Дзеі 9 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Саўла ж, яшчэ дыхаючы пагрозамі а забіўствам на вучанікаў Спадаровых,
 
Шавал жа (шалеючы) пагрозамі і забойствамі вучняў Госпадавых, направіўся да архісьвятара

Дабліжыўся да найвышшага сьвятара і папрасіў у яго лістоў да бажніцаў у Дамашку, каб, калі знойдзе каго, хто быў бы гэтае Дарогі, мужчынаў і жанкі, прыводзіць зьвязаных да Ерузаліму.
 
і прасіў у яго лістоў — упаважаньня да сынагог у Дамашку, каб калі там знойдзе гэтага напрамку (хрысьціян) прыхільнікаў, так мужчын як і жанчын вязьніць і дастаўляць у Ерузалім.

Як жа ён падарожжаваў, дабліжаючыся да Дамашку, сталася — зьнецікі зазьзяла навокал яго сьвятліня зь неба;
 
У дарозе, калі ўжо набліжаўся да Дамашку, здарылася, што раптам асьляпіла яго сьвятло з неба.

І, паўшы на зямлю, ён пачуў голас, кажучы яму: «Саўле, Саўле, чаму ты Мяне перасьлядуеш?»
 
Падаючы на зямлю — пачуў голас, кажучы яму: "Шавал, Шавал, чаму Мяне прасьледуеш?"

І ён сказаў: «Хто Ты Спадару?» Ён жа сказаў: «Я Ісус, Каторага ты перасьлядуеш. Цяжка табе йсьці супроці восьцяў».
 
Ён спытаў: "А хто Ты Госпадзе?" Пачуў голас: "Я Езус, Каторага ты прасьледуеш!"

Ён жа ў дрыгоце а жаху сказаў: «Спадару, што кажаш імне рабіць?» Спадар яму: «Устань а йдзі да места; і сказана будзе табе, што маеш рабіць».
 
Устань і ідзі ў горад, а там скажуць табе, што маеш рабіць".

Мужы ж, што падарожжавалі зь ім, стаялі бязмоўныя, чуючы запраўды гук, але нікога ня бачачы.
 
Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, сталі астаўпянеўшы, бо чулі голас, але нікога ня бачылі.

Саўла ж устаў ізь зямлі і з адчыненымі ачыма нічога ня бачыў. І, вядучы за руку, прывялі яго да Дамашку.
 
Шавал падняўся з зямлі, разкрыў вочы, але нічога ня бачыў. Дык завялі яго ў Дамашак, трымаючы за руку.

І быў ён тры дні бязь відзеньня, і ня еў ані піў.
 
Тры дні ня бачыў, нічога ня еў і ня піў.

І быў адзін вучанік у Дамашку, імям Ананя; і Спадар у відзені сказаў яму: «Ананя!» І ён сказаў: «Во Я, Спадару».
 
У Дамашку пражываў адзін вучоны (хрысьціянін), імем Ананій. Госпад аб'явіўшыся сказаў яму: "Ананію!" Ён адказаў: "Я тут Госпадзе".

Спадар жа яму: «Устань а йдзі на вуліцу, званую Простая, і шукай у доме Юдзіным Тарсяніна, імям Саўла, бо вось, ён моліцца,
 
Госпад сказаў яму далей: "Устань, ідзі на вуліцу што завецца "Простая" ды ў доме Юды запытай пра Шаўла з Тарсу. Ён вось моліцца,

І бачыў у відзені мужа, на ймя Ананя, што прышоў і ўзлажыў руку сваю на яго, каб ён празерыў».
 
ды ў візіі ўбачыў чалавека, імем Ананій, які прыйшоў і ўсклаў рукі на яго, каб ён праглянуў".

Ананя ж адказаў: «Спадару, я чуў ад шмат каго ўзглядам гэтага чалавека, як шмат ліха ён зрабіў сьвятым у Ерузаліме;
 
Ананій адказаў: "Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага, столькі ён зла прычыніў сьвятым Тваім ў Ерузаліме.

І тут мае ўладу ад найвышшых сьвятароў вязаць усіх, што гукаюць імя Твае».
 
І тут ён мае ўпаўнаважаньне ад высшых сьвятароў вязьніць усіх прызываючых імя Тваё".

І сказаў яму Спадар: «Ідзі, бо ён абраная судзіна Імне, каб насіць імя Мае перад народамі а каралямі а сынамі Ізраелявымі.
 
