Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Сказаўшы гэта, Ісус вышаў з вучанікамі Сваімі за цурэй Кедрон, ідзе быў сад, да каторага Ён увыйшоў, Ён а вучанікі Ягоныя.
Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў са Сваімі вучнямі на той бок патоку Кедрона, дзе быў сад, у які Ён увайшоў і Яго вучні.
Знаў жа й Юда, што выдаў Яго, гэтае месца, бо Ісус часта зьбіраўся там із вучанікамі Сваімі.
Але ведаў і Юда, што выдаў Яго, гэтае месца, бо часта збірраўся там Ісус са Сваімі вучнямі.
Дык Юда, узяўшы адзьдзел войска а паслугачых ад найвышшых сьвятароў а фарысэяў, прышоў туды зь ліхтарнямі а зь лянпамі а із зброяю.
Дык Юда, узяўшы кагорту, а ад першасвятароў і фарысеяў — служак, прыходзіць туды з ліхтарамі і з паходнямі і са зброяй.
Ісус жа, ведаючы ўсе, што прыходзіла на Яго, вышаўшы, сказаў ім: «Каго шукаеце?»
Ісус жа, ведаючы ўсё, што павінна адбыцца з Ім, выйшаў і кажа ім: «Каго шукаеце?»
Яны адказалі Яму: «Ісуса Назарэцкага». Ісус кажа ім: «Я ёсьць». І таксама Юда, што выдаў Яго, стаяў зь імі.
Адказалі Яму: «Ісуса Назарэя». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». Стаяў жа і Юда, Яго прадажнік, з імі.
І як Ён сказаў ім: «Я ёсьць», яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
Дык калі Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
Тады Ён ізноў папытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Ісуса Назарэцкага».
Тады Ён зноў папытаўся ў іх: «Каго шукаеце?». Яны сказалі: «Ісуса Назарэя».
Адказаў Ісус: «Я сказаў вам, што Я гэта. Дык, калі Мяне шукаеце, дазвольце гэтым адыйсьці»,
Адказаў Ісус: «Я сказаў вам, што гэта Я. Дык калі Мяне шукаеце, пакіньце гэтых, хай ідуць», —
Каб споўнілася слова, што Ён сказаў: «З тых, каторых Ты даў Імне. Я ня згубіў ні воднага зь іх».
каб спраўдзілася слова, Ён сказаў: «З тых, каго Ты аддаў Мне, Я не страціў нікога».
Сымон жа Пётра, маючы меч, агаліў яго, і выцяў нявольніка найвышшага сьвятара, і адцяў яму правае вуха; было ж імя нявольніка Малх.
Сіман жа Пятро, у якога быў меч, выхапіў яго і ўдарыў першасвятаровага раба і адсек яму правае вуха; было ж імя рабу Малх.
Ісус жа сказаў Пётру: «Укладзі меч у похву. Чару, што даў Імне Айцец, нягож Я ня буду піці яе?»
Сказаў тады Ісус Пятру: «Пакладзі меч у похву. Чару, што даў Мне Бацька, няўжо я не буду піць яе?»
Дык аддзел а тысячнік а паслугачыя юдэйскія ўзялі Ісуса й зьвязалі Яго.
І вось кагорта і тысяцкі і служкі іудзейскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
І завялі Яго сьпярша да Ганны, бо ён быў цесьць Каяпы, што быў найвышшым сьвятаром таго году.
і адвялі Яго спярша да Анны; бо ён быў цесць Каіафы, які быў на той год першасвятаром.
Быў жа Каяпа тый, каторы парадзіў Юдэям, што валей аднаму загінуць за люд.
Гэта ж быў той Каіафа, хто даў параду іудзеям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.
Ішоў жа за Ісусам Сымон Пётра і другі вучанік. Вучанік жа тый быў знаны найвышшаму сьвятару і ўвыйшоў разам ізь Ісусам на панадворак найвышшага сьвятара;
А ішоў услед за Ісусам Сіман Пятро і другі вучань. Вучань жа той быў знаёмы першасвятару, і ён увайшоў разам з Ісусам у двор першасвятара,
А Пётра стаяў ля дзьвярэй знадворку. Вышаў тады тый вучанік, другі, знаны найвышшаму сьвятару, і сказаў брамніцы, і ўвёў Пётру.
а Пятро стаяў за дзвярыма знадворку. Выйшаў тады той вучань, другі, знаёмы першасвятару, і сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
Кажа тады Пётру паслугачая брамніца: «Ці й ты ня з вучанікаў Гэтага Чалавека?» Ён кажа: «Я не».
Кажа тады Пятру служка-брамніца: «І ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека?» Кажа ён: «Не!»
Прымеж тога нявольнікі а паслугачыя, расклаўшы цяпло з вугальля, — бо было сьцюдзена, — грэліся; і Пётра стаяў зь імі й грэўся.
І стаялі рабы і служкі, яны расклалі вуголле, бо было холадна, і грэліся. А з імі стаяў і Пятро і грэўся.
Тады найвышшы сьвятар пытаўся ў Ісуса праз вучанікаў Ягоных а праз навуку Ягоную.
Першасвятар жа запытаўся ў Ісуса пра Яго вучняў і пра Яго навуку.
Адказаў яму Ісус: «Я гукаў яўна сьвету; Я заўсёды вучыў у бажніцы а ў сьвятыні, ідзе ўсі Юдэі зьбіраюцца, і тойма не казаў нічога.
Адказаў яму Ісус: «Я ўсё адкрыта сказаў свету; Я заўсёды вучыў у сінагогах і ў Святыні, дзе ўсе іудзеі збіраюцца, і патаемна не гаварыў нічога.
