Яна 3 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Быў жа чалавек із фарысэяў, імя ягонае Мікадым, старац юдэйскі.
 
А быў адзін чалавек з фарысеяў, імя яму Мікодым, начальнік іудзейскі.

Ён прышоў да Ісуса ночы й сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты вучыцель, прышлы ад Бога, бо ніхто ня можа чыніць такіх знакоў, якія Ты чыніш, калі ня будзе Бога зь ім».
 
Гэты прыйшоў да Яго ўночы і сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як Настаўнік, бо ніхто не можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі Бог не з ім».

Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа бачыць гаспадарства Божага».
 
У адказ Ісус сказаў яму: «Папраўдзе, папраўдзе кажу Я табе: Калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Царства».

Мікадым кажа Яму: «Як можа людзіна нарадзіцца, будучы стары? нягож можа ён другі раз увыйсьці ў вулоньне маці свае, каб нарадзіцца?»
 
Кажа Яму Мікодым: «Як можа нарадзіцца чалавек, будучы старым? Хіба можа ён другі раз увайсці ў лона свае маці і нарадзіцца?»

Ісус адказаў: «Запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады й Духа, ня можа ўвыйсьці ў гаспадарства Божае.
 
Адказаў Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу Я табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Царства.

Народжаныя зь цела ё цела; а народжаныя з Духа ё дух.
 
Што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.

Ня дзівуйся, што Я сказаў Табе: "Маеце нарадзіцца нанава".
 
Не здзіўляйся таму, што сказаў Я табе: трэба вам нарадзіцца нанова.

Вецер вее, ідзе хоча, і гук яго чуеш, але ня ведаеш, скуль прыходзе й куды йдзець. Гэтак кажны, народжаны з Духа».
 
Дух, дзе хоча, вее, і яго голас чуеш, але не ведаеш, адкуль ён прыходзіць і куды адыходзіць; так бывае з кожным, хто нарадзіўся ад Духа».

Мікадым адказаў і сказаў Яму: «Як гэта можа быць?»
 
У адказ Мікодым сказаў Яму: «Як гэта можа быць?»

Ісус адказаў і сказаў яму: «Ты вучыцель Ізраеляў і ня ведаеш гэтага?
 
У адказ Ісус сказаў яму: «Ты — ізраільскі настаўнік і гэтага не ведаеш?

Запраўды, запраўды кажу табе: мы кажам тое, што ведаем, і сьветчым праз тое, што бачылі, але вы сьветчаньня нашага ня прыймаеце.
 
Папраўдзе, папраўдзе кажу Я табе: Што мы ведаем, пра тое гаворым, і, што бачылі, пра тое сведчым, а нашага сведчання вы не прымаеце.

Калі Я сказаў вам земнае, і вы ня верыце; як паверыце, калі скажу вам нябёснае?
 
Калі Я пра зямное сказаў і вы не верыце, як паверыце вы, калі Я скажу вам пра нябеснае?

І ніхто ня ўзышоў на неба, адно хто зышоў зь неба, Сын Людзкі, Каторы ёсьць у небе.
 
І ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Той, Хто з неба зышоў, — Чалавечы Сын, [што ў небе].

І як Масей узьняў гада на пустыні, так мае Сын Людзкі быць узьняты,
 
І, як Майсей узняў змяю ў пустэльні, так павінен быць узняты Чалавечы Сын,

Каб кажны, што ўвера ў Яго, меў жыцьцё вечнае.
 
каб кожны, хто веруе ў Яго, меў вечнае жыццё.

Бо так умілаваў Бог сьвет, што Сына Свайго адзінароднага Ён аддаў, каб кажны, хто вера ў Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
 
Бо так Бог палюбіў свет, што даў Свайго Адзінароднага Сына, каб кожны, хто веруе ў Яго, не згінуў, але меў вечнае жыццё.

Бо не паслаў Бог Сына Свайго на сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет спасёны быў перазь Яго.
 
Бо не паслаў Бог Сына ў свет, каб Ён судзіў свет, але каб свет праз Яго ўратаваўся.

Хто вера ў Яго, ня будзе суджаны; а хто ня вера, ужо засуджаны, бо ня ўверыў у імя адзінароднага Сына Божага.
 
Хто веруе ў Яго, не будзе асуджаны; хто ж не веруе, ужо асуджаны, што не ўвераваў у імя Адзінароднага Божага Сына.