Але Госпад сказаў яму: "Ідзі, бо выбраў я гэтага чалавека як інструмент (пасудзіну), каторы будзе вясьціць імя Маё паганам, каралям і сынам Ізраеля.

Я ж пакажу яму, колькі ён мае выцярпець за імя Мае».
 
Дарэчы, пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля Імя Майго".

І Ананя пайшоў, і ўвыйшоў у дом, і, узлажыўшы на яго рукі свае, сказаў: «Браце Саўле, Спадар паслаў мяне, Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, па каторай ты йшоў, каб ты празерыў і напоўніўся Сьвятога Духа».
 
Затым Ананій пайшоў і ўвайшоў у дом ды ўсклаўшы рукі на яго, казаў: "Браце Шаўле! Госпад паслаў мяне, Езус, Каторы аб'явіўся табе ў дарозе, каторую ты адбываў, паслаў мяне, каб ты праглянуў ды быў напоўнены Духам Сьвятым.

І якга, бы луска, спала з аччу ягоных, і ён празерыў, і, устаўшы, быў ахрышчаны.
 
У той час быццам луска адпала ад вачэй яго і ён праглянуў. Быў ахрышчаны.

І, пасілкаваўшыся, стаў дужы. І быў з вучанікамі, што ў Дамашку, колькі дзён.
 
Калі спажыў пасілак набраўся сіл. Некалькі дзён прабыў Шавал з вучнямі ў Дамашку.

І зараз абяшчаў у бажніцах Ісуса, што Ён сын Божы.
 
і зараз жа стаў прапаведаваць (вясьціць) аб Езусе, што Ён Сын Божы.

І ўсі, што чулі, зумяваліся й казалі: «Ці ня тый ён, што губіў у Еарузаліме гукаючых імя гэтае, дый сюды прышоў із заданьням прыводзіць іх зьвязаных да найвышшых сьвятароў?».
 
Усе, што чулі гэта дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта ня той самы, што ў Ерузаліме прасьледываў тых, каторыя прызывалі гэтае імя і ці не па тое прыбыў, каб увязьніўшы (арыштаваных) іх дастаўляў да архісьвятара?"

А Саўла балей мацаваўся й прыводзіў у зямятню Жыдоў, што жылі ў Дамашку, даводзячы, што Гэты ё Хрыстос.
 
А Шавал тым адважней выступаў, даказваючы, што Езус Мэсіям ды прыводзіў у замешаньне (бянтэжыў) жыдоў, пражываючых у Дамашку.

Як жа мінула шмат дзён, Жыды зрадзіліся забіць яго.
 
Па нейкім часе жыды змовіліся забіць яго.

Але Саўла даведаўся праз змову іхную. А яны назіралі дзень і ноч ля брамы, каб зьнішчыць яго.
 
Але Шавал даведаўся пра іх цікаваньні (намеры). Днём і ноччу пільнавалі яны брамаў, каб яго забіць.

Але вучанікі ўзялі яго ночы і спусьцілі ў кашу перазь сьцяну.
 
Але вучні ягоныя ноччу ў кошыку спусьцілі яго на шнуру праз мур ды выправілі.

Прыбыўшы ж да Ерузаліму, ён сілаваўся прылучыцца да вучанікаў, але ўсі баяліся яго, ня верачы, што ён вучанік.
 
Шавал прыбыў у Ерузалім ды стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, не давераючы, што ён вучань.

Варнава ж узяў яго, і прывёў яго да апосталаў, і паведаў ім, як ён бачыў Спадара ў дарозе, і што Ён казаў яму, і як у Дамашку ён гукаў адважна ў імя Ісусава.
 
Толькі Барнаба ўзяў яго і правёў да апосталаў ды разказаў ім, як у дарозе Шавал убачыў Госпада, і што Госпад прагаварыў да яго, ды з якою адвагай пераканана дзейнічыў у Дамашку ў імя Езуса.

І быў ён ізь імі, уходзячы й выходзячы ў Ерузаліме,
 
Дзякуючы таму прабываў з імі ў Ерузаліме, сьмела навучаючы ў імя Госпада.

І гукаючы адважна ў імя Ісусава. Таксама гукаў і сьперачаўся з Гэленістымі; а яны прабавалі забіць яго.
 
Ён гаварыў і дыспутаваў з гэленістамі. Яны ж цікавалі, каб яго забіць.

