Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам Абілены,
 
А ў пятнаццаты год кіравання кесара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Іудзеі, а чацвёртаўладальнікам Галілеі быў Ірад, Філіп жа, яго брат, быў чацвёртаўладальнікам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лісаній чацвёртаўладальнікам Авіліны,

пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
 
пры першасвятары Ганну і Каіяфе, было слова Божае да Іаана, сына Захарыевана, у пустэльні.

Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,
 
І ён прайшоў усё наваколле Іардана, абвяшчаючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі: «Голас таго, хто кліча ў пустыні:“Падрыхтуйце дарогу Пану,простымі рабіце сцежкі Яму!
 
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаіі: «Голас прапаведніка ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі зрабіце Яму сцежкі;

Кожная даліна ўзвысіцца,кожная гара і пагорак панізяцца,і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,а ланцугі гор — далінаю.
 
кожны дол няхай напоўніцца, а кожная гара і пагорак няхай панізяцца, і крывое няхай выпрастаецца, і выбоістыя дарогі стануць гладкімі;

І ўбачыць кожнае целаБожае збаўленне”».
 
і ўбачыць кожнае стварэнне выратаванне Божае».

Ён казаў натоўпам, якія прыходзілі да яго хрысціцца: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
 
Дык ён казаў натоўпам, што выходзілі, каб хрысціцца ў яго: Гадзючыя выпадкі, хто паказаў вам уцякаць ад будучага гневу?

Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму.
 
Дык стварыце годныя плады пакаяння і не пачынайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узняць дзяцей Аўрааму.

Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь».
 
Ужо ж і сякера ляжыць пры корані дрэў; дык кожнае дрэва, што добрага плоду не родзіць, ссякаюць і кідаюць у агонь.

І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?»
 
І натоўпы пыталіся ў яго, кажучы: Дык што нам рабіць?

Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае».
 
Ён жа ў адказ ім казаў: Хто мае два хітоны, няхай дасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай гэтак жа зробіць.

Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?»
 
Прыйшлі ж і зборшчыкі падаткаў хрысціцца і сказалі яму: Настаўніку, што нам рабіць?

Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце».
 
І ён ім сказаў: Не спаганяйце нічога больш, чым вызначана вам.

Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».
 
Пыталіся ж у яго і воіны, кажучы: А нам што рабіць? — І сказаў ім: Ні ў кога нічога не вымагайце, не даносьце і задавальняйцеся сваёю платаю.

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён,
 
Калі ж народ чакаў і ўсе разважалі ў сваіх сэрцах пра Іаана, ці не Хрыстос ён,

Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.
 
Іаан адказаў, кажучы ўсім: Я вадою хрышчу вас; а ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты развязаць раменьчык Яго сандаляў; Ён вас будзе хрысціць Святым Духам і агнём;

Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».
 
у Яго руцэ веялка, каб ачысціць Свой умалот і сабраць пшаніцу ў Сваё сховішча, а мякіну спаліць незгасальным агнём.

Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.
 
Дык, і шмат у чым іншым настаўляючы, ён дабравесціў народу.

А тэтрарх Ірад, якога Ян дакараў за Ірадыяду, жонку яго брата Філіпа, і за ўсё зло, якое ўчыніў Ірад,
 
А Ірад, чацвёртаўладнік, выкрываны ім за Ірадыяду, жонку свайго брата, і за ўсё ліхое, што Ірад зрабіў,

да ўсяго дадаў яшчэ і тое, што замкнуў Яна ў вязніцы.
 
дадаў да ўсяго і тое, што зняволіў Іаана ў турму.

Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба,
 
І сталася: калі хрысціўся ўвесь народ і Ісус, ахрысціўшыся, маліўся, расчынілася неба,

і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
 
і зышоў Святы Дух у цялесным выглядзе, як голуб на Яго, і голас з неба пачуўся: Ты Мой Сын Улюбёны, у Табе знайшоў Я задавальненне.

Езус, пачынаючы служэнне сваё, меў каля трыццаці гадоў і быў, як лічылі, сынам Юзафа, сына Элія,
 
А Сам Ісус, пачынаючы Сваё служэнне, меў гадоў каля трыццаці, быў, як думалі, Сын Іосіфаў, Іліеў,

Матата, Левія, Мэльхія, Яная, Юзафа,
 
Матфатаў, Лявіеў, Мялхіеў, Іяннаеў, Іосіфаў,

Матація, Амоса, Навума, Эслія, Нагея,
 
Матафіеў, Амосаў, Навумаў, Гесліеў, Нагееў,

Маата, Матація, Сэмэя, Ёсэха, Ёды,
 
Маафаў, Матафіеў, Семяінаў, Іасіхаў, Іадаеў,

Янана, Рэсы, Зарабабэля, Салятыэля, Нэрыя,
 
Іаананаў, Рысаеў, Дзарававелеў, Салафіілеў, Нірыеў,

Мэльхія, Адзія, Касама, Эльмадама, Эра,
 
Мялхіеў, Аддзеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў,

Езуса, Эліязэра, Ярыма, Матата, Левія,
 
Ісусаў, Эліедзераў, Іарымаў, Матфатаў, Лявіеў,

Сімяона, Юды, Юзафа, Ёнама, Эліяхіма,
 
Сімяонаў, Іудаў, Іосіфаў, Іананаў, Эліякімаў,

Мэлея, Мэны, Матата, Натана, Давіда,
 
Меляаеў, Мяннаеў, Матафаеў, Нафанаў, Давідаў,

Есэя, Абэда, Бааза, Сальмона, Наасона,
 
Іессееў, Авідаў, Ваозаў, Салаў, Наасонаў,

Амінадаба, Адміна, Арні, Эзрома, Фарэса, Юды,
 
Амінадаваў, Адмінаў, Арніеў, Гесромаў, Фарэсаў, Іудаў,

Якуба, Ісаака, Абрагама, Тарэя, Нахора,
 
Іякаваў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фараў, Нахораў,

Сэруха, Рахаба, Фалека, Эбэра, Салія,
 
Сярухаў, Рагаваў, Фалекаў, Эвераў, Салаў,

Каінама, Арфаксада, Сэма, Ноя, Ламеха,
 
Каінамаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў,

Матусала, Эноха, Ярэда, Малелеэля, Каінама,
 
Мафусалаў, Энохаў, Іярэтаў, Малеляілаў, Каінамаў,

Эноса, Сэта, Адама, сына Бога.
 
Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.