Ёны 3 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

І было слова Гасподняе Ёну другі раз:
 
І было другі раз слова Госпадава да Ёны, кажучы:

«устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе».
 
Устань, і ідзі ў Няніву — у гэтае вялікае места і прапаведуй у ім тое, што Я загадаў табе.

І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове Гасподнім; а Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады.
 
І ўстаў Юна і пайшоў у Няніву паводля слова Госпадавага; Няніва-ж была вялікае места, на тры дні хады.

І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: «яшчэ сорак дзён, — і Нінэвія будзе разбурана!»
 
І пачаў Ёна хадзіць па месьце, колькі можна ўвайсьці ў вадзін дзень, і прапаведваў, кажучы: яшчэ сорак дзён, — і Няніва будзе разбурана!

І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога.
 
І паверылі жыхары Нянівы Богу: агаласілі пост і апранулі на сябе мяшкі ад найбольшага зь іх да найменшага.

Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, — і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле,
 
І дайшло гэтае слова да караля Нянівы, — і ён устаў з пасаду свайго, і зьняў зь сябе каралеўскую вопратку сваю, і апрануўся ў мяшок і сеў на попеле,

і загадаў абвясьціць і сказаць у Нінэвіі ад імя цара і вяльможаў ягоных, «каб ні людзі, ні быдла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашу, і вады ня пілі,
 
І загадаў апавясьціць і сказаць у Няніве ад імя караля і вяльможаў яго, каб ні людзі, ні жывёла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашы, і вады ня пілі,

і каб пакрытыя былі вярэтай людзі і быдла і моцна галасілі да Бога, і каб кожны адвярнуўся ад ліхога шляху свайго ад гвалту рук сваіх.
 
І каб пакрыты былі мяшкамі людзі і жывёла, і моцна, клікалі да Бога, каб кажны адвярнуўся ад благога шляху свайго і ад прагавітасьці рук сваіх.

Хто ведае, можа, яшчэ Бог умілажаліцца і ўхіліць ад нас полымны гнеў Свой, і мы не загінем».
 
Хто ведае, магчыма, што Бог вернецца і пакаіцца, і адмовіцца ад палкага гневу Свайго, і мы не загінем.

І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў.
 
І ўбачыў Бог учынкі іх, што яны адвярнуліся ад благога шляху свайго, і пашкадаваў Бог наслаць на іх тую бяду, аб якой сказаў, што нашле на іх, і не наслаў.