Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
 
Сказаў жа Ён ім [і] прыпавесць пра тое, што ім трэба заўсёды маліцца і не занепадаць духам,

кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
 
кажучы: У нейкім горадзе быў адзін суддзя, што Бога не баяўся і людзей не саромеўся.

Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”.
 
І была ў тым горадзе [адна] ўдава, і яна прыходзіла да яго і казала: Абарані мяне ад майго праціўніка.

Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
 
Ды ён нейкі час не хацеў. А пасяля сказаў сам сабе: Хоць і Бога я не баюся і людзей не саромеюся,

але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”».
 
але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ўрэсце не хадзіла і не дакучала мне.

І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя.
 
І Госпад сказаў: Чуеце, што кажа няправедны суддзя?

Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе?
 
А ці ж Бог не возьме ў абарону Сваіх абраны, што крычаць Яму ўдзень і ўночы, хоць і доўга церпіць несправядлівасць да іх?

Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
 
Кажу вам, што Ён створыць неўзабаве ім абарону. Толькі Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?

Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі:
 
І Ён сказаў таксама да некаторых, упэўненных у сабе, што яны праведнікі, а іншымі пагарджалі, такую прыпавесць:

«Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
 
два чалавекі ўзышлі ў святыню памаліцца, адзін — фарысей, а другі — зборшчык падаткаў.

Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік.
 
Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не як астатнія людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложцы ці нават як гэты зборшчык падаткаў;

Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”.
 
я пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю.

А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”.
 
А зборшчк падаткаў, стоячы здалёку, не важыўся і вачэй узняць да неба, а біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага.

Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
 
Кажу вам: гэты пайшоў ў свой дом больш апраўданым, чым той; бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, хто ж паніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Прыносілі да Яго таксама немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы, забаранялі ім.
 
Прыносілі ж да Яго і неўмалят, каб Ён да іх дакрануўся; а вучні, убачыўшы, забаранялі ім.

Тады Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.
 
Ісус жа паклікаў іх, кажучы: Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае.

Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
 
Праўду кажу вам, хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвайдзе ў яго.

Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»
 
І адзін начальнік спытаўся ў Яго, кажучы: Добры Настаўніку, што рабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?

Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
 
Ісус жа сказаў яму: Што ты Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, — толькі адзін Бог.

Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці».
 
Ты ведаеш запаведзі: «Не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы лжывы, шануй свайго бацьку і маці [сваю]».

Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».
 
Ён жа сказаў: Усё гэта я выконваў з [сваёй] маладосці.

Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
 
І Ісус, пачуўшы [гэта], сказаў яму: Яшчэ аднаго табе нестае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною.

Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты.
 
Але ён, пачуўшы гэта, моцна зажурыўся, бо быў надта багаты.

Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
 
Убачыўшы, што той моцна зажурыўся, Ісус сказаў: Як цяжка тым, што маюць багацце, уваходзіць у Царства Божае!

Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
 
Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.

Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?»
 
І тыя, што чулі, сказалі: І хто можа быць уратаваны?

А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».
 
Ён жа сказаў: Немажлівае ў людзей — мажлівае ў Бога.

Тады Пётр сказаў: «Вось мы пакінулі сваё і пайшлі за Табою».
 
І Пётр сказаў: Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.

А Ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства,
 
Ён жа сказаў ім: Праўду кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом ці жонку, ці братоў, ці бацькоў47, ці дзяцей дзеля Царства Божага,

і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку — жыццё вечнае».
 
не атрымае ў шмат разоў больш у гэты час, а ў прошлым веку — вечнае жыццё.

Пасля ўзяў Дванаццаць і сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і збудзецца ўсё, што пісалі прарокі пра Сына Чалавечага,
 
І, узяўшы дванаццаць, Ён сказаў ім: Вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і спраўдзіцца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Сына Чалавечага:

бо Ён выдадзены будзе язычнікам, насмяюцца з Яго, абразяць, аплююць,
 
бо Ён будзе выдадзены язычнікам, і будзе асмяяны, і зняважаны, і апляваны,

будуць бічаваць і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».
 
і, збічаваўшы, заб’юць Яго, але трэцяга дня Ён уваскрэсне!

Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага.
 
Ды яны нічога з гэтага не зразумелі, і гэтае слова было схавана ад іх, і сказанага яны не разумелі.

Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну.
 
І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе жабруючы.

Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое.
 
А пачаўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся, што гэта такое.

Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін.
 
Яму сказалі, што праходзіць Ісус Назаранін.

Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
 
І ён закрычаў, кажучы: Ісусе, Сыне Давідаваў, злітуйся нада мною!

Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
 
І тыя, што ішлі спераду, сталі забараняць яму, дамагаючыся, каб замоўк, ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаваў, злітуйся нада мною!

Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся:
 
І, спыніўшыся, Ісус, загадаў прывесці яго да Сябе. Калі ж той наблізіўся, Ён спытаўся ў яго:

«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў».
 
Што ты хочаш, каб Я зрабіў табе? — І ён сказаў: Госпадзе, каб я стаў бачыць.

І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе».
 
І Ісус сказаў яму: Будзь відушчы. Твая вера ўратавала цябе.

Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.
 
І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.