«Гэта ж ё суд, што сьвятлінл прышла на сьвет, але людзі ўмілавалі цямноту балей за сьвятліню; бо ўчынкі іхныя былі благія.
 
А гэта ёсць суд, што святло прыйшло ў свет, а людзі палюбілі больш цемру, чым святло, бо ліхія былі іх учынкі.

Бо кажны, што робе ліха, ненавідзе сьвятліні і ня йдзець да сьвятліні, каб ня былі ганены ўчынкі ягоныя.
 
Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выкрылі яго ўчынкаў.

Але хто чыне праўду, ідзець да сьвятліні, каб учынкі ягоныя выявіліся, што ў Богу ўчынены яны».
 
А хто робіць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся яго ўчынкі, бо яны ў Бозе зроблены».

Просьле гэтага прышоў Ісус а вучанікі Ягоныя да зямлі Юдэйскае, і там Ён жыў зь імі, і хрысьціў.
 
Пасля гэтага прыйшоў Ісус і Яго вучні ў Іудзейскую зямлю, і там Ён жыў з імі і хрысціў.

А Яан тамака хрысьціў у Еноне, ля Саліму, бо там было шмат вады; і яны прыходзілі, і хрысьціліся.
 
Хрысціў і Іаан у Ёноне паблізу Саліма, бо шмат вады было там і прыходзілі і хрысціліся;

Бо Яан ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.
 
бо яшчэ не быў кінуты ў цямніцу Іаан.

І ўзьнікла сьпярэчка памеж вучанікаў Яанавых і Юдэяў праз ачышчэньне.
 
Тады ўсчалася спрэчка ў Іаанавых вучняў з іудзеямі пра ачышчэнне.

І прышлі да Яана, і сказалі яму: «Раббі, Тый, што быў із табою за Ёрданом, праз Каторага ты сьветчыў, гля, Ён хрысьце, і ўсі прыходзяць да Яго».
 
І прыйшлі яны да Іагана і сказалі яму: «Раббі, Той, Хто быў з табою на тым баку Іярдана, пра Каго ты засведчыў, вось Ён хрысціць, і ўсё ідуць да Яго».

Яан, адказуючы, сказаў: «Ня можа людзіна, ўзяць нічога, калі ня дана ёй ізь неба.
 
У адказ Іаан сказаў: «Не можа нічога прыняць чалавек, калі яму з неба не дасца.

Вы самы Імне пасьветчыце, што Я сказаў: "Я ня Хрыстос, але што Я пасланы перад Ім".
 
Вы самі пра мяне сведчыце, што я сказаў: «Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім».

Хто мае княгіню маладую, тый князь малады; а прыяцель князеў, што стаіць і слухае яго, вельма цешыцца з голасу князявага. Дык радасьць мая споўнілася.
 
Хто мае заручаную, той малады; а дружко маладога, што стаіць і слухае яго, радасцю радуецца голасу маладога. Гэта мая радасць спраўдзілася.

Ён мае расьці, а я меншаць.
 
Яму належыць расці, а мне ж — змяншацца.

Хто прыходзе з вышы, Тый над усімі. Хто паходзе ізь зямлі, ё земны, і гукае, як земны. Хто прыходзе зь неба, ё над усімі.
 
Хто звыш прыходзіць, вышэйшы за ўсіх; хто паходзіць з зямліі, — зямны і ад зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, — [вышэйшы за ўсіх],

Што Ён бачыў а чуў, праз тое сьветча; і ніхто ня прыймае сьветчаньня Ягонага.
 
што Ён бачыў і чуў, пра тое сведчыць, ды Яго сведчання ніхто не прымае.

Хто прыняў сьветчаньне Ягонае, тый прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
 
Хто прыняў Яго сведчанне, той сцвердзіў, што Бог праўдзівы.

Бо тый, каго паслаў Бог, кажа словы Божыя; бо ня мераю даець Бог Духа.
 
Бо Той, Каго паслаў Бог, Божыя словы гаворыць, бо не паводле меркі дае Бог Духа.

Айцец мілуе Сына і ўсе даў у руку Ягоную.
 
Бацька любіць Сына, і даў усё ў Яго руку.

Хто вера ў Сына, мае жыцьцё вечнае; але хто ня вера ў Сына, не абача жыцьця, але гнеў Божы перабывае на ім».
 
Хто веруе ў Сына, той мае вечнае жыццё, а хто не слухаецца Яго, той жыцця не ўбачыць, а Божы гнеў на ім астаецца».