Лукаша 24 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі.
 

Але знайшлі, што камень адсунуты ад магілы.
 

І, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса.
 

Калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні.
 

Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
 

Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
 

што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне».
 

І ўзгадалі яны словы Ягоныя,
 

і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім.
 

Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя, маці Якуба, ды іншыя, што былі з імі, якія казалі пра гэта Апосталам.
 

Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім.
 

Але Пётр устаў і пабег да магілы. Зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.
 

Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус.
 

Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося.
 

А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі.
 

Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.
 

А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку.
 

Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?»
 

Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам;
 

як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі.
 

А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася.
 

Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы
 

і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы.
 

Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».
 

Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!
 

Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?»
 

І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.
 

Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей.
 

Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
 

Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім.
 

Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх.
 

Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?»
 

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі,
 

якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону».
 

Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.
 

Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!»
 

Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа.
 

Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах?
 

Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю».
 

Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.
 

А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?»
 

Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы.
 

Ён узяў і еў перад імі.
 

І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах».
 

Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.
 

І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых,
 

і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема.
 

А вы — сведкі гэтага.
 

Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».
 

Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх.
 

Калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба.
 

Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем,
 

і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога.