Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ўзноў прышоў Ён да Капернауму за колькі дзён; і пачулі, што Ён у доме.
 
І праз [некалькі] дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме.

Зараз зьберлася шмат, ажно ўжо й ля дзьвярэй ня было месца; і Ён казаў ім слова.
 
І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова.

І прышлі да Яго, нясучы хворага на паляруш, каторага чатырох несьлі.
 
І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра.

І, як не маглі прынесьці да Яго з прычыны груду, раскрылі страху, ідзе Ён быў, і, адкрыўшы, спусьцілі ложак, на каторым ляжаў паляржаваны.
 
І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны.

Як Ісус абачыў веру іхную, Ён сказаў паляржаванаму: «Дзяцё, дараваны табе грахі твае».
 
І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае».

Тут сядзелі некатрыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 
Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:

«Чаму Ён так гукае — блявузґае? хто можа дараваць грахі, толькі адзін Бог?»
 
«Што гэта Ён кажа блюзьне́рства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня сам Бог?»

Ісус, якга пазнаўшы ў Духу Сваім, што яны так разважаюць у сабе, сказаў ім: «Чаму гэтак разважаеце ў сэрцах сваіх?
 
А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых?

Што лацьвей? ці сказаць паляржаванаму: "Даруюцца табе грахі"? ці сказаць: "Устань, вазьмі ложак свой і хадзі"?
 
Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложак свой і хадзі”.

Але каб вы ведалі, што ўладу мае Сын Людзкі дараваць грахі на зямлі, (кажа паляржаванаму:)
 
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа спараліжаванаму:

Табе кажу: устань, вазьмі ложак свой і йдзі да дому свайго».
 
«Табе кажу: Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».

І ўстаў, і, якга ўзяўшы ложак, вышаў перад усімі, так што ўсі зумяваліся й славілі Бога, кажучы: «Ніколі нічога такога мы ня бачылі».
 
І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі ня бачылі».

І вышаў ізноў над мора; і ўвесь груд пайшоў да Яго, і Ён вучыў іх.
 
І зноў выйшаў [Ісус] да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.

Праходзячы, абачыў Ён Лева Алфеявага, што сядзеў ля збору мыта, і кажа яму: «Ідзі за Імною». І, устаўшы, пайшоў за Ім.
 
І, праходзячы, убачыў Ён Левія Альфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім.

І сталася, як Ісус узьляжаў за сталом у доме ягоным, што й шмат якія мытнікі а грэшнікі ўзьляжалі разам ізь Ісусам а з вучанікамі Ягонымі, бо шмат было, і яны йшлі за ім.
 
І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягалі разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, было бо многа іх, і яны ішлі за Ім.

Кніжнікі а фарысэі, абачыўшы, што Ён есьць із мытнікамі а грэшнікамі, гукалі вучанікам Ягоным: «Чаму Ён есьць а п’ець із мытнікамі а грэшнікамі?»
 
А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што [Ісус] есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»

Пачуўшы, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я ня прышоў прыгукаць справядлівых, але грэшнікаў да каяты».
 
І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня».

Вучанікі Яанавы а фарысэйскія поставалі. Прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучанікі Яанавы а фарысэйскія постуюць, а твае вучанікі ня постуюць?»
 
І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»

І сказаў ім Ісус: «Ці могуць поставаць сынове вясельнага палацу, як малады зь імі? Пакуль ізь імі малады, яны ня могуць поставаць.
 
І сказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць.

Але настануць дні, калі адыймуць у іх маладога, і тады будуць поставаць таго дня.
 
А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні.

«Ніхто ня прышывае лапіка зь няваленага сукна да старога адзецьця, бо новапрышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ большая.
 
Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая.

Ніхто ня ільлець віна маладога ў скураныя мяхі старыя, бо маладое віно прарвець мяхі, і віно выцяча, і мяхі зглумяцца; але віно маладое надабе ліць у мяхі новыя».
 
І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі».

І прылучылася Яму праходзіць у сыботу пераз засеяньні, і вучанікі Ягоныя дарогаю пачалі каласаваць.
 
І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы.

І фарысэі сказалі Яму: «Глянь, чаму яны робяць у сыботу, што бяспраўна?»
 
І фарысэі гаварылі Яму: «Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!»

Ён сказаў ім: «Няго ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, як меў патрэбу і быў выгаладніўшыся сам а бытыя зь ім?
 
А Ён сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім?

Як увыйшоў ён у дом Божы за найвышшага сьвятара Авафара, і еў букаткі пакладаныя, каторых ня меў права есьці ніхто, апрача сьвятароў, і даў таксама бытым ізь ім?»
 
Як увайшоў ён у дом Божы за Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?»

І сказаў ім: «Сыбота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля сыботы.
 
І казаў ім: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы.

Затым Сын Людзкі ё Спадаром і сыботы».
 
таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».