Эклезіяста 11 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Пушчай хлеб свой на зьверх водаў, бо па якімсь часе знойдзеш яго.
 
Пушчай хлеб твой па вадзе, бо пасьля зыходу шмат дзён знойдзеш яго.

Давай дзель сямём і таксама асьмём, бо ня ведаеш, ці ня станецца што благое на зямлі.
 
Давай частку сямём, або васьмём, бо ня ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.

Як булакі будуць поўныя, то яны пальлюць на зямлю дождж; і як паваліцца дзерва на паўдня альбо на поўнач, то на месцу, ідзе паваліцца дзерва, там яно й будзе.
 
Калі хмары поўныя, дык праліваюць дажджы і калі ўпадзе дрэва на поўдзень, ці на поўнач, дык яно там і застанецца, дзе ўпадзе.

Хто назірае вецер, таму ня сеяць; і хто глядзіць на булакі, таму ня жаць.
 
Хто наглядае вецер, таму ня сеяць, а хто глядзіць на хмары, таму ня жаць.

Як ты ня ведаеш дарогі духа ані касьцей у жываце цяжарнай, так ты ня ведаеш учынкаў Божых, Каторы робе ўсе.
 
Як ты ня ведаеш шляхоў ветру і таго, як творацца косьці ў улоньні цяжарнай, так ты ня можаш ведаць Божай справы, які ўсё робіць.

Нараніцы сей насеньне свае, і ўвечары хай не супачывае рука твая, бо ты ня ведаеш, што ўродзе, адно ці другое, ці абодва аднолькава добрыя.
 
Сей раніцою насеньне тваё і вечарам не давай адпачынку руцэ тваёй, дзеля таго, што ты ня ведаеш, што лепш, або ці абодва аднолькава добрыя.

Салодкая сьвятліня, і добра ачом бачыць сонца.
 
Прыемны сьвет і міла вачом бачыць сонца.

Хай бы людзіна пражыла множасьць год, то няхай усі тыя вяселіцца яна і хай памятуе праз дні цемныя, каторых будзе шмат: усе, што будзе, марнасьць!
 
Калі чалавек пражыве шмат гадоў, дык няхай весяліцца ў працягу іх і хай памятае аб цёмных днёх, якіх будзе шмат. Усё што будзе дарэмнасьць.

Цешся, маладзёне, у маладосьці сваёй, і хай сэрца твае вяселе цябе ў дні маладосьці твае, і хадзі па дарогах сэрца свайго і подле відзеньня аччу сваіх; адно ведай, што за ўсе гэта Бог прывядзець цябе на суд.
 
Дык весяліся юнак у юнацтве тваім і няхай ужывае сэрца тваё радасьці ў днёх юнацтва твайго і хадзі па шляхох сэрца твайго і паводле бачаньня вачэй тваіх. Ведай толькі, што Бог за ўсё гэта пакліча цябе на суд.

Адганяй гнеў ад сэрца свайго і здаляй благое ад цела свайго, бо маленства а маладосьць — марнасьць.