Адкрыцьцё 14 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе.
І глянуў (я), і вось Ягняк, Які стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць Імя Бацькі Ягонага, напісанае на ілбах іхніх.
І пачуў я голас зь неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому; і пачуў голас быццам гусьляроў, што ігралі на гусьлях сваіх:
І я пачуў голас зь неба, як шум водаў многіх, і як грымота грому моцнага; і я пачуў гучаньне гарпістаў граючы на гарпах сваіх.
яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтай песьні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі.
І яны пяюць быццам песьню новую перад Пасадам і перад чатырма жывёламі і старэйшынамі; і ніхто ня мог вывучыць гэтую песьню, акрамя ста сарака чатырох тысячаў адку́пленых ад зямлі.
Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны цнотнікі; гэта тыя, якія ідуць сьледам за Ягнём, куды б яно ні пайшло. Яны адкуплены зь людзей, як першынцы Богу і Ягняці,
Гэта тыя, якія ня былі занячышчаны з жанчынамі, таму што яны нявіньнікі; яны ёсьць тыя, што ідуць усьлед за Ягняком, куды б Ён ні пайшоў. Яны адкуплены з людзей, пачатак (першакі) Богу і Ягняку.
і ў вуснах іхніх няма падступнасьці: яны беспахібныя перад тронам Божым.
І ў вуснах іхніх ня было знойдзена няшчырасьці, таму што яны бяздакорныя перад Пасадам Бога.
І ўбачыў я другога анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, які меў вечнае Дабравесьце, каб зьвеставаць насельнікам зямлі і кожнаму племені і пакаленьню, і роду і народу;
І ўбачыў я другога Ангела, які ляцеў пасярод неба, маючы Эвангельле вечнае, (каб) дабравесьціць жыхара́м зямлі і ўсякаму племяні і роду, і мове, і народу,
і гаварыў ён гучным голасам: пабойцеся Бога і ўзьнясеце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонаму; і пакланецеся Стваральніку неба і зямлі, і мора і крыніц водаў.
гаворачы голасам моцным: пабойцеся Бога і аддайце Яму славу, таму што наступіла гадзíна суду Ягонага, і пакланіцеся Стварыцелю неба і зямлі, і мора, і вытокаў водаў.
І другі анёл сьледаваў за ім, кажучы: упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы.
І іншы Ангел пайшоў (за ім), кажучы: упала, упала Бабілёнія, мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, таму што юрным віном блудадзеяньня свайго напаіла ўсе народы.
І трэйці анёл пасьледаваў за імі, кажучы гучным голасам: хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо на лоб свой альбо на руку сваю,
І трэйці Ангел пайшоў за імі, кажучы голасам моцным: калі хто пакланяецца зьверу і абразу ягонаму і прыймае кляймо на лоб свой ці на руку́ сваю,
той піцьме віно лютасьці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагні і серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём;
ён будзе піць віно гневу Бога прыгатаванае, няразбаўленае із чары гневу Ягонага, і будзе мучымы ў агні і серцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягняком.
і дым цярпеньняў іхніх будзе ўзыходзіць ва векі вечныя, і ня мецьмуць спакою ні ўдзень, ні ўначы тыя, што пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму і прымаюць кляймо імя ягонага.
І дым мукі іхнай будзе ўзыходзіць у вяках вякоў, і ня будуць мець спакою ні ўдзень, ні ўночы тыя, што пакланяюцца зьверу і абразу ягонаму, і калі хто прыймае кляймо ягонага імя.
Тут цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру ў Ісуса.
Тут стойкасьць сьвятых; тут тыя, хто выконвае прыказаньні Бога і веру Ісуса.
І пачуў я голас зь неба, які мне казаў: напішы: ад сёньня дабрашчасьнікі — мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе; так, кажа Дух: яны супакояцца ад працы сваёй, і дзеі іхнія ідуць сьледам за імі.
І пачуў я голас зь неба, гаворачы мне: напішы: шчасьлівыя мёртвыя, што адгэтуль паміраюць у Госпадзе; так; — гаворыць Дух, — каб яны адпачылі ад цяжа́раў сваіх; а ўчынкі іхныя ідуць сьледам за імі.
І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў руцэ ў яго востры серп.
І глянуў я, і вось воблака сьветлае, а на воблаку Сядзяшчы, падобны Сыну Чалавечаму, маючы на Галаве Сваёй залаты вянок, і ў Руцэ Сваёй серп востры.
І выйшаў другі анёл з храма і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: пусьці серп твой і пажні; бо прыйшоў час жніва; бо жніво на зямлі дасьпела.
І другі Ангел выйшаў са Сьвятыні, гукнуўшы моцным голасам Сядзяшчаму на воблаку: пашлі серп Твой і пажні, таму што прыйшоў для Цябе час пажа́ць, таму што сасьпела жніво зямлі.
Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была выжата.
І кінуў Сядзяшчы на воблаку серп Свой на зямлю, і была пажата зямля.
І другі анёл выйшаў з храма, які быў на небе, таксама з вострым сярпом.
І другі Ангел выйшаў са Сьвятыні, што на небе, сам маючы таксама серп востры.
І іншы анёл, які меў уладу над вагнём, выйшаў ад ахвярніка і зь вялікім крыкам усклікнуў да таго, хто меў востры серп: пашлі востры серп твой і абрэж гронкі вінаграду на зямлі, бо дасьпелі на ім ягады.
І другі Ангел выйшаў ад ахвярніку, маючы ўладу над агнём, і ўсклікнуў крыкам моцным да маючага серп востры, кажучы: пашлі твой серп востры і зрэж вінаградныя гронкі зямлі, таму што сасьпелі вінаградныя гронкі яе.
І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград на зямлі, і кінуў у вялікую чавільню гневу Божага.
І кінуў Ангел серп свой на зямлю, і зрэзаў вінаград зямлі, і кінуў (яго) у вялікую чавільню гневу Бога.
І патаптаны ягады ў чавільні за горадам, і пацякла кроў з чавільні аж да вуздэчак конскіх, на тысячу шасьцьсот стадыяў.
І патаптана была чавільня вонках места, і пацякла кроў із чавільні аж да аброцяў коняў на тысячу шасьцьсот стадыяў.