Чаму ты пытаешся ў мяне? пытайся ў тых, каторыя чулі, што я казаў ім; яны ведаюць, што казаў Я».
Што ты ў Мяне пытаешся? Запытайся ў тых, хто чуў, што Я гаварыў ім; вось яны ведаюць, што сказаў Я».
Як жа Ён сказаў гэта, адзін із паслугачых, што стаяў блізка, выцяў Ісуса, кажучы: «Гэтак адказуеш Ты найвышшаму сьвятару?»
Калі ж Ён сказаў гэта, адзін Са служак, што стаяў паблізу, ударыў Ісуса ў твар і сказаў: «Гэтак ты адказваеш першасвятару?»
Адказаў яму Ісус: «Калі Я блага сказаў, сьветч праз благое; а калі добра, чаму ты Мяне б’еш?»
Адказаў яму Ісус: «Калі Я кепска сказаў, дакажы, што кепска. Калі добра, чаго ты мяне б’еш?»
Тады Ганна паслаў Яго зьвязанага да Каяпы, найвышшага сьвятара.
Тады паслаў Яго Анна, звязанага, да першасвятара Каіафы.
Сымон жа Пётра стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: «Ці й ты ня з вучанікаў Ягоных?» Ён заперачыў і сказаў: «Я не».
А Сіман Пятро ўсё стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?». Ён адрокся і сказаў: «Не!»
Адзін ізь нявольнікаў найвышшага сьвятара, сваяк таго, катораму Пётра адцяў вуха, кажа: «Ці ня бачыў я цябе ў садзе зь Ім?»
Кажа адзін з рабоў першасвятара, сваяк таго, каму Пятро адсек вуха: «Ці не цябе я бачыў у садзе з Ім?»
Тады Пётра ізноў заперачыў, і якга певень запяяў.
Тады зноў адрокся Пятро, і адразу ж праспяваў певень.
І вялі Ісуса ад Каяпы да ратушы, а гэта было рана нараніцы. І ня ўвыйшлі да ратушы, каб ня сплюгавіцца, і каб маглі есьці пасху.
І вось вядуць Ісуса ад Каіафы ў прэторыю. Была раніца, і самі яны Не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, ды есці пасху.
Тады Пілат вышаў да іх вонкі і сказаў: «Што за жалабу маеце вы на Гэтага Чалавека?»
Выйшаў да іх Пілат надвор і кажа: «Якое абвінавачванне выстаўляеце вы супраць гэтага чалавека?»
Адказалі яны й сказалі яму: «Калі б Ён не рабіў ліха, мы ня выдалі б табе Яго».
Адказалі яны і сказалі яму: «Каб Ён не рабіў благога, мы не выдалі б Яго табе».
Тады сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго й судзіце Яго подле Права свайго». Юдэі ж адказалі яму: «Нам нікога не дазволена караць сьмерцяй»;
Сказаў ім тады Пілат: «Вазьміце Яго вы і паводле вашага закону судзіце Яго». Сказалі яму іудзеі: «Нам нікога не дазваляецца караць смерцю»;
Каб споўнілася слова Ісусава, каторае Ён сказаў, зазначаючы, якою сьмерцяй Ён мае памерці.
каб спраўдзілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю павінен Ён паміраць.
Тады Пілат увыйшоў ізноў у ратушу, і пагукаў Ісуса, і сказаў Яму: «Ці Ты Кароль Юдэйскі?»
Тады Пілат увайшоў зноў у прэторыю і паклікаў Ісуса і сказаў Яму: «Ці Ты — Цар іудзейскі?»
Ісус адказаў: «Ад сябе ты гэта кажаш, ці іншыя сказалі гэта табе празь Мяне?»
Адказаў Ісус: «Ад сябе ты гэта гаворыш, альбо іншыя сказалі табе пра Мяне?»
Пілат адказаў: «Альбо я Юдэй? Народ Твой і найвышшыя сьвятары выдалі Цябе імне. Што Ты зрабіў?»
Адказаў Пілат: «Хіба я — іудзей? Народ твой і першасвятары выдалі Цябе мне. Што ты ўчыніў?»
Ісус адказаў: «Гаспадарства Мае ня з гэтага сьвету; калі б гаспадарства Мае было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б, каб Я ня быў выданы Юдэям; цяпер жа гаспадарства Мае не адгэтуль».
Адказаў Ісус: «Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было Маё Царства, Мае служкі змагаліся б за тое, каб Я не быў выдадзены іудзеям. Цяпер жа Маё Царства не адсюль».
І сказаў Яму Пілат: «Дык Ты Кароль?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я Кароль. Я радзіўся дзеля гэтага і дзеля гэтага прышоў на сьвет, каб сьветчыць праз праўду. Кажны, хто з праўды, слухае голасу Майго».
Сказаў тады Яму Пілат: «Значыцца, Ты — усё ж такі Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, чуе Мой голас».
Пілат кажа Яму: «Што ё праўда?» І, сказаўшы гэта, ён ізноў вышаў да Юдэяў, і кажа ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
Кажа Яму Пілат: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, ён зноў выйшаў да іудзеяў і кажа ім: «Я ніякай не знаходжу ў Ім віны.
Ёсьць жа звычай у вас, каб я аднаго выпушчаў вам на Пасху. Дык, хочаце, каб я выпусьціў вам Караля Юдэйскага?»
Ёсць жа звычай у вас, каб я аднаго адпускаў вам на Пасху. Дык хочаце, каб я адпусціў вам Цара Іудзейскага?»
Тады закрычэлі яны ўсі, кажучы: «Ня гэтага, але Вараўву!» Быў жа Вараўва разбойнік.
Тады закрычалі яны зноў, кажучы: «Не гэтага, але Вараву!» Быў жа Варава разбойнік.