Быццё 42 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Рeraklad V. Hadleuski
І даведаўся Якаў, што ё збожжа ў Ягіпце, і сказаў Якаў сыном сваім: «Чаго вы глядзіце?»
І сказаў: «Вось, я чуў, што ё збожжа ў Ягіпце; зыйдзіце туды і купіце нам стуль, і будзем жыць і не памрэм».
І зышлі дзесяцёх братоў Язэпавых купіць збожжа ў Ягіпту;
А Веняміна, брата Язэпавага, не паслаў Якаў з братамі ягонымі, бо сказаў: «Каб не прылучылася зь ім няшчасьце».
І прышлі сынове Ізраелявы купляць збожжа, сярод іншых прыбылых; бо была галадоў у зямлі Канаанскай.
А Язэп быў найвышшы валадар тае зямлі. Ён прадаваў збожжа ўсяму люду зямлі. І прышлі браты Язэпавы, і білі яму чалом да зямлі.
І абачыў Язэп братоў сваіх, і пазнаў іх; і прыдаўся чужым ім, і гукаў зь імі стродка, і сказаў ім: «Скуль вы прышлі?» І яны сказалі: «Ізь зямлі Канаанскае купіць збожжа».
І пазнаў Язэп братоў сваіх, але яны не пазналі яго.
І ўспомнеў Язэп сны, што ён сьніў празь іх; і сказаў ім: «Узьведнікі вы, абачыць голасьць зямлі прышлі вы».
І сказалі яны яму: «Не, спадару наш; і твае слугі прышлі купіць еміны.
Усі мы сынове аднаго чалавека; пасьцівыя мы. Ня бывалі слугі твае ўзьведнікамі».
Ён сказаў ім: «Не, толькі голасьць зямлі прышлі вы выглядзець».
Яны сказалі: «Двананцацёх слугаў тваіх братоў; мы сынове аднаго чалавека ў зямлі Канаанскай, і вось, малы сядні з айцом нашым, а аднаго няма».
І сказаў ім Язэп: «Гэта самае я й казаў вам, сказаўшы: "Узьведнікі вы".
Гэтым будзеце выпрабаваны: жыў Фараон! вы ня выйдзеце адгэтуль, калі ня прыйдзе сюды малы брат ваш.
Пашліце аднаго з вас, і няхай возьме ён брата вашага; а вы будзеце ўвязьнены. І выпрабуюцца словы вашыя, ці праўда ваша; і калі не, жыў Фараон! узьведнікі вы».
І забраў іх пад нагляд на тры дні.
І сказаў ім Язэп на трэйці дзень: «Гэта зрабіце, і застаніцеся жывы; Бога я баюся.
Калі пасьцівыя вы, няхай адзін із вашых братоў застанецца ўвязьнены ў доме нагляду вашага, а вы йдзіце й адвязіце збожжа дзеля аддаленьня голаду дамоў вашых.
І брата вашага малога прывядзіце да мяне, і спраўдзяцца словы вашыя, і не памрыце». І зрабілі яны так.
І казалі яны кажны брату свайму: «Запраўды мы вінны ўзглядам брата нашага, што мы бачылі бедаваньне душы ягонае, як ён маліў нас, але не паслухалі, і за тое й прышла на нас бяда гэта».
І адказаў Рувін ім, кажучы: «Ці не казаў я вам, кажучы: "Не грашыце супроці дзецяняці", і не паслухалі вы; і во, кроў ягоная спаганяецца».
А яны ня ведалі, што Язэп цяме, бо памеж іх быў перакладнік.
І адвярнуўся ад іх, і плакаў. І зьвярнуўся да іх, і гукаў ізь імі, і ўзяў зь іх Сымона, зьвязаў яго перад ачыма іхнымі.
І загадаў Язэп, і напоўнілі судзіны іхныя збожжам, і зьвярнуць срэбра іхнае кажнаму ў мех ягоны, і даць ім еміны на дарогу. І зрабілі ім гэтак.
Яны паднялі збожжа свае на аслы свае і пайшлі стуль.
І разьвязаў адзін мех свой, каб даць аслу свайму на папасе; і абачыў срэбра свае, і вось, яно ў вадтуліне мяха ягонага.
І сказаў братом сваім: «Срэбла імне зьвярнулі; і яно ў мяху ў мяне». І затрывожылася сэрца іхнае, і яны задрыжэлі, адзін перад адным, кажучы: «Што гэта Бог учыніў нам?»
І прышлі яны да Якава, айца свайго, да зямлі Канаанскае, і паведалі яму ўсе, што прыгадзілася зь імі, кажучы:
«Гукаў тый чалавек, спадар зямлі тае, з намі стродка і меў нас за ўзьведнікаў у тэй зямлі.
І сказалі мы яму: «Пасьцівыя мы, мы ня бывалі ўзьведнікамі;
Нас двананцацёх братоў, сыноў у вайца нашага; аднаго няма, а малы сядні з айцом нашым у зямлі Канаанскай».
І сказаў тый чалавек, спадар зямлі тае: «З гэтага я пазнаю, ці пасьцівыя вы: застаўце ў мяне аднаго брата з вас, а вы збожжа дзеля аддаленьня голаду дамоў вашых вазьміце й пайдзіце;
І прывядзіце да мяне малога брата вашага; і даведаюся, што вы ня ўзьведнікі, але пасьцівыя вы, аддам вам брата вашага, і вы зможаце таргаваць у гэтай зямлі».
І было: як яны паражнілі мяхі свае, і во, у кажнага зьвязак срэбла ягонага ў мяху ягоным. І бачылі яны зьвязкі срэбла свайго, яны і ацец іхны, і баяліся.
І сказаў ім Якаў, айцец іхны: «Вы спабылі мяне дзяцей: Язэпа няма; і Сымона няма; Веняміна ўзяць хочаце, — усе гэта на мяне!»
І сказаў Рувін айцу свайму: «Забі двух маіх сыноў, калі я не прывяду яго да цябе; аддай яго на маю руку, і я зьвярну яго табе».
А ён сказаў: «Ня зыйдзе сын мой з вамі; бо брат ягоны памер, і ён адзінотным застаўся! Калі здарыцца зь ім няшчасьце ў дарозе, у каторую вы пойдзеце, дык зьвядзіце вы сівізну маю із смуткам да шэолю».