса, яна слухала Яго слова.

Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне».
 
Марта ж завіхалася ў розных паслугах. І, падышоўшы, сказала: «Госпадзе, ці ж не абыходзіць Табе, што мая сястра адну мяне пакінула прыслугоўваць? Скажы ёй, каб яна мне дапамагла».

Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае,
 
ў адказ жа сказаў ёй Госпад: «Марта, Марта, турбуешся ты і непакоішся пра многае,

а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».
 
а патрэбна адно; Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».