2 да Карынфянаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Я разважыў гэта сабе ня прыйсьці да вас ізноў із смуткам.
 
Я рашыўся, каб не ісьці да вас зноў з горыччу (у смутку).

Бо, калі я засмучу вас, хто разьвяселе мяне, калі ня тый, хто засмучаны імною.
 
Калі я вас засмучу, а хто мяне парадуе, калі ня той, хто быў мною засмучаны?

І гэта самае я пісаў вам, каб, прышоўшы, ня мець смутку ад тых, з каторых меў бы цешыцца, маючы пэўнасьць праз усіх вас, што радасьць мая ёсьць усіх вас.
 
Пісаў я вам пра гэта, каб прыбыўшы не перажываць долю ад тых, ад якіх належалася б радавацца: дарэчы я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасьць таксама вашаю радасьцю.

Бо зь вялікае атугі а неўпакою сэрца я пісаў вам із шмат сьлязьмі, не каб засмуціць вас, але каб вы пазналі любосьць, каторую я із збыткам маю да вас.
 
З вялікім жалем і зжацьцем сэрца ды са сьлязамі пісаў я вам, не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі якую вялікаю маю любоў я да вас.

Калі ж хто засмуціў, ён не мяне засмуціў, але часткава ўсіх вас, каб я ня быў перацяжараны.
 
Калі хто стаўся прычынай смутку, то не мяне засмуціў, але каб лішне не сказаць — нейкаю долю ўсіх вас.

Такому досыць гэтае кары ад бальшыні.
 
Такому хопіць кара, вызначана большасьцю,

Так што вы наадварот валей і даруйце й пацешча, каб можа надзвычайны смутак не пажэр яго.
 
але лепш выпадае такому дараваць ды пацешыць, падтрымаць яго духова, каб лішня згрызота яго ня грызла (не ахапіла).

Затым малю вас змацніць да яго міласьць.
 
Таму перасьцерагаю вас, каб аказалі такому любоў.

Бо я дзеля таго й пісаў, каб даведацца довады праз вас, ці ў вусім вы паслухменыя.
 
З гэтаю мэтаю напісаў, каб вас праверыць, ды каб пераканацца, ці вы ў гэтым паслухмяныя.

Каму ж вы што даруеце, то й я; бо й я што дараваў, калі дараваў што, дзеля вас перад відам Хрыстовым,
 
Каму вы дароўваеце, таму і я, бо я, калі каму прабачыў, дык прабачыў дзеля вас на віду Хрыста,

Каб нас шайтан не перайшоў, бо нам не няведамныя задумы ягоныя.
 
каб ня зьвёў нас шатан, бо подступы (хітрыкі) яго добра нам вядомыя.

Як жа я прышоў да Троады дзеля Дабравесьці Хрыстовае, хоць дзьверы былі адчыненыя імне Спадаром,
 
Калі я прыбыў у Троаду, вясьціў Хрыстову Эвангелію, а брама была мне адкрыта ў Госпаду,

Я ня меў супакою духу свайму, не знайшоўшы Ціта, брата свайго; але, разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў да Макядоні.
 
дух мой безпакоіўся, бо не спаткаў Тытуса, свайго брата. Таму я разьвітаўся і падаўся ў Македонію.

Але дзякуй Богу, Каторы заўсёды вядзець нас да перамогі ў Хрысту і пах знацьця Сябе выяўляе намі на кажным месцу.
 
Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысьце заўсёды дый праз нас усюды пах свайго пазнаньня.

Бо вы пах Хрыстоў Богу у спасаных і ў гінулых:
 
Мы вось мілым Богу пахам Хрыста роўна для тых, што дабіваюцца збаўленьня, як і для тых, што ідуць на загубу:

Адным пах сьмяротны на сьмерць, другім пах жыцьця на жыцьцё. І хто здольны на гэта?
 
для адных гэта пах труючы — на сьмерць, а для другіх гэта пах жыцьцятворны (ажыўляючы) — на жыцьцё. І хто спасобны на гэта?

Бо мы, не як іншыя, каторыя багацеюць хвальшаваньням слова Божага, але як із шчырасьці, але як ад Бога, перад Богам гукаем у Хрысту.
 
Мы не фальшуем (паганім) Слова Божага як многія, але мы са шчырага сэрца ад Бога і на віду Бога вясьцім у Хрысьце Слова Божае.