Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Пасьля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў зь неба і меў уладу вялікую; зямля асьвятлілася ад славы ягонай.
 
І пасьля гэтага я ўбачыў Ангела, спускаючыся зь неба, маючы ўладу вялікую; і зямля была асьветлена ад славы ягонай.

І ўсклікнуў ён моцна, гучным голасам кажучы: упаў, упаў, Вавілоне, вялікая блудадзейка, зрабіўся жытлішчам дэманаў і прыстанкам усякаму нячыстаму духу, прыстанкам усякаму нячыстаму і агіднаму птаху; бо шалёным віном блудадзейства свайго яна напаіла ўсе народы;
 
І ён усклікнуў моцна голасам гучным, кажучы: упала, упала Бабілёнія, (блудадзейка) вялікая, і сталася жытлом дэманаў, і крэпасьцю ўсякага духа нячыстага, і прыстанішчам (для) усякай птушкі нячыстай і агіднай,

і цары зямныя любаблуднічалі зь ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад вялікай раскошы яе.
 
таму што ад юрнага віна блудадзейства свайго яна напаіла ўсе народы, і валадары зямлі блудадзейнічалі зь ёю, і купцы зямлі разбагацелі ад сілы раскошы ейнай.

І пачуў я іншы голас зь неба, які казаў: выйдзі ад яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць вам у грахах яе і не наклікаць пошасьцяў яе;
 
І я пачуў другі голас зь неба, гаворачы: выйдзі зь яе, народзе Мой, каб ня быць вам удзельнікам у грахох ейных, і каб ня прыняць плягаў ейных,

бо грахі яе дайшлі да неба, і Бог узгадаў няпраўды яе.
 
таму што дайшлі грахі ейныя да неба, і ўспомніў Бог бяззаконьні ейныя.

Адплацеце ёй так, як яна плаціла вам, і ўдвая аддайце ёй па ўчынках яе; у чары, у якія яна налівала віно, налеце ёй удвая.
 
Аддайце ёй так, як і яна дала́ вам, і аддайце ёй удвая паводля ўчынкаў ейных, у чары, у якой яна намяшала (напой для вас) вы намяшайце (напой) ёй удвая.

Колькі славіла яна сябе і раскашавала, столькі аддайце ёй пакутаў і гора. Бо яна кажа ў сэрцы сваім: сяджу царыцаю, я не ўдава, і ня ўбачу гора!
 
Колькі славіла яна сябе і раскашавала, столькі дайце ёй пакуты і гора, таму што яна ў сэрцы сваім кажа: сяджу як каралева, і я ня ўдава, і гора ня ўбачу!

За тое ў адзін дзень прыйдуць на яе кары, сьмерць і плач і голад, і будзе спалена вагнём, бо моцны Гасподзь Бог, Які судзіць яе.
 
Таму ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі, сьмерць і гора і голад; і агнём яна будзе спалена, таму што магутны Госпад Бог, Які судзіць яе.

І заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што блудадзеялі і раскашавалі зь ёю, як убачаць дым ад пажару яе,
 
І заплачуць па ёй і загалосяць па ёй каралі зямлі, якія зь ёй блудадзейнічалі і раскашавалі, калі ўбачаць дым ад гарэньня ейнага,

стоячы зводдаль у страху ад пакутаў яе і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад Вавілоне, горад моцны! бо ў адначасьсе прыйшоў суд твой!
 
стоячы здалёк у страху з-за пакуты ейнай, кажучы: гора, гора (табе) мясьціна (у сэнсе: места, горад) Бабілёнія вялікая, мясьціна (у сэнсе: места, горад) магутная, таму што ў адну гадзіну прыйшоў суд на цябе!

І купцы зямныя заплачуць і загалосяць па ёй, бо тавараў іхніх ніхто ўжо ня купляе.
 
І купцы зямлі лямантуюць і плачуць па ёй, таму што тавару іхняга ніхто больш ня купляе:

Тавараў залатых і срэбраных, і камянёў каштоўных і жэмчугу, і вісону і парфіры, і шоўку і пурпуры, і ўсякага пахучага дрэва, і ўсякіх вырабаў са слановай касьці, і ўсякіх вырабаў з дарагіх дрэваў, зь медзі і жалеза і мармуру,
 
тавару із золата і срэбра, і камня дарагога, і пэрлы, і віссону, і пархвіры, і шоўку, і барвовай тканіны, і ўсякага пахучага дрэва, і ўсякага вырабу са слановай косьці, і ўсякага вырабу із дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармару,

карынкі і фіміяму, міры і ладану, і віна і алею, і мукі і пшаніцы, і быдла і авечак, і коней і калясьніц, і целаў і душ чалавечых.
 