Браты ж, ведаючы гэта, прывялі яго да Цэсарэі і паслалі яго да Тарсу.
 
Даведаўшыся пра гэта браты адвялі яго ў Цэзарэю, а адтуль адправілі ў Тарс.

Цэрквы тады па ўсёй Юдэі а Ґалілеі а Самары мелі супакой, будучы навучаныя і ходзячы ў боязьні Спадаровай; і пацяшэньням Духа Сьвятога мнажыліся.
 
Тым часам Касьцёл (супольнасьць хрысьціянская) цешылася супакоем ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі. Разрастаўся, жыў у богабоязі і рос поўны Духа Сьвятога.

Прыгадзілася ж, што Пётра, абходзячы ўсіх, зышоў таксама да сьвятых, што жыхарылі ў Лідзьдзе;
 
Здарылася, што Пётр наведаёчы ўсіх (хрысьціянаў) дабраўся да сьвятых, каторыя пражывалі ў Ліддзе.

І засьпеў там аднаго чалавека, на ймя Эней, што восьмі год ляжаў у пасьцелі паляржаваны.
 
Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Эмэй. Ён быў спараліжаваны і восем гадоў праляжаў у пасьцелі.

І сказаў яму Пётра: «Энею, Ісус Хрыстос уздараўляе цябе; устань і пасьцялі сабе»; і ён якга ўстаў.
 
Сказаў яму Пётр: "Энэю, хай выздаравіць (вылечыць) цябе Езус Хрыстус. Падыміся засьцялі пасьцель". І ён мігам устаў.

І бачылі гэта ўсі, што жыхарылі ў Лідзьдзе а ў Сароне, каторыя й навярнуліся да Спадара.
 
Бачылі яго ўсе жыхары Лідды і Сарону ды навярнуліся да Госпада.

І ў Ёппе была адна вучаніца, на ймя Тавіта, што знача Сэрна; яна была поўная добрых справаў і чыніла убожніну.
 
Пражывала такжа ў Ёппэ (Яфэ) адна вучаніца, імем Табіта, значыць "Сарна". Яна рабіла многа дабра ды давала многа дарэньняў.

І сталася тых дзён, што яна захварэла й памерла; і, памыўшы, паклалі яе ў верхнім пакою.
 
Аднойчы яна захварэла і памярла. Яе памылі ды палажылі ў верхняй комнаце.

А як Лідда была блізка да Ёппы, вучанікі, пачуўшы, што Пётра быў там, паслалі двух мужоў да яго, просячы яго: «Не адвалакай прыйсьці да нас».
 
Лідда была непадалёк ад Ёппы, дык вучні даведаўшыся, што там знаходзіцца Пётр, паслалі да яго двух пасланцоў з просьбаю: "Прыдзі да нас, не марудзь!"

І Пётра, устаўшы, пайшоў зь імі; як ён прышоў, прывялі яго да верхняга пакою, і ўсі ўдовы сталі перад ім, плачучы й паказуючы яму сарочкі а адзецьце, каторыя шыла Сэрна, як жыла зь імі.
 
Пётр пайшоў з імі, а калі прыйшлі, завялі яго ў комнату на вярху. Акружылі яго там удовы і паказалі яму з плачам хітоны і адзеньне, якія зрабіла ім "Сарна", калі яшчэ жыла з імі.

Пётра ж, выправіўшы іх усіх вонкі і ўклякшы, памаліўся; і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: «Тавіта, устань!» І яна адчыніла вочы свае і, абачыўшы Пётру, села.
 
Выправіўшы ўсіх, Пётр стаў (паў) на калені ды маліўся. Потым павярнуўшыся да цела, сказаў: "Табіта, устань!" А яна адчыніла вочы ды ўбачыўшы Пятра, села.

І, падаўшы ёй руку, падняў яе; і, пагукаўшы сьвятых а ўдовы, пастанавіў ім яе жывую.
 
Пётр падаў ёй руку ды падняў яе. Затым пазваў сьвятых і ўдовы і паручыў ім жывую.

І гэта сталася ведамным па ўсёй Ёппе, і шмат уверыла ў Спадара.
 
Вестка аб гэтым разыйшлася па ўсёй Ёппе (Яфе) і многа ўверыла ў Госпада.

І было, што ён заставаўся шмат дзён у Ёппе ў якогась Сымона кажамякі.
 
Яшчэ многа дзён пражываў Пётр у Ёппе (Яфе) ў нейкага гарбара Сымона.