2 да Карынфянаў 13 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Гэта трэйці раз іду да вас. Ля вуснаў дзьвюх або трох стветак станецца кажная справа.
 
Вось я ўжо трэці раз выбіраюся да вас. На вуснах двух або трох сьведкаў вырашыцца (стане) ўся справа.

Я асьвятчаў уперад і кажу наперад, быццам будучы ў вас другі раз, а цяпер няпрытомны, тым, што грашылі ўперад, і ўсім іншым засталым, што, як прыйду ізноў, не пашчаджаю;
 
Казаў я ўжо і паўтараю — як прысутны за другім разам, а непрысутны цяпер — тым, што ўжо раней грашым, ды ўсім іншым, што калі зноў прыбуду не пашкадую анікога.

Бо вы шукаеце доваду, ці гукаў у імне Хрыстос, Каторы да вас не слабы, але дужы ў вас.
 
Вы шукаеце доказаў на тое, ці Хрыстус гаворыць ува мне: ён не слабы што да вас, а ў вас паказвае моц сваю.

Бо хоць запраўды Ён быў укрыжаваны ў кволасьці, жывець, адылі, сілаю Божай; і мы кволыя ў Ім, але жывыя будзем ізь Ім сілаю Божай у вас.
 
Хоць Ён быў укрыжаваны дзеля дапушчанай кволасьці, аднак жыве з магутнасьці Божай. І мы таксама бясьсільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім праз моц Божую адносна вас.

Прабуйце самы сябе, ці вы ў веры, самы сябе правярайце. Хіба вы ня знаеце самы сябе добра, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба, што вы адкіненыя.
 
Самі сябе прасачыце, ці трымаецеся веры, самі за сабой слядзіце. Ці ня ведаеце аб самых сабе, што Езус Хрыстус у вас прабывае? А можа вы адкінуты?

Я ж спадзяюся, што вы пазнаеце, што мы не адкіненыя.
 
Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не адкінутыя.

Але молім Бога, каб вы не рабілі ніякага ліха; не каб мы паказаліся аправеныя, але каб вы рабілі добрае, а мы былі як адкіненыя.
 
Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі. Не дзеля таго, каб нам паказацца, кім вы павінны быць, але каб вы рабілі дабро, хоць мы казаліся ня тым, чым павінны быць (быццам былі адкінуты).

Бо мы нічога ня можам рабіць супроці праўды, але дзеля праўды.
 
Бо ня можам нічога рабіць супраць праўды, але ўсё для праўды.

Мы цешымся, калі мы будзем кволыя, а вы дужыя; за гэта й молімся, каб вы былі дасканальныя.
 
Цешымся тым, калі мы слабыя, вы ж дужыя, пры тым аб вашу дасканаласьць (удасканаленьні).

Затым я пішу гэта, ня будучы з вамі, каб, будучы з вамі, ня ўжыць стродкасьці подле ўлады, каторую Спадар даў імне на будаваньне, а не на бураньне.
 
Таму вось як не прысутны так пішу, каб як прысутны у вас ня мусіў паступаць строга, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаваньне, а не на загубу вашую

Адно, браты, цешчася, будзьце дасканальныя, будзьце адважныя, будзьце аднае думкі, будзьце ў супакою, і Бог міласьці а супакою будзе з вамі.
 
На канец, браты, цешцеся, імкніцеся да дасканаласьці, падбадзёравайце адзін другога, будзьце аднае думкі, мірна жывіце (згодна), а Бог міласьці і супакою будзе з вамі.

Здаровайце адны адных сьвятым цалаваньням.
 
Прывітайцеся (паздароўкайцеся) ўзаемна сьвятым цалункам. Вітаюць вас усе сьвятыя.

Здароваюць вас усі сьвятыя.
 
Ласка Госпада Езуса Хрыста, міласьць Бога ды саўдзел Духа Сьвятога хай будзе з усімі вамі.

Ласка Спадара Ісуса Хрыста а міласьць Божая а ўзаем’е Духа Сьвятога з усімі вамі. Амін.