і карыцы, і тыміяму (пахнасьцяў), і міру, і ладану, і віна, і аліўкавага алею, і мукí, і пшаніцы, і буйной жывёлы, і авечак, і коней, і калясьніц, і целаў, і душаў людзей.

І пладоў, што даспадобы душы тваёй, ня стала ў цябе, і ўсё сытае і бліскучае аддалілася ад цябе, — і ты ўжо ня знойдзеш яго.
 
І плод жаданьня душы тваёй адыйшоў ад цябе, і ўсё раскошнае і пышнае адыйшло ад цябе, і ты ўжо ніколі ня знойдзеш іх.

Хто гандляваў усім гэтым, узбагаціўся ад яе, стануць здалёку, у страху ад пакутаў яе, плачучы і галосячы
 
Гандляры гэтым, што абагаціліся ад яе, стануць воддаль у страху, плачучы і рыдаючы, (гледзячы на) пакуты ейныя,

і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад, адзеты ў вісон і парфіру і пурпуру, аздоблены золатам і камянямі каштоўнымі і жэмчугам,
 
і кажучы: гора, гора (табе), мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, апранутая ў віссон і пархвіру, і барвовую тканіну, і ўпрыгожаная золатам, і каштоўным камнем, і пэрламі;

бо ў адначасьсе счэзла такое багацьце! І кормнікі ўсе і кожны, хто плыве на караблях, і ўсе карабельнікі, і ўсе, хто гандлюе на моры, сталі здалёк
 
таму што за адну гадзіну спустошана гэткае багацьце! і кожны стырнавы і ўсякае зграмаджэньне людзей на караблёх, і карабельныя маракі, і ўсе, хто працуюць на моры, сталі воддаль

і, бачачы дым ад пажару яе, залямантавалі, кажучы: які горад падобны вялікаму гораду!
 
і закрычалі, бачучы дым гарэньня ейнага, кажучы: хто падобны мясьціне (у сэнсе: месту, гораду) гэтай вялікай?

І пасыпалі попелам галовы свае і лямантавалі, плачучы і галосячы: гора, гора табе, горад вялікі, каштоўнасьцямі якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры! бо апусьцеў у адначасьсе.
 
І пасыпалі пыл на галовы свае і крычалі, плачучы і рыдаючы, кажучы: гора, гора (табе) мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, у якой разбагацелі ўсе, хто мае караблі на моры, ад скарбу ейнага, таму што за адну гадзіну яна спустошана.

Радуйся з гэтага, неба, і сьвятыя апосталы і прарокі, бо ўчыніў Бог суд ваш над ім.
 
Весяліцеся над ёй Неба і сьвятыя Апосталы, і прарокі, таму што ўчыніў Бог суд ваш над ёй.

І адзін дужы анёл узяў камень, падобны на вялікі жарон, і ўкінуў у мора, кажучы: з такою сілаю будзе павалены Вавілон, вялікі горад, і ўжо ня будзе яго;
 
І ўзяў адзін моцны Ангел камень быццам млыновы камень вялікі, і кінуў у мора, кажучы: з гэткім размахам будзе кінутая Бабілёнія, мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, і больш ня будзе знойдзена.

і галасы гусьляроў і песьняроў, і жалейнікаў і тых, што трубяць у трубы, у табе больш чутныя ня будуць; ня будзе ўжо ў табе ніякага мастака, ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў ня будзе ўжо чутно ў табе;
 
І гучаньне гарпістаў і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў ня будзе чутна ў табе больш, і ніякі рамесьнік, і ніякае рамяство ня будзе знойдзена ў табе больш; і гук млыновага камня ня будзе чутно ў табе больш;

і сьвятло сьветача ўжо ня зьявіцца ў табе: бо купцы твае былі вяльможы зямлі, і чарадзействам тваім зьведзены ў зман усе народы.
 
і сьвятло сьветача ня зьявіцца ў табе больш, і голас маладога і маладой ўжо ня будзе чуцён ў табе: таму што купцы твае былі магнатамі зямлі (і) таму што чараваньнямі тваімі заблуджаны ўсе народы.

І ў ім знойдзена кроў прарокаў і сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.
 
І ў ёй знойдзена кроў прарокаў і сьвятых, і (кроў) усіх забітых на зямлі.