2 да Карынфянаў 4 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Затым, маючы гэта слугаваньне, адзяржаўшы міласэрдзе, мы не слабянеем
Дзеля таго маючы з міласэрдзя Божага гэтае паслугаваньне — не падаем духам.
Але мы адракліся патайных саромных рэчаў, ня ходзячы ў хітрыні, ані хвальшуючы слова Божага, але праяўляючы праўду, паручаемся сумленьню кажнага чалавека перад Богам.
Наадварот, мы стрымліваемся ад скрытых бязстыдных учынкаў, не пускаемся (не кідаемся) ў хітрыкі, ды не фальшуем (крывім) Слова Божага, але адкрытым вяшчэньнем праўды рэкамандуем (прадстаўляем) сябе перад Богам кожнаму сумленнаму чалавеку (сумленьню ўсіх людзей).
Калі ж запраўды й затоена Дабравесьць наша, дык затоена ад тых, што гінуць,
Калі наша Эвангелія закрыта, дык закрыта для тых, што ідуць на загубу,
Нявернікаў, у каторых бог сьвету гэтага асьляпіў розумы, каб ім не зазьзяла сьвятло Дабравесьці славы Хрыстовае, Каторы ёсьць абраз Божы.
няверучым, каторым баговішча — ідал гэтага сьвету засьляпіў розум, каб не зьзяла для іх сьвятло Эвангеліі аб славе Хрыста, Каторы вобразам нябачнага Бога.
Бо мы не сябе абяшчаем, але Хрыста Ісуса Спадара; а сябе самых, як слугаў вашых дзеля Ісуса.
Мы не самых сябе апавяшчаем (выяўляем), але Хрыста Езуса, Госпада, а самы сябе вашых слугаў у (Хрысьце) Езусе.
Бо Бог, Каторы сказаў, каб ізь цямноты сьвятліня зазьзяла, асьвяціў сэрцы нашыя да сьвятла знацьця славы Божае ў відзе Ісуса Хрыста.
Бо Сам Бог, Каторы загадаў: "Хай з цемры засьвеціць сьвятло" — асьвяціў нашыя сэрцы, каб асьвяціць нас для пазнаньня хвалы Божай у вобліку Хрыста.
Але мы маем гэты скарб у судзьдзю гліняным каб вялікасьць магутнасьці была Божая, а ня з нас.
Нажаль, мы гэта багацьце (скарб) носім у гліняных пасудзінах, каб было відаць (ясна), што гэна вялізарная моц (магута) ад Бога, але не ад нас паходзіць.
Адусюль мы засмучоныя, але ня сьцісьненыя; заклапочаныя, але не без надзеі;
Мы зусюль маем беды, але не падаем у роспач (не прыдушаны); жывём у недастатку, але не бядуем,
Перасьледаваныя, але не пакіненыя; упалыя, але не загубленыя;
цярпім прасьледы — але не пакінуты; павалены — але ня гінем.
Заўсёды носім у целе мертвасьць Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава магло зьявіцца ў целе нашым.
Носім у целе нашым заўсёды кананьне Езуса, каб жыцьцё Езуса выявілася ў целе нашым.
Бо мы жывыя заўсёды выдаваныя на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава зьявілася ў сьмяротным целе нашым,
Нам, каторыя жывём, вечна пагражае сьмерць дзеля Езуса, каб жыцьцё Езуса выявілася на нашым сьмяротным целе.
Так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
Так што сьмерць дзейнічыць у нас, а жыцьцё у вас.
І маючы тый самы дух веры, подле напісанага: «Я верыў і затым казаў», і мы верым, затым і кажам,
Мы маем такі самы дух веры, аб якім напісана: "Я ўверыў і таму прамовіў". Дык мы верым і таму гаворым,
Ведаючы, што Тый, хто ўскрысіў Спадара Ісуса, ускрэсе й нас ізь Ісусам і пастанове з вамі.
ведаючы, што Той, Хто ўскрасіў Госпада Езуса, таксама і нас уваскрэсіць з Езусам ды паставіць разам з вамі.
Бо ўсе дзеля вас, каб ласка, збыткуючы перазь дзякаваньне шмат каго, збыткавала на славу Божую.
А ўсё ж гэта дзеля вас, каб шчодрасьць тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць на хвалу Богу.
Затым мы не слабянеем; але калі навонны наш чалавек раскладаецца, нутраны, адылі, дзень у дзень аднаўляецца.
Таму мы і перажываем, бо хоць наш навонкавы чалавек чэзьне, то аднак той, што ўнутры з дня на дзень аднаўляецца.
Бо часныя лягкія цярпеньні нашы дзеюць нам нязьмерную славу вечнае вагі,
Бо малое цяперашняе цярпенне рыхтуе нам невымоўную і вечную хвалу (у небе) ў будучым веку.
Як мы глядзім не на відомае, але на нявідомае; бо відомае часнае, а нявідомае вечнае.
Бо мы не глядзім на тое, што бачнае (відомае), але на тое, што ня бачнае (не відомае), бо відомыя рэчы — дачасныя, а ня бачныя (ня відзімыя) — вечныя.