Эклезіяста 8 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
Хто — як мудрэц, і хто ведае зьясьненьне рэчаў? Мудрасьць людзіны робе від ейны сьветлым і гарэзасьць віду ейнага мяняецца.
Мудрасьць чалавека асьвятляе ягонае аблічча і зьмяняе яго суровасьць.
Я раджу: дзяржы расказаньне каралеўскае, ды дзеля прысягі Богу.
Я раджу: — каралеўскі загад выконывай, дзеля прысягі перад Богам.
Не барзьдзі адыходзіць ад віду ягонага, не дзяржыся ўпорліва благое справы, бо ён зробе, што падабае.
Не сьпяшайся адыходзіць ад ягонага аблічча і не трывай у ўпоры. Бо ён можа зрабіць усё, што захоча.
Ідзе слова каралёва, там ўлада, і хто скажа яму: «Што ты робіш?»
Дзе каралеўскае слова, там улада, а хто скажа яму: — што робіш?
Хто дзяржыць расказаньне, не дазнае ніякага ліха; і час і суд знае сэрца мудрага;
Хто пільнуе запаветы, той не дазнае зла: сэрца мудрага знае час і закон;
Бо кажнаму зычаньню ё пара й суд; а ліха чалавечае вялікае на ім,
бо для кожнай рэчы ёсьць свой час і закон, а чалавеку вялікая бяда ад гэтага,
Што ён ня ведае, што будзе; і хто можа сказаць яму, як яно будзе?
што ён ня знае, што будзе, бо хто-ж хоча абвесьціць яму, калі мае нешта стацца.
Ніхто ня мае ўлады над духам, каб удзяржаць дух, і нямаш улады над днём сьмерці, і няма адпуску на вайне, і ня выбаве нягоднасьць нягоднага.
Чалавек ня мае ўлады над духам, каб утрымаць дух і няма ў яго ўлады над днём сьмерці і няма збаўленьня ў гэтым змаганьні і бязбожнага ня выратуе бязбожнасьць.
Усе гэта я бачыў, і зварачаў увагу на кажную дзейнасьць, што дзеецца пад сонцам, на час, калі людзіна мае ўладу над людзіною на шкоду ёй.
Усё гэта я бачыў і скіраваў сваё сэрца на ўсялякую справу пад сонца. Бывае час, калі чалавек пануе над чалавекам, на шкоду яму.
Гэтак я бачыў, што хавалі нягодных, і яны ўвыйшлі, і пахоўнікі вышлі зь месца сьвятога, і іх забыліся ў месьце, што яны гэтак зрабілі. І гэта марнасьць.
Бачыў я тады, што хавалі бязбожных і прыходзілі і адыходзілі ад сьвятога месца і аб іх забываліся ў тым месцы, дзе яны так рабілі. І гэта дарэмнасьць.
Затым, што ня борзда чыняць адправу рассудку над благімі ўчынкамі, сэрца сыноў людзкіх нахінаецца рабіць ліха.
Ня хутка адбываецца суд над благімі справамі; дзеля гэтага не баіцца сэрца сыноў чалавечых рабіць зло.
Дарма што грэшнік сто разоў дзее ліха й далей жывець, я ведаю, адылі, напэўна, што будзе добра тым, каторыя баяцца Бога, каторыя баяцца віду Ягонага;
Хаця грэшнік сто разоў робіць зло і трывае ў ім, але ведаю, што добра будзе тым, хто баіцца Бога, хто баіцца Божага аблічча,
Але ня будзе добра нягодніку, ані доўга пацягнуцца дні, каторыя, як сьцень; бо ён ня мае боязьні перад відам Бога.
а бязбожнаму ня будзе добра і падобна да цені нядоўга ператрывае той, хто не баіцца Божага аблічча.
Ё марнасьць, каторая дзеецца на зямлі: ё справядлівыя, каторых стрэне доля як за ўчынкі нягодных; і ё нягодныя, каторых стрэне доля як за ўчынкі справядлівых. І сказаў я: і гэта марнасьць.
Ёсьць і такая дарэмнасьць на зямлі: справядлівых спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі бязбожных, а бязбожных спатыкае тое, чаго заслуговывалі-б учынкі справядлівых. І сказаў я: — гэта дарэмнасьць.
І пахваліў я радасьць; бо нямаш лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць а весяліцца, бо гэта застанецца зь ім у гарапашнасьці дзён жыцьця ягонага, каторыя даў яму Бог пад сонцам.
І пахваліў я вясельле, бо няма нічога лепшага для чалавека пад сонцам, як есьці, піць і весяліцца, бо адно гэта застаецца яму з ягонай працы ў усе дні ягонага жыцьця, якое даў яму Бог пад сонцам.
Як я зьвярнуў сэрца свае на тое, каб спатачыць мудрасьць і абачыць справы, што дзеюцца на зямлі, ад каторых ані ўдзень, ані ночы ня бача людзіна сну на аччу сваім;
Калі я скіраваў сэрца маё на тое, каб асягнуць мудрасьць і зразумець клопаты, якія бываюць на зямлі і сярод якіх чалавек ні ў дзень, ні ў ночы ня ведае сну, —
І бачыў я ўсялякі ўчынак Божы, то знашоў, што ня можа чалавек спатачыць справы, што дзеецца пад сонцам; хоць людзіна сілуецца вышукаць, не знаходзе, адылі; нават балей: хоць мудрэц спадзяецца пазнаць, ня можа, адылі, спатачыць.
тады я пабачыў усе Божыя справы і знайшоў, што чалавек ня можа зразумець справаў, якія дзеюцца пад сонцам. Колькі-б чалавек не стараўся гэта зразумець, усёроўна гэтага не зразумее; калі-б нават мудрэц сказаў, што ён знае, ён ня можа асягнуць гэтага.