Быццё 2 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

І дакончаны нябёсы й зямля і ўсе войска іх.
 

І дакончыў Бог сёмага дня дзела Свае, каторае Ён чыніў, і перастаў тварыць сёмага дня ўсе дзела свае, каторае ўчыніў.
 

І дабраславіў Бог сёмы дзень, і пасьвяціў яго; бо ў гэты перастаў тварыць усе дзела Свае, каторае тварыў Бог, каб чыніць.
 

Вось паходжаньне нябёсаў і зямлі, у стварэньню іх, у дзень, у каторым учыніў СПАДАР Бог зямлю й нябёсы,
 

І ўсялякія палявыя кусты, уперад чымся яны расьлі, і ўсялякую палявую траву, каторая дагэнуль не расла; бо СПАДАР Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і ня было чалавека рабіць зямлю.
 

І пара падыймалася ізь зямлі, і навадняла ўвесь від зямлі.
 

І ўхармаваў СПАДАР Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дых жыцьця, і стаў чалавек душою жывою.
 

І насадзіў СПАДАР Бог сад у Едэне, на ўсходзе, і памясьціў там чалавека, каторага ўхармаваў.
 

І вырасьціў СПАДАР Бог ізь зямлі ўсялякае дзерва, прынаднае на пагляд і добрае на емя, і дзерва жыцьця сярод тога саду, і дзерва веданьня дабра й ліха.
 

І рака выходзіла з Едэну дзеля навадненьня саду; і стуль падзялілася, і былі чатыры галоўныя рэкі.
 

І імя аднае Фісон: яна абцякае ўсю зямлю Гавіла, тую, ідзе золата;
 

І золата тае зямлі добрае; там ёсьць бдалях і камень анікс.
 

І імя другое ракі Ґігон: яна абцякае ўсю зямлю Куш.
 

Імя трэйцяе ракі Гідэкэль: яна цячэць перад Асыраю. І чацьвертая рака Еўфрат.
 

І ўзяў СПАДАР Бог чалавека, і асяліў яго ў садзе Едэнскім, урабляць і сьцерагчы яго.
 

І расказаў СПАДАР Бог чалавеку, кажучы: «З кажнага дзерва ў садзе ты будзеш свабодна есьці;
 

Але зь дзерва веданьня дабра й ліха ня еж ізь яго; бо ў дзень, у каторым ты зьясі зь яго, сьмерцю памрэш».
 

І сказаў СПАДАР Бог: «Нядобра быць чалавеку адзінотнаму; ствару яму памачніка, яму адказуючага».
 

І ўхармаваў СПАДАР Бог ізь зямлі ўсю жывёлу палявую і ўсе птуства нябёснае, і прывёў да чалавека, каб бачыць, як ён назавець іх, і ўсе як назавець чалавек кажную дыхаючую істу, так і было імя ёй.
 

І назваў чалавек імёны ўсяму статку і птуству нябёснаму, і ўсім зьвяром палявым; але чалавеку не знайшлося памачніка, яму адказуючага.
 

І спусьціў Бог на чалавека цьвярды сон, і ён заснуў, і ўзяў адну із скабаў ягоных, і закрыў тое месца целам замест яе.
 

І пабудаваў СПАДАР Бог тую скабу, каторую выняў з чалавека, у жонку, і прывёў яе да чалавека.
 

І сказаў чалавек: «Во, гэтым разам косьць із косьцяў маіх і цела зь цела майго. Затым будзе яна звацца жонкаю, бо з мужа ўзята гэту».
 

Затым пакіне чалавек айца свайго й маці сваю, і прыліпне да жонкі свае, — і будуць целам адным.
 

І былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не сароміліся.