Лукаша 10 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці.
 

І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё.
 

Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
 

Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.
 

У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!”
 

Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас.
 

Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
 

Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.
 

Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
 

Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце:
 

“Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
 

Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.
 

Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся.
 

Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.
 

І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!
 

Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».
 

Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!»
 

А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка.
 

Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам.
 

Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
 

У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.
 

Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».
 

І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
 

Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».
 

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»
 

Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
 

Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе».
 

Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».
 

Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»
 

На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
 

Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
 

Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
 

А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.
 

Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім.
 

А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”.
 

Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?»
 

Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».
 

Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго.
 

У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы.
 

Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне».
 

Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае,
 

а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».